19 красавiка 2024, Пятніца, 10:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Доза апрамянення ў 1000 разоў перавышала смяротную»: новыя падрабязнасці выбуху ў Северадзвінску

28
«Доза апрамянення ў 1000 разоў перавышала смяротную»: новыя падрабязнасці выбуху ў Северадзвінску

У Сеціве з'явілася фота эпікрызу пацярпелага вайсковага вадалаза.

Найбольш пацярпелы ад апраменьвання пад расейскім Северадзвінскам пацыент атрымаў радыяцыйнае заражэнне, якое тысячаразова перавысіла смяротна небяспечную дозу. Пра гэта Newsader даведаўся ад ананімнай крыніцы ў медыцынскіх колах, знаёмай з абставінамі здарэння. Ад яе выданне атрымала фатаграфіі выпіскі з гісторыі хваробы гэтага чалавека. Гаворка ідзе пра вайсковага вадалаза, што служыў паводле кантракта. Паводле звестак інфарматара, ён быў адным з тых двух людзей, якія загінулі ў хуткім часе пасля таго, як 8 жніўня былі дастаўленыя з вайсковага палігона ў Архангельскую абласную клініку.

З эпікрызу вынікае, што мужчына, чые асабістыя звесткі нас папрасілі схаваць з павагі да таямніцы асабістага жыцця, атрымаў траўмы ніжніх канечнасцяў. Відавочна, менавіта гэтая частка цела мацней за ўсё пацярпела пры выбуху. «Згодна з гэтай выпіскай, пацярпелы атрымаў усю неабходную дапамогу на этапе эвакуацыі, гэта значыць ён не памёр бы ад траўмаў. Але далей яго забралі калегі з вайсковага ведамства», - заявіла крыніца, дадаўшы, што «аналізы пацыента ў дакуменце ўказваюць на рэзкі запаленчы працэс». «Дынаміка гэтых паказчыкаў, на жаль, знішчаная», - растлумачыў ён.

Са слоў інфарматара, непасрэднай прычынай гібелі пацыента стаў несумяшчальны з жыццём аб'ём радыеактыўнага апраменьвання. Гэтыя звесткі не пазначаны ў выпіскі: яны сталі вядомыя крыніцы ад дазіметрыста Міністэрства абароны, які прыбыў у медычную ўстанову а 19:00 - прыкладна праз дзве гадзіны пасля прыбыцця туды саміх пацыентаў. Спецыяліст, які зрабіў неабходныя замеры агучыў наступную інфармацыю: адзін з пацярпелых атрымаў дозу ў 9 тысяч грэй, другі - 22 тысячы грэй, трэці - 30 тысяч грэй. «Ён сказаў, што доза вышэй за смяротную ў 1000 разоў», - заявіла крыніца са спасылкай на дазіметрыста.

Пацыенты, інфармуе крыніца, заставаліся без належнай медычнай дапамогі не менш за тры гадзіны, а звесткі пра тое, што пацярпелыя былі заражаныя радыяцыяй, вайскоўцы паведамілі ўжо пасля таго, як параненыя нейкі час правялі ў медыцынскім «стацыянары». Між тым, паказвае крыніца, прадстаўнікі Міністэрства абароны валодалі адпаведнай інфармацыяй з самага пачатку.

Інфарматар назваў адсканаваныя старонкі дакумента «адзінымі доказамі» факту знаходжання радыеактыўных пацыентаў у рэгіянальнай бальніцы. Астатнія звязаныя са здарэннем медыцынскія запісы, з ягоных слоў, былі канфіскаваныя расейскімі спэцслужбамі.

«Яны (старонкі эпікрыз - заўв.) захаваліся выпадкова і не былі знішчаныя «органамі». Гэты чалавек атрымаў самае моцнае апрамяненне з траіх, і ўжо, па-мойму, памёр. Гэты дакумент я падаю для доказу наяўнасці радыяцыйнай пагрозы насельніцтву падчас праведзеных выпрабаванняў у Нёнаксе, якое адмаўляецца вайскоўцамі і абласной уладай», - гаворыцца ў паведамленні, адпраўленым выданню.

З ягоных звестак, у медычнай установе павінны былі захавацца «прашытыя» журналы водпуску наркатычных прэпаратаў з указаннем адпаведных дат і часу. «Ні адна медсястра ні пад якой пагрозай не аддасць яго на разарванне «таварышам» (спецслужбаў - заўв.), бо гэта стоадсоткавая турма», - адзначыла крыніца.

У бальніцы, сказаў ён, ўстаноўлена мноства відэакамер, аднак яму невядома, што адбылося з відэазапісамі.

Крыніца звярнула ўвагу на наяўнасць у той дзень іншых пацыентаў клінікі, якіх, з яго слоў, расейскія спецслужбы «не ўлічылі». Любы з іх, сказаў ён, мог бы стаць «сведкам падзей» і мае права цяпер патрабаваць тлумачэнняў. Інфарматар паказаў, што «стацыянар у хірургічным корпусе складае шэсць лячэбных паверхаў па 50-60 пацыентаў», кожнага з якіх магла закрануць радыеактыўная пагроза. «Простых хворых ніхто не эвакуіраваў, толькі скасавалі планавыя аперацыі на пятніцу і панядзелак. А тэрміновыя аперацыі ішлі як заўсёды», - гаворыцца ў лісце інфарматара.

Значная частка медыцынскага персаналу таксама была за межамі аперацыі па засакрэчанай падзей. «У пратаколе аперацыі апісаная праца хірурга, але там прысутнічаюць і праца аперацыйнай сястры, і брыгады анестэзіёлагаў», - піша крыніца.

Разам з эпікрызам ён даслаў фатаграфіі, на якіх, як сцвярджаецца, выяўленыя тры мяшкі з адзеннем радыеактыўных хворых: рэчы ляжаць на насілках у двары бальніцы.

Ад вайскоўцаў інфарматар даведаўся, што гэтыя прадметы пасля былі спаленыя. Іншая крыніца, якая спецыялізуецца ў галіне ядзернай фізікі, распавяла пра тое, што такі спосаб знішчэння радыеактыўных прадметаў толькі пагаршае радыяцыйную абстаноўку.

Паводле звестак крыніцы, усіх траіх апрамененых пацыентаў пасля адправілі ў маскоўскі Дзяржаўны медычны цэнтр імя А.І. Бурназяна. Двое з іх, як ужо паведамлялася, загінулі падчас транспартавання. Трэці - найменш пацярпелы ад радыяцыі - 12 жніўня праз тэлефон звязаўся з роднымі, распавёў інфарматар.

«Пацыенты радыеактыўныя»

Напярэдадні ў гутарцы з журналістамі прадстаўніца кіраўніцтва Архангельскай абласной бальніцы заявіла, што галоўны лекар клінікі забараніў выдаваць інфармацыю пра падзеі, якія адбыліся ў медычнай установе 8 жніўня.

11 жніўня выданне Newsader са спасылкай на ананімную крыніцу расказвала пра тое, што работнікі санітарнай авіяцыі, якія ўдзельнічалі ў транспартаванні з Северадзвінскам, не былі азнаёмлены з небяспекай радыяцыйнага заражэння. Аналагічным чынам вайскоўцы пакінулі ў няведанні персанал архангельскай бальніцы. З гэтай прычыны мясцовыя лекары не ажыццявілі супрацьрадыеактыўнае абеззаражанне, названае «дэзактывацыя», і праводзілі працэдуры без належных сродкаў абароны ад апраменьвання. Паводле звестак выдання, нейрахірургі, траўматолагі і рэаніматолагі абласной бальніцы былі выкліканыя ў Федэральную службу бяспекі, дзе іх вымусілі падпісаць дакумент аб невыдаванні звестак пра інцыдэнт.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках