29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхарка Полацкага раёна адкрыла «радовішча» баравікоў-волатаў

1
Жыхарка Полацкага раёна адкрыла «радовішча» баравікоў-волатаў

Кожны грыб - на два-тры кілаграмы.

Бібліятэкарка з вёскі Заазер'е Полацкага раёна Людміла Пашкевіч пяты год запар знаходзіць на адным і тым жа (!) месцы баравікі уражлівых памераў. Жанчына тры разы перамагала з імі на конкурсах у грыбным чэмпіянаце ў Полацку. Людмілу ў вёсцы ўжо празвалі грыбной «феяй» або «вядзьмаркай». Tut.by пацікавіўся, як у яе атрымліваецца «прыварожваць» пад адну і тую ж ліпу такія моцныя і велізарныя баравікі?

- Нават не ведаю, як так атрымліваецца, - смяецца Людміла Пашкевіч, заўзятая грыбніца. - Пяць гадоў таму я ішла на працу - і ўбачыла «свой» першы баравік. Ён як чакаў мяне, сядзеў у траве каля Заазерскага сельскага Дома культуры. І быў пад два кілаграмы! З той пары, як гэта ні смешна, кожны год у жніўні-верасні, на адным і тым жа месцы - на рагу каля Дома культуры, прама пасярод вёскі, я знаходжу вялікія баравікі. Пад адной і той жа ліпай, толькі з розных яе бакоў. Я назвала гэта радовішча грыбоў «сваёй» тэрыторыяй, а калегі жартуюць: «Грыбная фея!».

Людміла распавядае, што знаходзіць баравікі у розных стадыях росту. У адзін год грыб ужо вялікі, а ў другі - яшчэ маленькі.

- Хаджу і гадую тады іх.

- Гэта як?

- Размаўляю з грыбам. Пытаюся: «Ты ж будзеш расці? Расці!». Імкнуся захаваць, хаваю ад лішніх вачэй.

Практычна ўсе свае з любоўю выгадаваныя баравікі сельская бібліятэкарка вазіла на грыбны чэмпіянат у Полацк - там штогод праходзіць конкурс на самы вялікі экзэмпляр.

Самы першы баравік, ураджаю 2015 года, стаў сенсацыяй на чэмпіянаце. Ён пацягнуў на вагах на 1 кг 952 г - і яго назвалі самым вялікім грыбам за ўсю гісторыю спаборніцтваў. Баравік быў чыстым і моцным, і, вярнуўшыся дадому з чэмпіянату, Людміла прыгатавала яго для сям'і.

А летась яе баравік вагой больш за 3 кг, з памерам з капялюші 47 см, наогул зрабіў на спаборніцтвах фурор!

У 2016 годзе «грыбная фея» зразала ў сваім запаветным мястэчку нават не адзін, а цэлых тры баравікі. Разам яны пацягнулі амаль на 4 кг.

А вось баравік гэтага года падкачаў - вырас ранавата: знайшла яго Людміла 12 жніўня. «Гадавала» цэлы тыдзень - у грыба ўжо быў капялюшык дыяметрам 20 см. Але, на жаль, не лёс:

- Баравіка сёлета ўжо, на жаль, няма: ён ператварыўся ў пацяруху. Хоць я яго пыталася: «І куды ты так спяшаешся?». У любым выпадку ён не дажыў бы да грыбнога чэмпіянату, які пройдзе 15 верасня. Цэлы месяц, вядома, ні адзін грыб расці не можа.

Але «грыбная фея» спадзяецца, што да конкурсу пад ліпай вырасце яшчэ адзін.

Вакол будынка сельскага Дома культуры парк, і там таксама растуць грыбы - але звычайных памераў. А вось баравікі-волаты чамусьці аблюбавалі менавіта адно і тое ж месца.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках