28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі зафіксаванае падзенне раздробнага тавараабароту

21
У Беларусі зафіксаванае падзенне раздробнага тавараабароту
ФОТА: CHARTER97.ORG

У насельніцтва няма грошай?

Упершыню за шмат месяцаў індэкс раздробнага продажу апусціўся ніжэй за нулявую адзнаку. Banki24.by высвятляў, як, дзе і чаму гэта адбылося і што будзе ў перспектыве. Паводле ацэнкі Белстата за студзень-ліпень 2019 года раздробны тавараабарот павялічыўся на 5,2% да 27,7 млрд BYN.

У ліпені 2019-га продажы ў рытэйла выраслі на 4,1%. Дзе ж тады адбылася прасадка? Па-першае, сам па сабе рост тавараабароту на 4,1% - мінімальнае значэнне за перыяд з чэрвеня 2017 года.

Па-другое, афіцыйная статыстыка ў аператыўным рэжыме дае рэгіянальны зрэз звестак. І вось там выяўляецца непрыемны для ўладаў факт - скарачэнне раздробных продажаў у ліпені 2019 года. Горш за ўсіх сябе паказала Віцебская вобласць. За 7 месяцаў 2019 года раздробны тавараабарот на Віцебшчыне вырас на 3%.

Для параўнання: у шчаснай Менскай вобласці за гэты ж час тавараабарот павялічыўся на 9%. За ліпень 2019-га раздробны продаж у Віцебскай вобласці скараціўся на 1,8%. Гэта першае падзенне тавараабароту ў памесячнай дынаміцы з лютага 2017 года. Звестак у разрэзе харчовых і нехарчовых тавараў пакуль няма.

Аднак амаль напэўна ў ліпені-2019 на Віцебшчыне ўпалі продажы харчавання. За другі квартал 2019 года прырост тавараабароту харчовых тавараў у Віцебскай вобласці склаў толькі 0,7%.

Асобна за чэрвень-2019 індэкс продажу на Віцебшчыне стаў наогул нулявым. За той месяц насельніцтву ў рэальным выразе прадалі роўна столькі тавараў, колькі летась.

Што ж стала прычынай несуцяшальных вынікаў?

Адзін з асноўных фактараў - маленькі заробак у раёнах Віцебшчыны. Паводле апошніх разлікаў уладаў менавіта ў Віцебскай вобласці самы нізкі медыянны заробак у краіне. Шаркаўшчынскі раён заслупаваў за сабой аўтсайдарскае месца ў маштабах усёй Беларусі. Таксама немалаважны адток працаздольнага насельніцтва з рэгіёнаў. Віцебская вобласць мяжуе адразу з 3 дзяржавамі - Літвой, Латвіяй і Расеяй. Ва ўсіх суседзяў Віцебшчыны вышэйшы сярэдні ўзровень заробкаў. Нярэдка і тавары па месцы працы працоўных мігрантаў таннейшыя, чым у нас.

Таму гастарбайтэры цягнуць у сям'ю даступны па цане імпарт і не закупляюцца ў Беларусі. Віцебская вобласць – найбольш вымірае ў Беларусі. На поўначы асабліва шмат пустуючых вёсак.

Як вядома, сельская мясцовасць - гэта непадзельная вотчына спажыўкааперацыі. Чым менш жыхароў у вёсках і аграгарадках, тым меншыя тэмпы тавараабароту.

Ці распаўсюджваецца негатыў на іншыя рэгіёны Беларусі?

Так, такія працэсы ўжо ідуць. Ужо зараз больш чым у 20 раёнах краіны раздробны таваразварот падае да 2018 года. У спіс уваходзяць тэрыторыі з розных абласцей. Наступны кандыдат на абнуленне тэмпаў тавараабароту - Гомельская вобласць.

На Гомельшчыне ў першым квартале продажы харчавання выраслі толькі на 1%, у другім - на 0,4%. Напружаная сітуацыя складваецца ў Ельскім, Добрушскім, Лоеўскім, Хойніцкім і Брагінскім раёнах. У ліпені тавараабарот у цэлым па Гомельскай вобласці падняўся ўсяго на 1%. Прычым запаволенне продажу адбылося нават на фоне базы параўнання па 2018 годзе. Агулам, па 2019 годзе можна канстатаваць дэградацыю спажывецкага попыту на ўсё большай колькасці тэрыторый Беларусі. Калі ўрад ці мясцовыя ўлады не ўлезуць у сітуацыю рукамі, распаўзанне адмоўных тэндэнцый па краіне працягнецца.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках