16 красавiка 2024, aўторак, 14:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аршанскія ўлады не пускаюць беларускую мову ў транспарт

26
Аршанскія ўлады не пускаюць беларускую мову ў транспарт
Фота: vorshe.by

Беларускую мову з гарадскога транспарту ў Воршы прыбралі сем гадоў таму.

Жыхары Воршы патрабуюць вярнуць беларускую мову ў грамадскі транспарт. За тое, каб у аўтобусах аб'яўленне прыпынкаў гучала на роднай мове, ужо падпісалася больш за 300 жыхароў. Беларускую мову прыбралі з транспарту сем гадоў таму. З тых часоў чыноўнікі адфутбольваюць усе звароты за яе вяртанне. Што ж перашкаджае аб'яўляць прыпынкі і пісаць расклад руху транспарту па-беларуску і якім бокам да аршанскіх аўтобусаў «саюзная дзяржава з Расеяй»? Пра гэта ў матэрыяле «Еўрарадыё».

«Беларуская мова выцесненая з усіх сфер жыцця»

У петыцыі аршанцаў гаворыцца, што сустрэчы з чыноўнікамі з нагоды беларускай мовы выніку не даюць.

«Грамадскі транспарт Воршы ўжо некалькі гадоў выкарыстоўвае расейскую мову ў сваёй працы, - гаворыцца ў петыцыі. - Калі ў іншых гарадах Беларусі прыпынкі аб'яўляюцца і падпісваюцца на беларускай мове, у Воршы гэтага няма. Сустрэчы з кіраўніцтвам аўтапарка і звароты туды не далі выніку [. ..] Родная беларуская мова выцесненая з усіх сфер жыцця Воршы і Аршанскага раёна».

Мясцовыя і абласныя чыноўнікі на ўсе звароты вярнуць беларускую мову ў транспарт спасылаліся на дзве дзяржаўныя мовы. І закрывалі пытанне.

«У апошнія гады ў Воршы вельмі часта былі старшыні райвыканкамаў не з мясцовых, - кажа старшыня Таварыства беларускай мовы ў Воршы Юры Нагорны. - Звароты да чыноўнікаў, да кіраўніцтва аўтапарка былі пастаянныя. Спачатку райвыканкам, потым аўтапарк. І так па коле. Адказвалі, маўляў, дзве дзяржаўныя мовы, блізка Расея...»

Каб не перакладаць расейскамоўныя аб'явы, мясцовыя і абласныя чыноўнікі спачатку спасылаліся на тое, што... няма спецыяліста, які зробіць гэтую працу. Потым знайшлася новая прычына - звароты мясцовых жыхароў, якія нібыта выступілі супраць роднай мовы ў аўтобусах.

«Мы казалі чыноўнікам, што перакладзём самі і знойдзем настаўнікаў з добрай дыкцыяй, - распавядае кіраўнік Аршанскага ТБМ. - Але потым быццам хтосьці лісты пісаў за захаванне расейскай мовы. Ведаеце, як гэта робіцца? Ідэалагічны аддзел дае заданне: знайсці пяць, дзесяць чалавек з Рады ветэранаў або іншых прыўладных партыі, якія падпішуць. І гатова».

«На беларускую мову было шмат скаргаў»

У Аршанскім райвыканкаме журналістам расказалі, што ведаюць пра петыцыі і разгледзяць яе, калі яна прыйдзе. Але чаму беларускую мову замянілі на расейскую?

«Былі скаргі жыхароў. Усё трэба вырашаць на месцы. Па тэлефоне я нічога каментаваць не буду», - адказала галоўная спецыялістка ідэалагічнага аддзела райвыканкама Таццяна Петрашкевіч.

Пра скаргі на беларускую мову ў грамадскім транспарце журналістам распавёў і намеснік дырэктара перавозак Аршанскага аўтобуснага парка №3 ААТ «Віцебскаблаўтатранс» Віталь Цярэшчанка. А яшчэ ён кажа, што ў перакладзе няма сэнсу: бо беларусам трэба ў хуткім часе рыхтавацца да аб'яднання з Расеяй.

«У нас яны [аб'явы і расклад руху на беларускай мове. - заўв.] былі ў свой час, і шмат праз іх скаргаў. Там няправільна напісалі, там не так вымаўлялі, таму мы перайшлі на расейскую мову. У нас дзве дзяржаўныя мовы ў краіне. І наогул, у нас садружнасць з Расеяй. Хутка аб'ядноўвацца будзем».

Калі менавіта Беларусь аб'яднаецца з Расеяй, Віталь Цярэшчанка не ўдакладніў.

Ворша не першы горад у Беларусі, дзе мясцовыя ўлады адмаўляюць прыхільнікам беларускай мовы. Нядаўна ў Слоніме да Дня беларускага пісьменства намалявалі графіці з расейскамоўным надпісам. Там таксама былі скаргі ад прыхільнікаў расейскай мовы, якія аказаліся актывістамі «расейскага свету».

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках