20 красавiка 2024, Субота, 8:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Савецікусы апошняга пакалення

61
Савецікусы апошняга пакалення
Ірына Халіп

Ужо лепш бы ў войску фарбавалі траву.

Быў у СССР такі від гома савецікуса, прадстаўнікі якога больш за ўсё любілі гаварыць і сваім, і чужым дзецям: «Мы ў бараках жылі - і вы пажывіце. Мы галадалі - а вы што, шыкаваць будзеце? Мы па ваду ў мароз за кіламетр да калонкі хадзілі – і вы паходзіце». Гэтыя каравыя лозунгі гучалі ў школах, і ў дварах, дома, і на працы. Іх прамаўлялі бацькі і настаўнікі, начальнікі і вахцёры, іх чулі з нараджэння і да таго часу, пакуль самі не пачыналі прамаўляць для наступнага пакалення. Але нават гэтыя гома савецікусы не зычылі ні сваім, ні чужым дзецям смерці.

Чытаю інтэрв'ю старшыні камітэта салдацкіх маці Галіны Чыгрынавай і разумею, што ў сённяшняй Беларусі выхаваны новы біялагічны від, у параўнанні з якім узгаданы гома савецікус ва ўсякай краявіднай разнастайнасці – наймілейшая істота. Вядома, гэта ад тых савецікусаў прыйшло да нас гідкае «толькі б вайны не было»: хай у кайданах, у рабстве, у лайне, але з міскай сачавіцы і ўпэўненасцю ў заўтрашнім - такім жа - дні. І дзеці хай жывуць гэтак жа, але ўсё ж застануцца жывыя. Новы біялагічны від ідзе далей: хай будзе ўсё тое ж самае, толькі яшчэ і дзяцей хай забіваюць.

Вось што кажа пра новы закон аб наборы Галіна Чыгрынава - маці, чый сын загінуў у войску яшчэ ў СССР, і якая ўжо чвэрць стагоддзя ўзначальвае камітэт салдацкіх маці: «Вядома, вазочнік не павінен служыць, гэта зразумела. А ўсе хлопцы, якія могуць, хай служаць паўтара года... Ну калі такая патрэба ў краіне, калі не стае хлопцаў для службы, то трэба шукаць, якім чынам укамплектаваць. Войска ж павінна быць баяздольным і ўмець абараніць насельніцтва. Вядома, і прэзідэнт, і міністр абароны зацікаўленыя, каб войска было баяздольным. І знайшлі вельмі бязбольную, вельмі мяккую меру. Усё, што робіць прэзідэнт, ён робіць правільна... калі чалавек без канцаваін і цяжка хворы, то гаворкі няма. А калі лёгкае захворванне - то павінны быць умовы для іх службы. Ці яны там шаўцамі будуць, ці ў лякарні дапамагаць. Шмат рознай працы. Набіраць - усіх, толькі трэба разнастаіць форму службы, каб ім было цікава служыць»

Гэты новы біялагічны від, выведзены ў сучаснай Беларусі, чаркай і скваркай не задавальняецца. Ён патрабуе яшчэ і смерцяў. Ён кажа: майго сына забілі ў войску - дык няхай вашых таксама пазабіваюць. Ніхто не павінен сысці ад немінучага, ніхто не павінен застацца на волі, ніхто не павінен пазбегнуць гульні ў расейскую рулетку. Галоўнае - каб рукі і ногі былі на месцы. Прынамсі да пачатку гульні.

Дарэчы, менавіта Галіна Чыгрынава пасля смерці Аляксандра Коржыча пабывала ў Печах і дзівілася потым, чаму жаўнеры не скардзяцца на здзекі камандзіру часткі і не пішуць заказныя лісты ў Міністэрства абароны. А калі журналіст «Еўрарадыё» нагадаў ёй, што ў сітуацыі 24-гадзінных здзекаў, як было з Коржычам, ды пры адабраным тэлефоне, жаўнер нікуды не можа ні напісаць, ні патэлефанаваць, здзівілася яшчэ больш: «Ведаеце, я неяк не думала, што гэта праблема».

Потым сказала, што менавіта ўсеагульны набор, незалежна ад стану здароўя, і з'яўляецца прычынай з'яўлення дзедаўшчыны: «Многіх камісуюць, бо набіраюць хворых хлопцаў. Мы дапамагаем размеркаваць жаўнераў у шпіталь, і там прызнаюць, што ягоны стан здароўя не адпавядае. Розныя бываюць выпадкі. Таму што дзедаўшчына пачынаецца менавіта з гэтага. Маўляў, вось ты хаваешся, нічога не робіш, а я за цябе ўсё раблю! Тут аплявуха, хтосьці далучыўся, нос зламалі...»

Гэта значыць два гады таму Галіна Чыгрынава сцвярджала, што калі набіраць усіх запар без разбору ў войска - гэта выкліча дзедаўшчыну, здзекі і смерці жаўнераў. Прайшло два гады, і цяпер яна абедзвюма рукамі падтрымлівае забойцаў уласнага сына і чужых сыноў у іх жаданні расправіцца з астатнімі. Новы біялагічны від, па-іншаму гэтага не растлумачыць.

Мне бясконца шкада Галіну Чыгрынаву - з ейнай трагедыяй, з ейным разладам пасля гібель сына, з ейнай блытанінай у галаве, якую ўдала выкарыстоўвае Міністэрства абароны. Справа не ў ёй. Я наогул падазраю, што вайскоўцы адмыслова выпусцілі Галіну ў тэлевізар і настойліва рэкамендавалі адгукацца на ўсе просьбы аб каментарах, таму што іх мэта – зноў запусціць у грамадства дурную, што сельскі жлукта, дыскусію на тэму «не служыў – не мужык».

Няхай усе кажуць менавіта пра гэта. Хай абмяркоўваюць дэталі: каго набіраць, каго не набіраць; каго камісоўваць, каго саджаць; каму адтэрміноўку, каму белы білет, каму дулю з макам. Д'ябал крыецца ў дэталях, гэта чыстая праўда, і ніхто не задасць галоўнае пытанне: якое, да чорта, айчыннае войска, якая баяздольнасць і абарона суверэнітэту, калі Беларусь з'яўляецца вайсковым партнёрам самай агрэсіўнай дзяржавы ў свеце?

Беларускага войска, здольнага абараняць суверэнітэт, не існуе. Зрэшты, яно нават не дэкларуе тых задач, якія будуюць перад войскам кожнай цывілізаванай дзяржавы. Гэта смяхотны полк, цацка дыктатара, калекцыя алавяных салдацікаў. Усе яго задачы – гэта абарона Расеі ад NАТО і дыктатара ад народа. Усе вучэнні - выключна паводле сцэнару адбіцця атакі агрэсіўнага захаду на мірныя расейскія бярозкі. Ужо лепш бы траву фарбавалі, шчыра кажучы.

І дзеля гэтага ахвяраваць жыццём уласных дзяцей? Хай не ўсім жыццём, калі пашанцуе, а яго паўтара гадамі? Калі вы сур'ёзна думаеце, што гэта нармальна, - віншую, вас толькі што селекцыянавалі ў той самай лабараторыі, у якой яшчэ нейкіх паўстагоддзя таму паспяхова выводзілі гома савецікусаў. Цяпер вашым жыццём заўсёды будуць распараджацца іншыя.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках