23 верасня 2019, панядзелак, 10:52
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

«Не душыце падаткамі»: кіроўца жорстка адказаў ДАІ на праверку тэхагляду

40
«Не душыце падаткамі»: кіроўца жорстка адказаў ДАІ на праверку тэхагляду

Фермер распавёў, чаму не праходзіць ТА.

«Цяпер 3000 аўто праедзе, 2000 будуць без тэхагляду». У сацсетках распаўсюджваецца відэа, у якім адбываецца па большай частцы маналог на камеру мужчыны, якога ў Гомелі спынілі супрацоўнікі ДАІ. У кіроўцы не быў пройдзены ТА. Выпадкова побач апынуўся чалавек з прафесійнай відэакамерай, які запісаў эмацыянальную размову з інспектарам, піша progomel.by.

У канцы аўтааматар звярнуўся да Лукашэнкі і папрасіў перагледзець парадак збірання падатку на допуск да ўдзелу ў дарожным руху пры праходжанні працэдуры тэхагляду. Таму як заплаціць адразу за ўвесь транспарт ён не мае магчымасці: для гэтага трэба прадаць усю ферму з цялятамі.

Пры гэтым мужчына не адмаўляецца плаціць падатак, але прапануе альбо прывязаць яго да пасведчання кіроўцы, альбо ўключыць у кошт паліва. Асноўны пасыл такі: калі чалавек працуе на сваёй зямлі, дапамагае дзяржаве падаткамі і пастаўкамі сельскагаспадарчай прадукцыі, то дзяржава павінна забяспечыць магчымасць аграрыям развівацца, а не «душыць» яго падаткамі.

Нагадаем, нядаўна высветлілася, што Гомельская вобласць лідаруе ў колькасці выяўленых аўто без тэхагляду. Кіроўцы апраўдваюцца тым, што ўтрымліваюць тэхніку ў спраўным стане, але сума падатку неапраўдана высокая. Танней выплачваць штрафы. Да таго ж пытанні ўзнікаюць і аб накіраванні грашовых сродкаў ад кіроўцаў на рамонт і будаўніцтва дарог. У асноўным яны накіроўваюцца на рэспубліканскія магістралі, а не на мясцовыя дарогі.

Да 17 жніўня ў краіне праходзіць спецмерапрыемства «Дзяржтэхагляд». Кіроўцаў масава правяраюць на прадмет своечасовага праходжання ТА. Парушальнікам на першы раз цягам года пагражае штраф ад адной да трох базавых адзінак (ад 25,5 да 76,5 руб. - заўв.), а калі парушэнне дапушчанае паўторна - ад дзвюх да пяці базавых адзінак (ад 51 да 127,5 руб - заўв.).