20 красавiка 2024, Субота, 3:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З якіх краін у Нямеччыне больш за ўсё людзей з вышэйшай адукацыяй

З якіх краін у Нямеччыне больш за ўсё людзей з вышэйшай адукацыяй

У Нямеччыне за апошнія гады значна ўзрасла колькасць ураджэнцаў іншых краін з вышэйшай адукацыяй.

Пра гэта сведчаць звесткі даследавання Інстытута нямецкай эканомікі (IW), апублікаванага ў чацвер, 15 жніўня, піша «Нямецкая хваля».

З 2007 да 2017 года доля выпускнікоў ВНУ, якія нарадзіліся ў іншых краінах, ад агульнай колькасці высокакваліфікаваных спецыялістаў у Нямеччыне павялічылася з 13,6 да 18,7 адсотка. У абсалютных паказчыках колькасць людзей з вышэйшай адукацыяй з іншых краін, якія пражываюць у ФРГ, з 2007 да 2017 года ўзрасла ўдвая - з 1,16 да 2,32 млн. Сярод іх улічаныя як тыя, хто атрымаў адукацыю на радзіме і прыехаў у Нямеччыну ўжо пасля заканчэння ВНУ, так і тыя, хто атрымаў вышэйшую адукацыю ўжо ў ФРГ. Колькасць нямецкіх выпускнікоў ВНУ за гэты ж перыяд вырасла толькі на траціну - да 10,1 мільёна чалавек.

Першае месца ў колькасці выпускнікоў універсітэтаў і іншых вышэйшых навучальных устаноў, якія жывуць у ФРГ, на 2017 год займала Польшча - колькасць высокакваліфікаваных спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй з гэтай краіны на рынку Нямеччыны склала 235 тысяч чалавек. На другім месцы - Расея (225 тысяч чалавек), на трэцім - Румынія (118 тысяч). На чацвёртым месцы Казахстан (104 тысячы). Высокія паказчыкі ў гэтым выпадку тлумачацца тым, што за апошнія дзесяцігоддзі з гэтай краіны ў Нямеччыну перасялілася вялікая колькасць этнічных немцаў. Замыкае пяцёрку лідараў Украіна (101 тысяча).

У першую дзясятку ўваходзяць таксама Кітай (82 тысячы), Сірыя (78 тысяч), Турцыя (69 тысяч), Францыя (60 тысяч) І Італія (58 тысяч). За імі ідуць Індыя (54 тысячы) і ЗША (53 тысячы).

Амаль 25% ураджэнцаў іншых краін у Нямеччыне з вышэйшай адукацыяй - з былога СССР

Сярод людзей з вышэйшай адукацыяй, народжаных не на тэрыторыі Нямеччыны, амаль кожны чацвёрты з'яўляецца выхадцам з постсавецкіх дзяржаў. Адзін з аўтараў даследавання, Віда Гайс-Цёне (Wido Geis-Thöne), тлумачыць гэта тым, што «пасля падзення жалезнай заслоны ў Нямеччыну прыехала вялікая колькасць мігрантаў з краін былога Савецкага Саюза, многія з якіх мелі вышэйшую адукацыю і высокую кваліфікацыю».

А самай вялікай групай краін, выхадцы з якой могуць пахваліцца вышэйшай адукацыяй на нямецкім рынку працы, з'яўляюцца дзяржавы ЕЗ у сукупнасці. Гэтыя даследаванні сведчаць аб тым, што ў 2017 годзе 906 тысяч выпускнікоў ВНУ, якія жывуць у Нямеччыне, былі родам з іншых краін Еўразвязу. Гэта 39 адсоткаў ад агульнай колькасці высокакваліфікаваных спецыялістаў у ФРГ, народжаных за мяжой. Зрэшты, са слоў Гайс-Цёне, у сувязі з дэмаграфічнымі зменамі ў будучыні колькасць высокакваліфікаваных мігрантаў з краін ЕЗ скароціцца.

Як мяркуюць аўтары даследавання, Нямеччыне неабходна ўжыць захады, якія садзейнічаюць у доўгатэрміновай перспектыве захаванню прытоку высокакваліфікаваных мігрантаў. Яны рэкамендуюць спрасціць умовы працоўнай міграцыі. Законапраект аб іміграцыі кваліфікаваных спецыялістаў, зацверджаны ўрадам ФРГ у снежні 2018 года, з'яўляецца «крокам у правільным кірунку», кажа Віда Гайс-Цёне.

Яшчэ адзін спосаб стымуляваць прыток высокакваліфікаваных мігрантаў - гэта стварэнне спрыяльных умоў у сістэме адукацыі. «Трэба пастарацца павялічыць колькасць замежных студэнтаў у нямецкіх ВНУ і даць ім зразумець, што яны могуць застацца тут надоўга», - раіць навуковец.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках