19 красавiка 2024, Пятніца, 8:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі прайшоў 22-і футбольны турнір памяці Генадзя Карпенкі

У Беларусі прайшоў 22-і футбольны турнір памяці Генадзя Карпенкі

Гэтым разам Кубак Свабоды дастаўся камандзе Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Кубак Свабоды памяці Генадзя Карпенкі зноў сабраў на футбольным полі незалежных журналістаў і грамадскіх актывістаў. У жыцці яны аднадумцы, але тут адзін аднаго не шкадуюць, паведамляе «Белсат».

Турнір праводзілі яшчэ пры жыцці былога віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Генадзя Карпенкі. Былы старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паспеў пагуляць з ім разам. У той камандзе быў і Віктар Ганчар.

«Яны гулялі за каманду АГП, прычым даволі паспяхова. Мы былі чэмпіёнамі. Спачатку гэта быў Кубак Свабоды, прысвечаны чарговай гадавіне прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці. А пасля таго, як адбылася трагедыя з Генадзем Карпенкам, улічваючы тое, што ён быў адным з натхняльнікаў турніру, мы назвалі Кубак Свабоды імем Генадзя», - успамінае Анатоль Лябедзька.

Карпенка пайшоў з жыцця раптоўна і нечакана - у красавіку 1999 года. Нібыта ад наступстваў інсульту, але ягоная ўдава, Людміла, не паверыла ў такую версію. Паводле ейных слоў, мужа забілі за актыўную палітычную пазіцыю.

«Чалавек, які мог трапна адным сказам ахарактарызаваць і тое, што адбываецца ў палітыцы, і ў футбольным жыцці. Ён быў добры футбаліст і прыстойны чалавек. І вельмі перспектыўны палітык», - дадае Лябедзька.

Неўзабаве пасля смерці Карпенкі зніклі міністр унутраных спраў Юры Захаранка, ужо згаданы старшыня ЦВК Віктар Ганчар і яго сябар бізнэсовец Анатоль Красоўскі, а таксама аператар Дзмітрый Завадскі. Ёсць меркаванні, што ўсе гэтыя падзеі - звёны аднаго ланцуга.

Гэтым разам перамогу ў турніры памяці Генадзя Карпенкі дасталася камандзе Беларускай асацыяцыі журналістаў. Другое месца - у АГП. Звярнулі на сябе ўвагу і хлопцы з каманды БНФ, якія, дарэчы, гулялі ў фірменных футболках «Белсата» ў падтрымку акцыі «Беларускамоўны».

«Усе ведаюць, што ўвосень будзе перапіс насельніцтва. Там ёсць такое цікавае і сімвалічна важнае пытанне з нагоды роднай мовы. Пытанні сфармуляваны трохі слізка, і гэта можа выклікаць досыць неадназначныя адказы сярод насельніцтва. Адпаведна, мы надумалі акцэнтаваць на гэтым увагу і паспрыяць таму, каб беларуская нацыя адказвала на гэтае пытанне досыць адназначна», - кажа Юрась Адамовіч з каманды Партыі БНФ.

Склад удзельнікаў Кубка Свабоды ў асноўным нязменны, але гэта не закрытая суполка - зрабіць заяўку сюды могуць і новыя каманды.

«Аднойчы была каманда дыпламатаў. Дыпламаты з розных амбасадаў - Польшчы, Брытаніі - сабралі каманду і выступалі», - распавядае Анатоль Лябедзька.

Цяпер на турніры памяці Генадзя Карпенкі гуляюць у тым ліку людзі, якім на момант ягонай смерці было два ці тры гады. Пра яго не толькі памятаюць былыя паплечнікі, пра яго ведае і новае пакаленне.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках