28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму ў беларускіх школах не затрымліваюцца маладыя настаўнікі

9
Чаму ў беларускіх школах не затрымліваюцца маладыя настаўнікі

Тры праблемы, праз якія ў нашых школах з'явіўся кругазварот маладых спецыялістаў.

Штогод у школы Беларусі прыходзіць больш за чатыры з паловай тысяч новых настаўнікаў. Але шмат хто з іх - толькі на два гады, пакуль не скончыцца тэрмін размеркавання. Чаму маладыя спецыялісты не затрымліваюцца ў школах?

Сярэдні заробак у адукацыі за ліпень - 760 рублёў. Падкрэсліваем, сярэдні заробак. Каб зарабіць такія грошы ў звычайнай школе, трэба прапрацаваць не адзін год, быць класным кіраўніком і мець прыстойную нагрузку, піша naviny.by.

Цікава, але кіраўнік Беларусі, які шмат разоў абяцаў настаўнікам падняць заробак, у лютым гэтага года заявіў, што заробкі настаўнікаў ужо выйшлі на прымальны ўзровень, а астатняе - у руках саміх педагогаў.

«Школа мае магчымасць даплаціць. Настаўнік у нас ужо за 900 рублёў атрымлівае ў сярэднім», - заявіў Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы даклад пра перспектывы развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі.

Адзіная мера, хоць неяк звязаная з перспектывай павелічэння заробкаў, была прынятая ў пачатку лета. Са студзеня 2020 года заробкі педагагічных работнікаў будуць дыферэнцаваць з дапамогай стымулюючых выплат у залежнасці ад вынікаў працы.

Для маладых жа спецыялістаў ёсць шэраг надбавак.

«Міністэрства адукацыі робіць усё, каб замацаваць маладых настаўнікаў - у галіне маладыя спецыялісты атрымліваюць надбаўку з першага дня працы. Зразумела, што гэта не бог ведае што. Аднак маладым спецыялістам трэба тлумачыць, што з першага дня высокага заробку не будзе. На жаль, розніца вялікая паміж тым, што яны чакаюць і атрымліваюць. Трэба прывучаць моладзь да думкі, што для таго, каб нешта мець, трэба гэта зарабіць, ніколі нічога з неба не падае», - патлумачыла галоўная прававая інспектарка працы Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Манюк.

І ўсё ж для сярэдняй адукацыі сёння характэрна вялікая цякучасць кадраў сярод маладых настаўнікаў.

Манюк адзначыла, што «ў сельскай мясцовасці выпускнікі не затрымліваюцца - адпрацаваў два гады і навастрыў лыжы, а месца чакае наступнага маладога спецыяліста».

Але і ў гарадах, у тым ліку ў сталіцы, сітуацыя не нашмат лепшая. Настаўніца ангельскай мовы Таццяна ў канцы жніўня сыходзіць па заканчэнні кантракту з менскай школы, дзе прапрацавала тры гады, два з якіх - па размеркаванні:

«Мой заробак у апошні год працы складаў 500 рублёў з даплатамі маладому спецыялісту і ўжо з вылікам падаткаў за стаўку (20 рабочых гадзін). Пасля аплаты праязнога, сотавай сувязі, харчавання ў школе (кармілі танна і смачна) заставалася не так шмат грошай, займалася рэпетытарствам. У мяне было тры вучні, іх хапала, каб атрымліваць суму, якая перавышае настаўніцкі заробак. Многія настаўнікі сыходзяць, калі разумеюць, што рэпетытарствам можна зарабіць значна больш, але з меншай нервовай нагрузкай».

Таццяна мяркуе, што ёй пашанцавала са школай: «Мяне не загружалі пастаяннымі адкрытымі ўрокамі або праверкамі без папярэджання. Адміністрацыя пайшла насустрач, і я змагла адмовіцца ад класнага кіраўніцтва ў гады адпрацоўкі. Гэта было пададзена як ласка, хоць я мела права ад гэтага адмовіцца. Заробак у выніку быў прыкладна на 50 рублёў меншы, чым у маіх калег, якія былі класнымі кіраўнікамі».

Вымушаюць працаваць не па спецыяльнасці

Пра свае працоўныя правы маладыя спецыялісты маюць вельмі агульныя паняцці, адзначыла Ларыса Манюк.

Здаралася, што малады спецыяліст атрымліваў накіраванне на працу ў школу, прыносіў яго дырэктару ў пачатку лета, той яму казаў прыйсці 15 жніўня: «Настаўніца прыходзіць 15 жніўня, а ў школе ўжо новы дырэктар. Яе месца занятае, таму што школы да 15 жніўня павінны быць укамплектаваныя. І высвятляецца, што падпісанае накіраванне на працу выпускніца не занесла ў аддзел кадраў, і новы дырэктар пра яе нічога не ведаў».

Самая вялікая праблема, кажа Ларыса Манюк, у тым, што наймальнік падае заяўку на адну колькасць настаўнікаў, а яму даюць іх удвая больш - «што хочаш рабі, куды хочаш іх уладкоўвай».

«Бывае, што маладому спецыялісту з вышэйшай адукацыяй прапаноўваюць паўстаўкі, напрыклад, у групе прадоўжанага дня. Ён мае права адмовіцца і пайсці на пераразмеркаванне. Калі яго не змогуць пераразмеркаваць, ён мае права на даведку аб самастойным працаўладкаваннi. Кагосьці гэта задавальняе, кагосьці не. Добра яшчэ паўстаўкі ў групе падоўжанага дня, прапануюць і стаўку дворніка, і вартаўніка. Прычым часам дырэктар кажа маладому спецыялісту, што калі ён адмовіцца, будзе плаціць дзяржаве за навучанне ў ВНУ. Таму мы сустракаемся з выпускнікамі і вучым, што на працу, павінны ўзяць па той прафесіі, якая паказаная ў накіраванні на працу», - адзначыла спецыялістка.

Таццяна ўладкоўвалася ў школу яшчэ на чацвёртым курсе, тады настаўнікі ангельскай мовы былі нарасхват, але неўзабаве ўсё змянілася - паводле новых правілаў, у кожнай групе па замежнай мове мінімальную колькасць вучняў павялічылі да дзевяці, што прывяло ў многіх выпадках да механічнага дзялення класа на дзве групы і, адпаведна, скарачэння колькасці ўрокаў:

«У сёмым класе мне даводзілася працаваць з 15 дзецьмі ў адной групе. Не ставала часу нават праверыць ва ўсіх дзяцей хатняе заданне».

Групы аб'ядноўваліся, «паляцелі» гадзіны, стаяла пытанне, як набраць урокі на стаўку:

«Расклад быў складзены так. У некаторыя дні я знаходзілася ў школе з васьмі раніцы і да пяці вечара (школа працавала ў дзве змены). Урок - дзве форткі - урок - фортачка - два ўрокі і г.д. Гэта значыць час ішоў, але я не зарабляла. Мая школа знаходзілася ў іншым раёне, таму я не магла вярнуцца дадому, каб перакусіць або перадыхнуць, як гэта маглі рабіць настаўнікі, якія жылі побач. Аднак я не здымала кватэру, працавала ў тым жа горадзе, дзе жыла да таго. Як цяжка тым, каго з горада адпраўляюць у сельскую мясцовасць, толькі чула».

Даймаюць праблемы з жыллём

Многія маладыя людзі, трапляючы з горада ў сельскую мясцовасць, аказваюцца ў стане шоку, адзначыла Ларыса Манюк:

«У сельскай мясцовасці ёсць праблема з жыллём хоць бы таму, што людзі, якія здаюць жыллё, не маюць ніякіх ільгот, калі да іх засяляецца настаўнік. Гэта раней настаўнікі мелі льготу – бясплатную электрычнасць, ацяпленне. Цяпер ад маладога спецыяліста адзін галаўны боль. І яшчэ трэба стаць на ўлік у падатковай інспекцыі, калі здаеш пакой. Вось дырэктар школы бярэ гэтага выпускніка за руку і ходзіць па вёсцы, імкнучыся засяліць».

Закон не абавязвае вылучаць жыллё, але на месцах разумеюць, што без гэтай опцыі не замацаваць кадры. Знаходзяць месца ў інтэрнаце, дапамагаюць будаваць сваё.

Акрамя таго, у сельскай мясцовасці бытавыя ўмовы для жыцця, мякка сказаць, значна менш камфортныя, чым у горадзе. Пячное ацяпленне, вулічны туалет...

«Проста стрэс. І моладзь гатовая на ўсё пайсці, толькі каб з'ехаць адтуль. І цяпер многія звароты ў прафсаюз гучаць так: «Куды і колькі трэба заплаціць, каб не ехаць па размеркаванні?». Шмат хто з'язджае ў будатрады, за мяжу летам, знаходзяць іншыя месцы працы, каб пакрыць плату за навучанне. З улікам таго, што цяпер у агульную суму не ўваходзіць сума выплачанай стыпендыі і плата за інтэрнат, сума аказваецца меншай, чым раней», - распавяла спецыяліст Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Прымушаюць падмятаць двор і ляпіць на марозе скульптуры

Некаторыя маладыя спецыялісты не чытаюць службовую інструкцыю, а затым узнікаюць спрэчкі з адміністрацыяй наконт таго, ці павінен настаўнік, напрыклад, мыць падлогу ў класе або падмятаць двор, адзначыла Ларыса Манюк.

Настаўнікаў, сказала яна, на сяле прымушаюць «падмятаць двор, мыць класы, дзяжурыць да 23 гадзіны ў клубах». Маладыя спецыялісты маюць права адмовіцца, аднак калі яны гэтага не робяць, то «павінен быць загад дырэктара школы, інакш можа быць сітуацыя, калі настаўніку стукнуць па галаве цаглінай, а дырэктар скажа, што туды яго не пасылаў».

У Таццяны за час працы ў школе таксама было нямала выязных мерапрыемстваў. Некаторыя з іх яна называе «любімымі» - «гэта раённы конкурс ледзяных скульптур, якія павінны былі рабіць настаўнікі, і паездка ў выдалены ад нас раён горада на «Менскую лыжню», дзе мы павінны былі ўжо стаяць а 9 раніцы, а пачыналася мерапрыемства аб 11. На вуліцы быў мароз».

«Куды б настаўніка ні накіравалі, павінен быць адпаведны загад», - падкрэсліла Ларыса Манюк.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках