28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алена Церашкова: Нашы чыноўнікі беларускія лекі не выкарыстоўваюць

42
Алена Церашкова: Нашы чыноўнікі беларускія лекі не выкарыстоўваюць

Лекарка распавяла аб праблемах беларускай медыцыны.

Падчас рабочай сустрэчы з міністрам аховы здароўя Лукашэнка заявіў, што «Беларусь недапушчальна шмат выдаткоўвае на куплю лекаў за мяжой».

Ён таксама запатрабаваў больш грунтоўна перайсці да палітыкі імпартазамяшчэння. Акрамя замены паловы гатовых замежных прэпаратаў на беларускім рынку айчыннымі ён даручыў пачаць вырабляць уласныя субстанцыі для лекаў.

Да чаго можа прывесці такая палітыка на фармацэўтычным рынку? На пытанні сайта сharter97.org адказвае прафесійная лекарка, сківічна-тварны хірург, маці чацвярых дзяцей, актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Алена Церашкова.

- Безумоўна, у мяне ёсць уласнае меркаванне наконт гэтага пытання. У нашай краіне проста катастрафічна мала сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы. У тым ліку, а можа і найперш, іх няма ва ўладзе. Таму ў адным выпадку Міністэрству аховы здароўя кажуць, што трэба спрасціць ліцэнзаванне замежных прэпаратаў, а ў іншым: «няхай вашыя лекары выпісваюць беларускія прэпараты».

Як вы разумееце, гэта дзве ўзаемавыключальныя пазіцыі. А самае галоўнае - гэта не ў інтарэсах шараговых беларусаў.

Калі мы вернемся да стварэння аналагаў замежных прэпаратаў, на жаль, назваць прэпарат беларускім - гэта не азначае стварыць адэкватную замену. Я задала некаторым знаёмым лекарам пытанне, якія беларускія аналагі замежных прэпаратаў яны ўважаюць за сапраўды якасныя. У адказ я пачула толькі лічаныя найменні. Мы цалкам упэўненыя ў тым, што адэкватных прэпаратаў, якія маглі б замяніць замежныя, наша краіна можа вырабіць вельмі абмежаваную колькасць.

Да прыкладу, прэпараты, якія маюць такую ж назву ў Нямеччыне, чамусьці дзейнічаюць значна лепш, чым іх беларускія адпаведнікі. Калі да нас прыходзяць пацыенты, то мы абавязкова пытаемся, якім прэпаратам яны карыстаюцца: нашым або нямецкім. Ад гэтага залежыць доза і эфектыўнасць патрапляння лекаў у арганізм.

Гэта як мінімум несправядліва. Чалавек, які прыходзіць у аптэку, не павінен думаць, дзе выраблены прэпарат. Калі на двух пачках ідэнтычныя назвы, то і дзейнічаць яны павінны аднолькава. Яшчэ адна складанасць - падабраць дзейсны курс лячэння, выкарыстоўваючы беларускі аналаг.

На жаль, беларусы даволі безадказна ставяцца да свайго здароўя. Ім патрэбна таблетка, якая дзейнічае хутка, эфектыўна, надоўга, ды яшчэ і кошт павінен быць адпаведны. Таму ўлады могуць спекуляваць на гэтым, улічваючы, што ў нашых людзей маленькія даходы. Але ўся гэтая сітуацыя абурае тым, што беларусаў проста пазбаўляюць права выбару. Адзначу, што не думаю, што нашы чыноўнікі выкарыстоўваюць беларускія лекі.

- Апошнім часам не раз з'яўлялася інфармацыя аб тым, што беларускім лекарам ужо рэкамендуюць выпісваць айчынныя прэпараты. Ці так гэта?

- Магу сказаць, што ў кожнага лекара ёсць сумленне і адказнасць. Калі яго прымушаюць, то хай ён адной рукой выпісвае беларускі прэпарат, а ўнізе піша замежны аналаг. Думаю, што мае калегі будуць дзейнічаць менавіта такім чынам, калі да іх будуць звяртацца людзі, якіх хвалюе стан іх здароўя. Калі чалавеку ўсё адно і асабліва не хочацца напружваць мазгі, то ён будзе толькі рады, што яму выпісваюць больш танныя беларускія прэпараты.

Яшчэ адзін момант, розніца ў кошце паміж замежнымі і беларускімі прэпаратамі такая істотная не з той прычыны, што нашы значна таннейшыя, а таму што замежным лекам вельмі складана атрымаць ліцэнзію ў Беларусі. Вытворцы вымушаныя ўключаць гэтыя выдаткі ў кошт прэпаратаў.

Ствараючы такія ўмовы для ліцэнзавання дзяржава штучна падвышае кошты на замежныя лекі.

- Таксама Лукашэнка заклікаў пераходзіць на вытворчасць лекаў з беларускіх субстанцый. Гэта можа яшчэ мацней зменшыць якасць айчынных прэпаратаў?

- Такім шляхам можна далёка зайсці. Давайце ствараць уласную сыравіну, давайце шукаць патрэбныя кампаненты ў мясцовых вытворцаў, давайце ствараць лекі на абсталяванні ўласнай вытворчасці. І што ж у нас атрымаецца? Ці будуць выкананыя еўрапейскія стандарты?

Выснова напрошваецца самая: сістэме не стае прафесіяналізму ва ўсіх сферах. Мы выточваем крывыя накруткі, вырошчваем ураджай, які не можам захаваць. Тое ж самае будзе і з беларускімі прэпаратамі.

На рынак павінны прыйсці прафесіяналы. Але ўлады проста не могуць гэтага дапусціць, бо такой канкурэнцыі наш фармацэўтычны рынак не вытрымае.

- Ці падаражэюць беларускія лекі пасля такой зацікаўленасці з боку ўладаў?

- Адказ вельмі просты. Лекі будуць даражэць з прычыны таго, што інфляцыю ў Беларусі ніхто не спыніў.

- Многія беларускія лякарні не прымаюць замежныя прэпараты. Да прыкладу - пры аналізе на онкамаркеры. Ці ставіць такая палітыка хворых у бязвыхаднае становішча?

- Я не працую ў гэтай сферы і не могуць дакладна сказаць. Але калі да мяне прыйдзе пацыент і прынясе анастэзію, якая яму больш пасуе, я проста не магу яе прыняць. Павінен быць выкарыстаны беларускі прэпарат. Пра выключэнні даволі складана дамовіцца. Гэта дробязь, але рэч ц тым, што гэта можа быць і тэндэнцыяй, якая значна пагаршае жыццё пацыентаў.

- Лукашэнка адзначыўся гэтай заявай напярэдадні «парламенцкіх выбараў». Як вы ацэньваеце магчымыя наступствы гэтых слоў?

- У Беларусі няма выбараў. Але людзі, безумоўна, пачулі гэтыя словы. Тыя беларусы, што думаюць, скептычна паставяцца да гэтай заявы і будуць іранізаваць. Заява аб айчынных леках можа стаць чымсьці падобным да жарту пра «папіццот».

- Ці збіраецеся вы ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі?

- Збіраюся балатавацца ў «палату прадстаўнікоў». Я разумею, што Беларусі патрэбна новая хваля людзей, якія не пабаяцца на вуліцах казаць пра сваю нязгоду з уладамі, пра сваю палітычную пазіцыю. Я не маю ілюзій, што нас могуць прапусціць у парламент, але мы ідзём да людзей, выкарыстоўваем выбарчую кампанію. Мы выкарыстоўваем падвышаную зацікаўленасць беларусаў да палітыкі. Бо людзям не ўсё адно, хто імі кіруе. Іх проста прызвычаілі да таго, што яны нічога не вызначаюць. Але не адзін рэжым не вечны. І мы будзем выкарыстоўваць усе легальныя магчымасці і аўтарытэт і мяняць уладу.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках