25 красавiка 2024, Чацвер, 15:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бацька лейтэнанта Патаповіч знайшоў яшчэ адну недарэчнасць у афіцыйнай версіі гібелі сына

Бацька лейтэнанта Патаповіч знайшоў яшчэ адну недарэчнасць у афіцыйнай версіі гібелі сына

Ён працягвае настойваць на эксгумацыі цела сына.

Бацька лейтэнанта ДАІ з Магілёва Яўгена Патаповіча не верыць у афіцыйную версію смерці свайго сына. Ён працягвае настойваць на эксгумацыі цела і атрымання дазволу на азнаямленне з матэрыяламі справы. Пра гэта Уладзімір Патаповіч распавёў у інтэрв'ю «Белсату».

Нагадаем, 13 жніўня старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч заявіў, што прынятае канчатковае рашэнне аб спыненні крымінальнай справы паводле факта смерці лейтэнанта ДАІ з Магілёва Яўгена Патаповіча, цела якога знайшлі 16 траўня ў лясным масіве ў Магілёўскім раёне. Смерць міліцыянта прызналі суіцыдам. Паводле кіраўніка СК, падчас дзяжурства лейтэнант ДАІ сышоў з маршруту нясення службы, пераапрануўся ў цывільнае адзенне і на таксі з’ехаў у лес. «Да нядаўняга часу нам не хапала аднаго звяна – таксіста, які вёз працаўніка міліцыі. Мы яго знайшлі, дапыталі. Ён даў паказанні, якія знаходзяцца ў канве ўсіх астатніх доказаў», – распавёў Наскевіч.

Уладзімір Патаповіч звярнуў увагу на тое, што на фота з месца гібелі сын адзеты ў міліцэйскае абмундзіраванне, а не ў цывільнае адзенне. Хаця следства сцвярджае, што зʼязджаў на таксі ён у цывільным.

«Я не згодны з яго заявай (Наскевіча – заўв.). Раней прадстаўнікі Следчага камітэту выклалі фатаграфіі з месца гібелі майго сына, дзе яўна відаць, што ён знаходзіцца ў форменным абмундзіраванні. Відаць па здымку, што пашкоджаная ніжняя частка жывата, пашкоджаная ніжняя бялізна. Бачныя відавочныя парэз. Я не разумею, адкуль узяліся заявы старшыні СК, што нейкі таксіст завёз яго на тое месца ў цывільнай форме адзення. Як ён мог быць цывільным, калі відаць, што ён у форме», – кажа бацька загінулага міліцыянта.

Уладзімір Патаповіч ставіць пад сумнеў словы таксіста. Ён не выключае, што таксіст мог быць сам датычны да смерці Яўгена або падвозіў чалавека, які датычны да гэтага.

Бацьку лейтэнанта ДАІ адмаўляюць у эксгумацыі цела сына і не даюць азнаёміцца з матэрыяламі справы. З гэтай нагоды ён звярнуўся ў адміністрацыю прэзідэнта, аднак канчатковага адказу пакуль не атрымаў.

«Калі будзе адмоўны адказ, то я ўжо не ведаю, куды падаваць прашэнне. Я хацеў бы, каб адбылася эксгумацыя, каб паставіць канчатковую кропку ў смерці майго сына. Таксама хачу азнаёміцца са справай паводле факта смерці майго сына», – кажа ён.

Уладзімір Патаповіч падкрэслівае, што афіцыйная версія выглядае недарэчна. Ён адзначае, што падчас развітання сваякі бачылі на целе Яўгена раны: парэз на барадзе, пашкоджанні на бровах і пальцах. Да таго ж немагчыма паверыць у тое, што лейтэнант ДАІ перад самагубствам адзеў на сябе кайданкі, кажа ягоны бацька.

«Няма сэнсу закоўваюць сябе ў кайданкі, а затым страляцца. Ёсць больш простыя спосабы, можна было застрэліцца без кайданкоў. Бачныя сляды барацьбы. Відаць, што пашкоджаныя рукі, пашкоджана пахвінная частка жывата і ёсць парэз бялізны. Гэта значыць бачныя сляды барацьбы, у выніку якой ён мог атрымаць стрэл у галаву», – мяркуе Уладзімір Патаповіч.

Цела лейтэнанта міліцыі Яўгена Патаповіча знайшлі 16 траўня а 20:45 у лясным масіве ў Магілёўскім раёне. Міліцыянт быў у кайданках і без штаноў. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле арт. 362 (забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў пры выкананні службовых абавязкаў).

Спачатку меркавалася, што да смерці Патаповіча могуць быць датычныя ромы. Перад знікненнем міліцыянт нібыта даслаў калегам паведамленне ў Viber. У ноч з 16 на 17 траўня ў пасёлках Чапаеўка і Грабянёва АМАП правёў рэйд і затрымаў некалькі дзясякаў ромаў. Ромы скардзіліся на збіццё і абразы. Міністр Шуневіч вырашыў не прыносіць прабачэнняў за брутальныя дзеянні міліцыі.

Раніцай 20 траўня прадстаўнікі Следчага камітэту і Міністэрства ўнутраных спраў правялі брыфінг, на якім заявілі пра тое, што асноўная версія прычыны смерці міліцыянта Яўгена Патаповіча – суіцыд. Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Юлія Ганчарова патлумачыла дзіўныя акалічнасці смерці інспектара ДАІ з Магілёва Яўгена Патаповіча тым, што ён нібыта інсцэнаваў уласнае забойства. У СК адзначылі, што штаноў на інспектары ДАІ не было, бо загінулы наўмысна спаліў іх з дапамогай вадкасці для распальвання. Таксама Патаповіч нібыта не меў ніякіх раненняў у вобласці пахвіны: кроў на бялізне, паводле СК, аказалася там праз позу цела загінулага.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках