29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Літве шукаюць ахвотных працаваць за 1500 еўраў «на рукі»

33
У Літве шукаюць ахвотных працаваць за 1500 еўраў «на рукі»

І такіх людзей пакуль няшмат.

Узровень беспрацоўя ў ліпені 2019 года ў Літве быў 8% – як і ў чэрвені і на 0,2% ніжэйшы, чым у ліпені 2018 года. Паводле звестак на 1 жніўня ў Літве зарэгістраваныя 137400 беспрацоўных - на 1100 менш, чым месяц таму і на 5700 менш, чым год таму, такія звесткі Службы занятасці, піша delfi.lt.

У ліпені стала больш выпускнікоў ВНУ і вучэльняў - на рынак працы прыйшлі 1600 маладых спецыялістаў, з іх – 37,5% скончылі прафтэхвучэльні, кожны трэці - універсітэт, 23,8% - калегію.

На рынку працы патрабавалася шмат прадаўцоў, кухараў, спецыялістаў па рэкламе і рынку, маляроў, будаўнікоў, кіроўцаў цяжкавікоў. Расла патрэба ў спецыялістах па догляду, мастаках і цеслярах і разьбярах, барменах і памочніках сацыяльных работнікаў.

У перадачы «Дзень на DELFI» старшыня праўлення кампаніі Hanner Арвідас Авуліс заўважыў, што сітуацыя цяпер такая, што праз недахоп будаўнікоў вырастуць выдаткі на будаўніцтва.

«Безумоўна. Статыстыка паказвае, што ў сферы будаўніцтва работнікаў бракуе больш за ўсё. На жаль, пакуль мы не можам запоўніць вольныя месцы і за кошт завезеных работнікаў. Сітуацыя на рынку такая, што калі рынак па-ранейшаму будзе незбалансаваны, то выдаткі на будаўніцтва, кошты вырастуць», – сказаў DELFI прадпрымальнік.

Ён сказаў, што самы просты шлях - пошук работнікаў за мяжой. «Нягледзячы на тое, што ў Літве ў нас больш за 130 000 беспрацоўных, ахвотных працаваць на будоўлі няма або вельмі мала. Самае простае развязанне праблемы-завозіць работнікаў з суседніх краін, пакуль не зацікавім мясцовых ісці на будоўлю», – сказаў Авуліс.

З ягоных слоў, больш за ўсё работнікаў прыязджае з Беларусі. «Часцей за ўсё з Беларусі, а таксама з Украіны. Бываюць з Грузіі, Малдовы, але самы сур'ёзны пастаўшчык працоўнай сілы – Беларусь» – заўважыў прадпрымальнік.

«Першая хваля была 5 гадоў таму, калі большая частка кваліфікаваных работнікаў з'ехала ў Ірландыю, потым Нарвегія, іншыя скандынаўскія краіны. Перамяшчэнне па краінах ЕЗ вельмі простае. Акрамя таго, у нас добрыя авіякампаніі, яны вязуць туды, дзе патрэбная рабочая сіла. Такім чынам 5 гадоў таму быў нанесены моцны ўдар, бо там кошты будаўніцтва ўдвая-ўтрая вышэйшыя, таму работнікі могуць больш зарабіць, цяпер раўнавага адноўленая, але стала больш працы, хочуць больш будаваць дамоў, офісаў, будынкаў, ёсць патрэба, але рабочай сілы надта бракуе», – заўважыў прадпрымальнік.

Кіраўніца кампаніі ў працаўладкаванні замежнікаў Vienas, du, trys Крысціна Блякевічутэ пацвердзіла, што больш за ўсё работнікаў прыязджае з Беларусі і Украіны. «Але цяпер работнікаў з Украіны ўжо не стае. З'явіліся альтэрнатывы, напрыклад Узбекістан. ( ... ) Розніца ў заробках паміж Літвой і Украінай вялікая. Эканоміка Украіны не расце так, як эканоміка Літвы, хоць аб'ёмы работ там у некалькі разоў вышэйшыя», - сказала яна.

На пытанне, чаму замежнікі едуць працаваць у Літву, яна згадала менталітэт і тэндэнцыю адкрыцця тут кампаній. «Важны блізкі менталітэт, шмат людзей, якія валодаюць расейскай. Ёсць і такая тэндэнцыя - чалавек прыязджае працаваць у сферы будаўніцтва, але неўзабаве адкрывае сваю кампанію. У Літве ўмовы для гэтага спрыяльныя», - заўважыла Блякевічутэ.

«Работнікаў катастрафічна не стае ў сектары будаўніцтва, далей ідзе сектар грамадскага харчавання, патрэбныя кухары, бармэны. Прыязджаюць кухары з тых жа краін, але бываюць госці і з экзатычных краін, напрыклад, Шры-Ланкі. Ёсць такая тэндэнцыя», - сказала яна.

З ейных слоў, працаўладкаванне замежнікаў каштуе працадаўцу блізу 1000 еўраў, гэта не таннае задавальненне. Авуліс сказаў, што пошук работнікаў за мяжой часам падобны апошняму шанцу. Ён заўважыў, што з вялікім задавальненнем працаўладкоўваў бы жыхароў Літвы.

«Трэба працаваць, трэба ствараць бізнэс. Калі няма працоўнай сілы, трэба неяк рабіць бізнэс, але мне было б прыемней працаваць з народжанымі ў Літве, з грамадзянамі Літвы, шчыра кажу, бо розніца менталітэту важная. Ёсць спекуляцыі, быццам мы плацім замежнікам менш, але гэта няпраўда», - сказаў ён DELFI.

Авуліс заўважыў, што пошук работнікаў - структурная праблема. З ягоных слоў, шмат беспрацоўных у невялікіх гарадах ці ў вёсках. Яны не хочуць з'язджаць кудысьці, ім хацелася б, каб хтосьці ствараў працоўныя месцы менавіта там. «Такім інвестарам, як я, заўсёды цікавей працаваць у вялікім горадзе. Каб працаваць у гэтым мястэчку, работа павінна мець сэнс, выкарыстоўвацца», - заўважыў ён.

Авуліс мяркуе, што дзяржава магла б аплачваць такім людзям выдаткі на дарогу. На ягоную думку, гэта запатрабавала б менш грошай, чым дапамогі ў беспрацоўі. Блякевічутэ пацвердзіла словы Авуліса аб тым, што работнікам-замежнікам плацяць не менш, чым мясцовым спецыялістам.

«Не. Магчыма, такое было некалькі гадоў таму, калі не было такога попыту. Сёння тэндэнцыя такая, што замежнікі, напрыклад, украінцы атрымліваюць такія ж заробкі, як літоўцы. Толькі яны працуюць прадуктыўней, яны зацікаўленыя працаваць, згаджаюцца на звышурочныя, працуюць і ў суботу», - сказаў ён.

«Нават сур'ёзных, кваліфікаваных спецыялістаў ужо пачалі шукаць ва Украіне. Гэта тычыцца, напрыклад, праграмістаў», - сказала прадстаўніца CVonline Рыта Каравайтэне.

Авуліс адзначыў яшчэ адзін момант - замежнікам часта аплачваюць выдаткі на пражыванне. «Я б хацеў заўважыць, што калі прыязджаюць украінцы і беларусы, ім забяспечваюць жыццё. Кампаніі аплачваюць начлег, выдаткі на пражыванне, харчаванне, дарогу. Вядома, хтосьці скажа, што ў выніку ўкраінец атрымае на 100 еўраў менш, чым літовец, але калі ўзяць усё разам, я магу сказаць, я б больш хацеў, каб у мяне працавалі літоўцы, а не ўкраінцы ці беларусы», - сказаў прадпрымальнік. З ягоных слоў, людзі цяпер вельмі амбіцыйныя, таму нешматлікія кіраўнікі праектаў згаджаюцца працаваць за 1500 еўраў на месяц. «Калі кіраўніку праекта прапануеш 1500 еўраў «на рукі», можна знайсці такіх, хто пагодзіцца, але большасць мяркуе, што яны павінны атрымліваць прыкладна 2000 еўраў «на рукі». Рынак мяняецца, напэўна, і прадпрымальнікі ў Літве хочуць, каб заробкі раслі», – сказаў DELFI Авуліс.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках