18 красавiка 2024, Чацвер, 3:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эколаг: Паўночнае мора забруджанае выпраменьваннем ізатопаў ад выбуху «Буравесніка»

26
Эколаг: Паўночнае мора забруджанае выпраменьваннем ізатопаў ад выбуху «Буравесніка»
Фота: Reuters

Лавіць рыбу тут ужо нельга.

Пра выбух на палігоне ў Архангельскай вобласці ўжо загаварыў амерыканскі прэзідэнт. Дональд Трамп напісаў у Twitter, што здарэнне «прымусіла людзей хвалявацца аб забруджванні паветра ў раёне выпрабаванняў і далёка за яго межамі».

Расгідраметцэнтр праз шэсць дзён пасля інцыдэнту паведаміў: у дзень выпрабаванняў, 8 жніўня, зафіксаванае перавышэнне гама-выпраменьвання ў 16 разоў. Мясцовая ўлада кажа, што нічога сур'ёзнага не адбылося, а жыхары скардзяцца на інфармацыйны вакуум. З моманту здарэння прайшоў амаль тыдзень. Дагэтуль не зразумела, ні што выбухнула, ні якая шкода прычыненая навакольнаму асяроддзю.

Жыхарам вёскі Нёнаксы, якая знаходзіцца побач з палігонам, дзе 8 жніўня адбыўся выбух, сёння рэкамендавалі пакінуць населены пункт, патлумачыўшы нейкімі працамі на вайсковым аб'екце. Пазней расейскія інфармагенцтвы напісалі: вайскоўцы скасавалі мерапрыемствы, праз якія планавалася эвакуацыя.

Жыхары Северадзвінска кажуць, што дагэтуль не ведаюць, што адбылося, і наколькі маштабным быў выкід радыяцыі. Аб магчымай экалагічнай шкодзе з «Настоящим временем» размаўляў эколаг з Северадзвінска Аляксей Клімаў.

- Раскажыце, што з морам, ці можна там, умоўна, збіраць марскую капусту, лавіць рыбу?

- Я, як грамадскі эколаг Северадзвінска, кажу ўсім: рыбу лавіць не трэба ў Дзвінскай затоцы Белага мора. Можна збіраць грыбы і ягады. Я бяру гэтую адказнасць на сябе, бо мясцовыя сродкі масавай інфармацыі, МНС нам не даюць дакладнай інфармацыі. На жаль, гэта так.

- Таму вы асцерагаецеся, што гэта можа быць забруджанае?

- У мяне няма лабараторных даследаванняў нейкіх аб забруджванні Дзвінскай затокі Белага мора, але я бачу, што тое, што адбылося, пакуль не дазваляе нам лавіць марскую рыбу. Грыбы, ягады можна збіраць.

- Зразумела, якія ізатопы наогул патрапілі ў атмасферу?

- Так, цяпер гэта ўжо зразумела. Гэта праект «Буравеснік», гэта ізатопы з выпраменьваннем. То бок, гэта не тыя ізатопы, якія забруджваюць тэрыторыю, гэта тыя ізатопы, якія часова павышаюць радыеактыўны фон.

- І вы ўпэўненыя, што гэта быў «Буравеснік», правільна я зразумела вас?

- «Буравеснік» - гэта праект прыкладна 1975 года, адначасова пачалі распрацоўваць СССР і ЗША. Мы прыкладна тут былі аднолькавыя. Я гэтую тэму вывучаў з 1993 да 2000 год, тройчы быў у Амерыцы. І дарэчы я, карэнны жыхар Северадзвінска, упершыню на атамных субмарынах, на атамных станцыях, на месцах пахавання радыеактыўных адходаў пабываў у Амерыцы.

- Вы ў адным са сваіх інтэрв'ю заявілі, што такія выпрабаванні наогул павінны быць спыненыя. Чаму?

- Не спыненыя, яны не могуць быць спыненыя. Яны павінны прадаўжацца, бо вайна - гэта наша ўсё, біч нашай цывілізацыі - гэта вайна. І мы павінны прадаўжаць узбраенне. Але ў нас ёсць шыкоўныя палігоны ў Карскім моры, у Баранцавым моры - вось давайце там. Але не ў 30 кіламетрах ад горада Северадзвінска. «Расатам» учыніў злачынства. Гэтае слова я бяру на сябе, гэта маё слова. Гэта было злачынства.

- Вы маеце на ўвазе, што выпрабаванні праводзіць трэба, але далёка ад населеных пунктаў.

- У нас 185 тысяч чалавек, у Архангельску - 350 тысяч чалавек. Вы што робіце? У вас што, мала Баранцавая і Карскага мора? У нас там шыкоўныя месцы. Вы белых мядзведзяў ганяйце, але не нас.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках