28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Усходнееўрапейскае лета

3
Усходнееўрапейскае лета

Еўропе праз тры дзесяцігоддзі пасля краху камунізму зноў трэба змагацца за сваю дэмакратыю.

Еўропа рыхтуецца святкаваць 30 гадоў з дня падзення камунізму. 19 жніўня канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель паедзе ў Шопран. Разам з прэм'ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам яна будзе ўшаноўваць гадавіну мірнага пратэсту на вугорска-аўстрыйскай мяжы, які дапамог адбіць першы кавалак ад жалезнай заслоны. Але падзея будзе гратэскавай. Нямецкай канцлерцы давядзецца святкаваць адраджэнне дэмакратыі побач з лідарам, які сістэматычна дэмантуе дэмакратычныя інстытуты ў сваёй краіне, — піша The Economist, (пераклад - unian.net). І гэта безумоўна падыме цэлую заслону каментароў аб правале абяцанняў 1989 года. Варта чакаць сумных размоў пра падзел Еўропы на Усход і Захад, а таксама злараднасці з нагоды прагнозаў аб «канцы гісторыі».

Карцінка з Шопрана не будзе, аднак, справядліва апісваць Усходнюю і Цэнтральную Еўропу. Дэмакратыя і ліберальныя каштоўнасці, несумненна, пакутуюць ад нападаў у рэгіёне.

The Economist Intelligence Unit з 2006 года фіксуе тут тэмпы скарачэння дэмакратыі, якіх няма ў аніводнай частцы свету. Аднак, было і некалькі пробліскаў надзеі за апошнія некалькі месяцаў.

Прэлюдыяй да гэтага «ўсходнееўрапейскага лета» стала перамога Зузаны Чапутавай на выбарах прэзідэнта Славаччыны. Да таго яна была ліберальнай актывісткай і змагалася з карупцыяй. Яна бараніла незалежнасць судоў у сваёй краіне і публічна асуджала паводзіны Орбана ў суседняй Вугоршчыне. У красавіку прэзідэнцкія выбары ў Паўночнай Македоніі скончыліся перамогай Сацыял-дэмакратаў і паразай нацыяналістаў. Гэта дазволіла краіне нарэшце развязаць старую спрэчку з Грэцыяй аб назве балканскай краіны і расчысціць шлях да сяброўства ў Еўразвязе. А ў траўні ў Літве і Латвіі на прэзідэнцкіх выбарах перамаглі памяркоўныя праеўрапейскія кандыдаты. Далей у красавіку выбары мэра Стамбула прывялі да ўлады ў найбуйнейшым горадзе Турцыі палітычнага апанента Раджэпа Таіпа Эрдагана. Гэта стала сведчаннем таго, што хватка аўтакратычнага турэцкага прэзідэнта слабее. У Чэхіі прайшлі самыя масавыя пратэсты з часоў падзення камунізму. Блізу 250 тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Прагі пасля таго, як прэм'ер-міністра краіны Андрэя Бабіша абвінавацілі ў махлярстве. Таксама ён зрабіў міністрам юстыцыі свайго сябра.

Пратэсты прайшлі таксама ў Малдове, дзе «антыалігархічная» кааліцыя зрынула рэжым Уладзіміра Плахатнюка. У Грузіі людзі на вуліцах выступілі супраць расейскай акупацыі часткі краіны. У ліпені румыны і баўгары таксама зладзіць акцыі пратэсту: першыя - супраць паліцэйскай некампетэнтнасці, а другія – супраць кумаўства ў судовай сістэме. Ва Украіне парламенцкія выбары скончыліся фармаваннем першай аднапартыйнай большасці з часоў звяржэння камунізму. Прэзідэнтам стаў былы актор Уладзімір Зяленскі, які паабяцаў утаймаваць карупцыю і наблізіць краіну да Захаду.

Цяпер у цэнтры сцэны Масква. 27 ліпеня блізу 20 тысяч людзей выйшлі на вуліцы. І гэта самая вялікая акцыя з 2012 года. Рэйтынг Уладзіміра Пуціна падае разам са скарачэннем рэальных заробкаў. Усплёск патрыятызму, які назіраўся пасля расейскай акупацыі Крыма, згас. А масквічы набліжаюцца да выбараў, у якіх усім непажаданым для ўлады кандыдатам забаронена балатавацца. Яшчэ адзін пратэст трэцяга жніўня таксама сабраў тысячы людзей на вуліцах, нягледзячы на масавыя збіванні і заключэнні.

Напраўду ўсе гэтыя падзеі не новыя для перыяду пасля 1989 года. Пратэсты і вынікі выбараў датычацца ў асноўным мясцовых праблем. Хоць у іх ёсць і агульныя фактары: праеўрапейскі ўхіл і вялікая колькасць маладых удзельнікаў. Орбан нікуды не дзенецца. Бабіш дагэтуль карыстаецца высокай падтрымкай, аб чым сведчаць апытанні. Тым часам, ва Украіне не вядома, ці зможа Зяленскі пакончыць з алігархічным мінулым краіны. У Расеі ды Турцыі змены, хутчэй за ўсё, адбудуцца толькі ў межах кіроўных партый.

Але цяперашняе лета таксама даводзіць, што заходнееўрапейскія клішэ аб Усходняй Еўропе ілжывыя. Дзяржавы, якія пацярпелі ад камунізму, не так ужо і няздольныя спараджаць моцную грамадзянскую супольнасць. Славяне і цюркі не маюць так званай унутранай «азіяцкай» прыхільнасці да аўтарытарных рэжымаў. Нішто не вечнае. Гісторыя ніколі не заканчвалася.

Усходнееўрапейскія ліберальныя маршы і выбаршчыкі заслугоўваюць большай падтрымкі ад заходняй часткі кантынента. У той час як у Маскве на вуліцах б'юць людзей, а Украіна і Грузія адчайна змагаюцца за незалежнасць, Нямеччына абараняе непатрэбны расейскі газаправод «Паўночны струмень-2», звязаны з геапалітычнымі і фінансавымі інтарэсамі Крамля. Тым часам, Ангела Мэркель і Эмануэль Макрон знішчаюць надзеі Паўночнай Македоніі на далучэнне да ЕЗ. Звяз марнуе занадта вялікую частку свайго бюджэту на няправільныя прыярытэты, такія як субсідыі фермерам. Пры гэтым ён не дастаткова падтрымлівае незалежныя СМІ і грамадскія арганізацыі.

Годныя галасы ў Чэхіі, Румыніі і Турцыі не атрымліваюць дастатковай увагі ад заходнееўрапейскіх палітыкаў і журналістаў. І гэта трэба змяніць. Сцвярджэнне, што Усходняя Еўропа - гэта Орбаны, Эрдаганы і Пуцін, надзвычай несправядліва. Цяперашняе лета давяло, што Усходняя Еўропа напраўду напоўненая дэмакратамі і лібераламі, якія гатовыя адсунуць свае інтарэсы дзеля большай справы. Калі ЕЗ дагэтуль хоць нешта бароніць і сапраўды шануе свае абяцанні 1989 года, ён падтрымае іх.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках