24 красавiка 2024, Серада, 8:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Змяненне клімату: што чакае нашу планету

53
Змяненне клімату: што чакае нашу планету

Чэрвень стаў самым гарачым месяцам на зямлі за ўсю гісторыю назіранняў, гэта значыць, за сто з лішнім гадоў.

Хваля гарачага паветра з Сахары накрыла ў чэрвені Заходнюю Еўропу і стала прычынай з'яўлення адразу некалькіх тэмпературных рэкордаў. Павелічэнне тэмпературы нашай планеты спыніць будзе немагчыма. А першыя наступствы гэтага можна ўбачыць ужо цяпер, піша nv.ua.

Чэрвень, які толькі што скончыўся, стаў для мяне даволі страшным. Справа ў тым, што за гэты месяц здарылася процьма падзей, якія паказваюць на цяжкую хваробу нашай планеты. У яе тэмпература. У наўпроставым сэнсе слова.

Мінулы чэрвень стаў самым гарачым месяцам на зямлі за ўсю нашу гісторыю назіранняў, гэта значыць, за сто з лішнім гадоў. Калі прыняць да ўвагі, што раней клімат быў агулам нашмат халаднейшым, то, імаверна, так горача на зямлі апошнім разам было ў часы дыназаўраў або каля таго.

Паводле ацэнак Еўрапейскай арганізацыі сачэння за кліматам( С3Ѕ), у чэрвені тэмпература на планеце была агулам на два градусы вышэйшай за норму, а ў Заходняй Еўропе — аж на шэсць ці нават 10 градусаў! Гэта вельмі шмат.

Хваля гарачага паветра з Сахары накрыла ў чэрвені Заходнюю Еўропу і стала прычынай з'яўлення адразу некалькіх тэмпературных рэкордаў. Яны былі ўстаноўленыя ў Польшчы, у Чэхіі і ў Нямеччыне.

Францыя

Але самы ўражальны вынік прыйшоў з Францыі. Там у Дэпартаменце Галаргю ле Манцье тэмпература паветра ў цені дасягнула амаль 46 градусаў па Цэльсіі.

У ранейшыя часы гэта быў бы выдатны вынік нават для Сахары, але мы гаворым аб кантынентальнай Еўропе. Відавочна, што гэта абсалютна ненармальна. Такога быць не павінна. Але і гэта яшчэ не ўсё.

Аляска

У гэтыя дні на Алясцы, за Палярным кругам, устанавілася небывалая спякота - пад 30 градусаў. Мясцовыя жыхары, якія не прывыклі да такіх тэмператур, нават палезлі купацца ў вадаёмы і арганізавалі там нешта тыпу пляжаў. Звычайна там такога ніхто не робіць!

Тут важна адзначыць вось што. Тэмпературныя рэкорды ў апошнія гады ставіліся ўвесь час, да гэтага мы, на жаль, прывыклі. Але звычайна яны павышаліся на адну, ну, максімум, дзве дзесятыя градуса Цэльсія. На гэты раз рост быў адразу на паўградуса, на цэлы градус, а ў Францыі — адразу на два градусы. Гэта як перавысіць рэкорд па скачках у даўжыню не на сантыметр, а адразу на паўметра. Разумееце, у чым праблема? Змена тэмпературы ідзе ўжо нашмат хутчэй, чым мы чакалі. Яна паскараецца, прычым, мы пакуль не вельмі разумеем, наколькі моцна.

Але затое мы бачым нейкія дзікія пагодныя з'явы. Жудаснымі паводкамі і ляснымі пажарамі цяпер ужо нікога не здзівіць. Пачаліся нашмат больш дзіўныя справы.

Індыя

Ну, напрыклад, возьмем Індыю. Краіна трапічная, да спякоты і дажджоў там усе прывыклі. Але вось на мінулым тыдні там адбылося нешта нябачанае нават паводле мясцовых мерак. У горадзе Мумбаі і ваколіцах прайшоў дождж, які назвалі «лівень дзесяцігоддзя». Гэта быў сапраўдны вадаспад, які зносіў дарогі, масты, дамы, людзей і наогул усё на сваім шляху.

Расея, Дагестан

На самым поўдні Расеі — у Дагестане - 1 ліпеня прайшоў неймавернай сілы снегапад. Летам. На поўдні. Так, гэта было ў гарах. Але раней там такога не было. Ніхто не можа ўзгадаць! Усе кажуць, што гэта нармальна для лістапада, але ніяк не для ліпеня.

Мексіка

Яшчэ больш дзіўная гісторыя адбылася ў Мексіцы. Трапічны горад Гвадалахару ў канцы чэрвеня засыпала паўтара метрамі граду, снегу і ледзяной кашы. Што гэта было, ніхто не разумее. Раней такое там не здаралася.

Але гэта дробязі ў параўнанні з сапраўды сур'ёзнымі праблемамі.

Грэнландыя

Самы вялікі востраў у свеце – Грэнландыя - амаль цалкам пакрыты ледніком. Улетку ён трохі растае, зімой зноў нарастае. Але сур'ёзнай спякоты там няма ніколі. Дакладней, раней не было.

У адзін (толькі адзін!) з чэрвеньскіх дзён гэтага года там нейкім чынам растала два мільёны тон лёду. Яшчэ раз: за адзін дзень - два мільёны тон. Як гэта магло адбыцца, навукоўцы не вельмі разумеюць, але б'юць трывогу - гэта ненармальна.

Антарктыда

Яшчэ трывожнейшая сітуацыя ў Антарктыдзе. Шматгадовыя назіранні паказалі, што там раставанне марскога лёду ідзе яшчэ хутчэй, чым у Паўночным паўшар'і. Калі марскі лёд растае, узровень акіяна не павышаецца, але ёсць іншая праблема. Яна называецца «падзенне альбеда».

Што такое альбеда? Альбеда - гэта здольнасць нашай планеты адлюстроўваць сонечнае святло і цяпло. Высокае альбеда - добра, шмат адлюстроўваем. Нізкае альбеда - адлюстроўваем мала, усё цяпло застаецца ў нас.

Як вы разумееце, белы снег і лёд максімальна моцна адлюстроўваюць цяпло і святло. Чым больш снегу і лёду, тым лепш. Планета не так награваецца і застаецца прахалоднай. Але ў нас зваротны працэс: Грэнландыя растае, Антарктыда растае, прычым абедзве - рэкорднымі тэмпамі. Калі Паўночныя ледавікі і паўднёвы марскі лёд знікнуць, мы будзем асуджаныя.

Павелічэнне тэмпературы нашай планеты спыніць будзе немагчыма. А першыя наступствы гэтага можна пабачыць ужо цяпер. Бескантрольная іміграцыя з бедных паўднёвых краін на поўнач будзе толькі нарастаць, пакуль не вымусіць паўночнікаў цалкам закрыць межы. А вось пасля гэтага пачнецца штосьці зусім нядобрае, аб чым цяпер нават думаць не хочацца.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках