19 красавiка 2024, Пятніца, 3:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Два хлопцы селі ў багажнік - і мы паехалі»

15
«Два хлопцы селі ў багажнік - і мы паехалі»

Ацалелы ў рэзананснай аварыі пад Белаазёрскам распавёў падрабязнасці.

Жудасная аварыя адбылася пад Белаазёрскам 7 ліпеня: «Мерседеc GL» перавярнуўся ў адзін з каналаў. Загінулі на месцы пяцёра - трое дзяцей і двое дарослых (мужчына і жанчына).

Пры гэтым, у аўтамабілі знаходзілася 10 чалавек (пяцёра мужчын, дзве жанчыны і трое малалетніх дзяцей).

Як здолела даведацца nn.by, за стырном быў 31-гадовы жыхар Белаазёрска Андрэй Букраба. У ягонай крыві выявілі 1,4 праміле алкаголю.

Высветлілася, што «Мерседэс» належыць бацьку хлопца. Прычым самога Андрэя амаль 10 гадоў таму пазбавілі пасведчання за кіраванне ў п'яным выглядзе.

«Сын жыў асобна. Аўто ён браў заўсёды, калі трэба было, бо мне ездзіць асабліва няма куды.

Учора я даведаўся ўсё пасля таго, як здарылася бяда. Прыехаў на месца, паўдня там правёў... Сына тады ўжо забралі ў міліцыю», - распавёў бацька Андрэя.

Вядома, што вялікая кампанія моладзі разам з дзецьмі адпачывала на лецішчы ў знаёмых. Паехалі туды 6 ліпеня.

На наступны дзень, калі вярталіся дадому, і адбылося страшнае ДТЗ.

Журналісты адшукалі аднаго з ацалелых у аварыі - Віталя Станкевіча, ён распавёў падрабязнасці таго дня.

«Там кампанія адпачывала на лецішчы. Потым яны патэлефанавалі Андрэю. Ён прыехаў да іх і патэлефанаваў і мне. Кажа: ці не хочаш пад'ехаць на дачу, адпачнем?

Я пагадзіўся. Букраба прыехаў па мяне разам з Кацярынай. Ён да яе падкочваў, можна сказаць, але ці сустракаліся яны, я не ведаю.

Мы прыехалі на лецішча. Але прайшло хвілін дзесяць, і гаспадар дачы стаў казаць, што ў яго ўзніклі нейкія справы, маўляў, трэба збірацца і ехаць, - успамінае Віталь. - А аўтамабіль у Букрабы ж вялікі. Ну і наважылі, каб два рэйсы не рабіць, загрузіцца ўсім адразу».

Спераду побач з кіроўцам села Ірына. На калені пасадзіла сваю 9-гадовую дачку.

Ззаду сеў сам Віталь, побач - Кацярына і яшчэ адзін госць, Ігар. Разам з Кацярынай былі яе дзеці, хлопчык і дзяўчынка.

Яшчэ двое хлопцаў: Аляксандр і Павел размясціліся ў багажніку.

Паехалі дадому.

«Букраба ехаў з хуткасцю кіламетраў 80-90, гэта дакладна. І на павароце ён ці пачаў тармазіць, ці яшчэ што, я не ведаю. Але машыну занесла і яна не ўпісалася ў паварот», - кажа Віталь.

«Мерседэс» перакуліўся ў канал.

Частцы людзей удалося выратавацца.

«Я не ведаю, астатнія патанулі або загінулі ад траўмаў. Мне здаецца, яны проста не змаглі выбрацца з аўтамабіля. Усё адбылося вельмі хутка. Амаль усе вокны былі зачыненыя. Я мяркую, што дзверы магло заблакаваць. Акно побач з кіроўцам было адчыненае, Андрэй выбраўся неяк. Аляксандр, які сядзеў у багажніку, змог адкрыць яго, частка людзей вылезла. Я сам быў у такім шоку, што нават не памятаю, як выбраўся з той машыны», - распавядае Станкевіч.

Акрамя яго, выжыў кіроўца, Андрэй Букраба, і двое яго знаёмых: Аляксандр і Ігар.

Павел, які сядзеў у багажніку, загінуў.

Кацярына выжыла, але загінулі двое яе дзяцей: 9-гадовы хлопчык і 4-гадовая дзяўчынка.

Ірына, якая сядзела на пасажырскім месцы ля кіроўцы, загінула разам са сваёй 9-гадовай дачкой.

«Калі я выбраўся на бераг, мяне ванітавала: так моцна наглытаўся вады. Аляксандр выбраўся і паклікаў нейкага рыбака. Выклікалі МНС.

Аляксандр і рыбaк пачалі ныраць, але без толку: вялікая глыбіня. Рыбак сказаў, што калі ныраеш да машыны, ужо не застаецца кіслароду, каб нешта там пад вадой зрабіць, трэба ўжо ўсплываць.

Прыехалі з МНС. Яны чамусьці прыехалі без аквалангаў - не ведаю чаму, можа, ім не так паведамілі аб здарэнні.

Яны паспрабавалі ныраць - таксама безвынікова.

Потым змаглі падчапіць машыну за фаркоп - «Мерседэс» быў у вадзе так, што нос унізе, а задняя частка паднятая», - успамінае Віталь.

Прыехала міліцыя, хуткая. Кацярыне, у якой загінулі двое дзяцей, нешта калолі, бо жанчына была ў жудаснай істэрыцы.

Цяпер кіроўца Андрэй Букраба знаходзіцца пад вартай.

«Андрэй нідзе не працаваў. У свой час яны разам з бацькам ездзілі ў Маскву, добра там падзарабіў. Таму ён мог сабе дазволіць пакуль не працаваць.

Але я не скажу, каб Букраба быў нейкім выпівохай. Ну, мог выпіць час ад часу. Але апошнім часам ён не ўжываў, бо былі праблемы са здароўем, - кажа Віталь. – Ці выпіваў Букраба на лецішчы, я не бачыў. Калі ён заязджаў па мяне, я не заўважыў, каб ад яго несла алкаголем, ці выглядаў ён, як п’яны».

У той жа дзень, 7 ліпеня, была распасатая крымінальная справа. Кіроўцу Андрэю Букрабе пагражае да 10 гадоў зняволення.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках