29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску затрыманыя службовыя асобы спецкамбіната КБА

23
У Менску затрыманыя службовыя асобы спецкамбіната КБА

Яны знаходзяцца ў СІЗА.

Галоўны інжынер КУП «Спецкамбінат КБА» і кіраўнік аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння гэтага ж прадпрыемства затрыманыя за хабар. Пра гэта паведамляе tut.by.

Аператыўнікі ў барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі выявілі службовыя злачынствы ў сферы камунальна-побытавага абслугоўвання насельніцтва.

Першы намеснік дырэктара – галоўны інжынер КУП «Спецкамбінат КБА» і кіраўнік аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння гэтага ж прадпрыемства за хабар выдавалі месцы для пахавання на могілках «Паўночных».

– Зламыснікі карысталіся тым, што колькасць свабодных месцаў для пахавання абмежаваная. Таму развязаць пытанне станоўча прапаноўвалі за пэўную плату. Грошы перадаваліся праз пасярэднікаў. Сярэдні кошт за магілу складаў парадку 1000 даляраў. Мы вызначылі блізу 170 месцаў пахавання, правамоцнасць вылучэння якіх трэба будзе высветліць падчас аператыўнай і следчай працы, – апавялі ў ГУБАЗіК МУС.

Паведамляецца таксама, што, акрамя «пахавальнай справы», галоўны інжынер браў хабар і ад сваіх падначаленых, якіх абвінавачваў у парушэнні працоўнай дысцыпліны. За таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, у тым ліку спіртное, кіраўнік «адмазваў» працаўнікоў спецкамбіната за спазненні, нецвярозы выгляд або нядобрасумленнае выкананне абавязкаў.

Цяпер зламыснік знаходзіцца ў СІЗА. У дачыненні да яго распачатыя крымінальныя справы паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 430 КК Беларусі (Атрыманне хабару). Максімальнае пакаранне – пазбаўленне волі тэрмінам да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

У сваю чаргу, кіраўнік аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння браў незаконныя ўзнагароджанні нібыта для іх наступнай перадачы службовым асобам, якія маглі вылучыць месцы для пахавання. Праўда, грошы мужчына пакідаў сабе. У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа паводле арт. 209 КК Беларусі (Махлярства), санкцыя якой прадугледжвае 3 гады пазбаўлення волі.

У ГУБАЗіК МУС дадалі, што правядзенне аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і следчых дзеянняў, накіраваных на вызначэнне іншых фактаў супрацьпраўнай дзейнасці абвінавачаных і іншых службовых асобаў КУП «Спецкамбінат КБА», прадаўжаецца.

Раней, нагадаем, паведамлялася пра затрыманне намесніка дырэктара ў агульных пытаннях менскага «Спецкамбіната КБА» Сяргея Рудога. Паводле версіі следства, ён «атрымаў у якасці хабару не менш за 800 даляраў ЗША за развязанне пытання, якое ўваходзіла ў ягоную кампетэнцыю».

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках