26 красавiка 2024, Пятніца, 1:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спецдакладчыца ААН: Я пачала прафесійна цікавіцца Беларуссю блізу 10 гадоў таму

14
Спецдакладчыца ААН: Я пачала прафесійна цікавіцца Беларуссю блізу 10 гадоў таму
АНАІС МАРЫН

У якіх умовах даводзіцца працаваць спецдакладчыку ААН аб Беларусі Анаіс Марын.

Паляпшэнняў у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не адбылося, асноўныя правы і свабоды чалавека парушаюцца як фактычна, так і юрыдычна. Больш за тое, існуе рызыка пагаршэння сітуацыі ў сувязі з надыходзячымі "выбарамі", канстатавала Анаіс Марын, спецыяльная дакладчыца ААН аб Беларусі, прадстаўляючы свой даклад на летняй сесіі Рады правоў чалавека ААН (СПЧ) у Жэневе.

У інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» Марын распавяла, як яна ацэньвае цяперашнюю сітуацыю у краіне і як працуе ў сітуацыі непрымання яе мандата ўрадам Беларусі.

- Вы сталі спецдакладчыцай аб Беларусі надоечы - у лістападзе 2018 года. Наколькі супалі вашыя ўяўленні аб Беларусі і чаканні ад працы спецдакладчыцай з рэальнай сітуацыяй у краіне?

- Я пачала прафесійна цікавіцца Беларуссю блізу дзесяці гадоў таму, у асноўным пытаннямі замежнай і ўнутранай палітыкі. Таму сачу за зменамі, якія адбываюцца ў рэгіёне. Калі я заступіла на пасаду восенню 2018 года, то спадзявалася, што ва ўладаў Беларусі ёсць жаданне пайсці на саступкі і рэформы. Аднак, падрабязна даследуючы сітуацыю з правамі чалавека, атрымліваючы скаргі і довады парушэнняў правоў ад саміх ахвяр, я неўзабаве ў гэтым расчаравалася.

- У дакладах аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі пастаянна гучаць адны і тыя ж тэмы - наяўнасць смяротнага пакарання, пераслед журналістаў і актывістаў, затрыманні на пратэстных акцыях. Што істотна змянілася ў дакладзе гэтага года?

- Кожны даклад у СПЧ ААН павінен мець пэўную структуру і асвятляць усе аспекты правоў і свабод чалавека. Але змена дакладчыка усё ж уплывае на кантэнт і падыход да праблем. Я, напрыклад, надумала зрабіць акцэнт на праблемах, якія раней не выклікалі столькі ўстурбаванасці. Гаворка ідзе ў першую чаргу аб дыскрымінацыях.

Таксама да мяне яшчэ да Новага года звярнуліся наўпрост «Маці-328». Я іх выслухала, азнаёмілася з матэрыялам, якія яны сабралі з нагоды умоў затрымання і зняволення іх дзяцей. Я была проста ў жаху. Аднак мне трэба пераправяраць усе аргументы і сцверджанні аб парушэннях, што спецдакладчыку рабіць вельмі складана ва ўмовах, калі няма доступу да краіны, а ахвяры парушэнняў сядзяць у турме.

- Адразу пасля прэзентацыі вашага дакладу сталы прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэневе Юрый Амбразевіч заявіў, што сітуацыя з правамі чалавека не заслугоўвае разгляду ў Радзе правоў чалавека ААН, а таксама звярнуў увагу на палітычную матываванасць як самога дакладу, так і вашага мандата ў прынцыпе. Такога ж меркавання прытрымліваліся беларускія ўлады і раней - не прызнавалі мандат мінулага спецдакладчыка і не пускалі з афіцыйным візітам у краіну. Як вам удаецца працаваць у такіх умовах?

- Сапраўды, беларускія ўлады ўспрымаюць спецыяльную працэдуру разгляду сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі як нелегітымнае ўмяшанне. Яны ўважаюць мандат палітызаваным, бо ініцыятыва яго стварэння зыходзіла ад ЕЗ у момант, калі рэпрэсіі ў Беларусі былі вельмі жорсткія (Мандат спецдакладчыка аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі быў створаны ў 2012 годзе; а ў 2010-2011 гадах у краіне прайшлі пратэсты супраць вынікаў «прэзідэнцкіх выбараў», якія выліліся ў масавыя арышты і затрыманні, а таксама крымінальныя тэрміны для былых кандыдатаў у прэзідэнты. - рэд).

А паколькі папярэдні спецдакладчык Міклаш Харашці год за годам паказваў, што сітуацыя з правамі чалавека ў краіне істотна не паляпшаецца, а, наадварот, у некаторых сферах нават пагаршаецца, кожны год СПЧ падаўжаў яго мандат. А ўлады Беларусі не дазвалялі яго афіцыйны візіт у Менск ды ігнаравалі.

Такі ж падыход у Беларусі і да мяне. У лістападзе я адправіла ў МЗС ліст з просьбай дазволіць мне наведаць Беларусь з афіцыйным візітам, але адказу не атрымала. Для мяне гэта было расчараванне.

У выніку мне давялося працаваць без доступу да краіны, ураду і афіцыйных звестак. У мяне няма ніякіх кантактаў з уладамі Беларусі. Для працы я выкарыстоўваю тую інфармацыю, якую можна знайсці ў адкрытым доступе ў інтэрнэце або якую атрымліваю ад прадстаўніцтваў розных міжнародных арганізацый у Менску. І, вядома, са мной дзеляцца звесткамі няўрадавыя і праваабарончыя арганізацыі Беларусі, і я ўсім вельмі за гэта ўдзячная.

- Якой вы бачыце сваю місію дакладчыцы аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі? Што для вас было б значным вынікам працы па заканчэнні мандата?

- Мая місія ў тым, каб усялякім чынам станоўча ўплываць на развіццё Беларусі ў сферы абароны і заахвочвання правоў чалавека. Гэта складаная задача. Але трэба памятаць, што я незалежная экспэртка, а гэта значыць, што я буду мець павагу СПЧ, толькі калі строга выконваю кодэкс паводзінаў спецдакладчыкаў і дзейнічаю ў рамках рэзалюцыі аб мандаце. Я павінна быць бесстаронняй у ацэнцы сітуацыі ў краіне.

Ва ўмовах, калі Беларусь наогул ніяк не садзейнічае рэалізацыі маёй місіі, я буду вітаць усе, нават маленькія крокі. Мяркую, што не варта правакаваць урад і адразу рабіць акцэнт на тых аспектах, у якіх улады відавочна не гатовыя ісці на саступкі. Думаю, ёсць большы шанец дасягнуць поспеху, калі я выбіраю больш універсальныя тэмы, напрыклад абарону правоў дзяцей, бо падлеткі, якія асуджаныя паводле наркатычных артыкулаў і адбываюць працяглыя, больш за 10 гадоў, тэрміны зняволення, у першую чаргу з'яўляюцца дзецьмі згодна з Канвенцыяй аб правах дзіцяці. І я залічвала б да прагрэсу ўсялякае паляпшэнне іх жыцця ў турме і кожны год, на які ўдалося паменшыць іх тэрмін зняволення.

- Як, на ваш погляд, прымусіць улады Беларусі больш уважліва падыходзіць да пытанняў выканання правоў чалавека ў краіне?

- Няма ніякага чароўнага сродкі. Калі б усім было ясна, што рабіць, не спатрэбілася б пасада спецыяльнага дакладчыка. Ёсць розныя падыходы да гэтага пытання. Я мяркую, што трэба дзейнічаць палітыкай маленькіх крокаў. Але я не дыпламат, у маёй пазіцыі складана не крыўдзіць урад Беларусі…

Мне здаецца, што толькі час і людзі, якія сапраўды гатовыя да паляпшэння сітуацыі знутры, у грамадстве і ў бюракратычным апараце, могуць нешта зрабіць. Усе змены павінны адбывацца знутры, каб быць устойлівымі і легітымнымі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках