29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сямашка: Мы не зможам перажыць падатковы манеўр

106
Сямашка: Мы не зможам перажыць падатковы манеўр
УЛАДЗІМІР СЯМАШКА
ФОТА: DELFI

Пасол Беларусі ў РФ распавёў пра перамовы аб «саюзнай дзяржаве».

Адсутнасць супастаўных коштаў на газ у Беларусі і Смаленскай вобласці Расеі, а таксама падатковы манеўр парушаюць дамову аб Еўразійскім саюзе. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю «Комсомольской правде» амбасадар Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка.

Стэнаграма інтэрв'ю апублікаваная на сайце МЗС.

Сямашка нагадаў, што Беларусь і Расея два гады таму падпісалі пратакол аб коштаўтварэнні на газ.

- Згодна з гэтым дакументам да канца 2018 года павінны былі выпрацаваць агульную формулу, з тым каб выйсці ў перспектыве на супастаўныя кошты газу для Беларусі і для спажыўцоў Смаленскай вобласці Расеі. А ўжо 1 ліпеня гэтага года падпісаць адпаведнае міжурадавае пагадненне.

Пасол мяркуе, што гэты крок зблізіў бы ўмовы гаспадарання для прадпрыемстваў Беларусі і Расеі і дазволіў бы прыступіць «да развязання іншых, больш складаных задач беларуска-расейскай і еўразійскай эканамічнай інтэграцыі».

- Мы накіроўвалі свае прапановы ў Мінэнэрга РФ, Газпрам, урад РФ. Прапаноўвалі розныя методыкі, але пакуль не атрымалі ніводнай афіцыйнай высновы. Такая сітуацыя адбываецца і з падатковым манеўрам. Мяркуем, што гэта парушэнне Дамовы аб Еўразійскім саюзе.

У інтэрв'ю тэлеканалу «Расія 24» Сямашка ўдакладніў, што Беларусь прапанавала чатыры такія методыкі, але не атрымала адказу на аніводную з прапаноў.

Каментуючы пазіцыю аб тым, што падатковы манеўр - унутраная справа Расеі, Сямашка падкрэсліў, што ў ЕАЭС павінна быць забяспечана «ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, раўнапраўе і ўлік нацыянальных інтарэсаў бакоў».

- Мы чатыры гады таму куплялі нафту тым жа коштам, як і расейскія НПЗ. А цяпер нас выводзяць на сусветныя кошты. Жыццёвы прыклад. Я павінен купіць нафту сусветным коштам, перапрацаваць яе, заправіць трактар, аўтамабіль, камбайн, пасеяць, сабраць ураджай, выпусціць прадукт, а потым бязмытна паставіць яго нізкім коштам на рынак Расеі і Еўразійскага саюза. Гэта значыць сабе ў страту.

Пасол Беларусі адзначыў, што расейскі бюджэт, які шмат у чым фармуецца за кошт продажу нафты і прадуктаў яе перапрацоўкі, можа дазволіць сабе падатковы манеўр і нават здабыць ад гэтага.

- І расейскія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы не страчвалі – атрымлівалі б кампенсацыю. У нас нафты няма. У Беларусі «манеўр» робіць двайны ўдар - і па нафтаперапрацоўчай галіны, і па бюджэце. Мы ўжо страцілі 3,6 мільярдаў даляраў і можам страціць яшчэ блізу 10 мільярдаў. Ва ўрада Расеі разуменне праблем Беларусі ў сувязі з «манеўрам» ёсць, ужо абмяркоўваюцца кампенсацыйныя механізмы.

У інтэрв'ю «Расея 24» Сямашка працягнуў гэтую тэму, сказаўшы, што выдаткі ад другога этапу падатковага манеўру, які працягнецца да 2024 года, «непад'ёмныя» для Беларусі.

- Расейскія НПЗ будуць купляць нафту недзе за 83-84% ад сусветнага кошту. Мы ж будзем купляць сусветным коштам. А што такое гэтая льгота? Для таго, каб НПЗ нармальна працаваў, браў крэдыты, абслугоўваў іх, мадэрнізаваўся, дастаткова 4-5%. А тут - 16-17%. А ў нас гэтага не будзе. Таму мы не зможам перажыць падатковы манеўр.

Кажучы пра перспектывы ўвядзення адзінай валюты, амбасадар заявіў, што пакуль Расея і Беларусь не выраўняюць эканамічныя ўмовы, казаць пра тое, што «мы неадкладна развяжам праблему адзінага мытнага, падатковага заканадаўства, адзінай валюты, адзінага эмісійнага цэнтра, - заўчасна».

Сямашка заявіў, што цяпер стораны вядуць перамовы аб праграме рэалізацыі дамовы аб «саюзнай дзяржаве», але аб пераглядзе дакумента гаворка не ідзе.

Напісаць каментар 106

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках