24 красавiка 2024, Серада, 12:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міністэрства абароны: Падрывы адбыліся ў трох з шасці месцаў, дзе праводзілі салюты

39
Міністэрства абароны: Падрывы адбыліся ў трох з шасці месцаў, дзе праводзілі салюты
PHOTO: SVABODA.ORG

3 ліпеня падарваліся вырабы аднаго калібру.

Камісіяй Міністэрства абароны працягваецца службовае расследаванне паводле факту выбухаў феерверачных вырабаў у Менску. Пра гэта паведамляе прэс-служба ўстановы.

«Выяўлена, што падарваліся вырабы аднаго калібру (195 мм) з пяці, што выкарыстоўваліся падчас салюту (105 мм, 125 мм, 150 мм, 195 мм, 310 мм). Падрывы адбыліся ў трох з шасці месцаў, дзе праводзіўся салют. Пасля першых падрываў салют у гэтых мясцінах быў спынены», - гаворыцца ў паведамленні.

Як мяркуецца, прычына падрыву - няякасныя набоі гэтага калібру (195 мм). Следчым камітэтам таксама выстаўленыя і адпрацоўваюцца іншыя магчымыя версіі таго, што адбылося.

Устаноўлена, што ўсе рэгламентаваныя нарматыўнымі дакументамі меры бяспекі былі выкананыя. Вайскоўцы разлікаў салютных установак прайшлі спецыяльную падрыхтоўку і былі дапушчаныя да правядзення салюту адпаведнымі загадамі.

Для выключэння «чалавечага чынніку» (няправільнай эксплуатацыі ўстановак і вырабаў) у рамках аб'ектыўнага кантролю вялася відэаздымка працэсу набівання салютных установак.

У месцах правядзення салюту было выстаўлена ачапленне згодна з нарматыўным актам, які рэгламентуе прымяненне гэтых феерверачных вырабаў, якія маюць адпаведныя сертыфікаты фірмы-вытворцы (салютныя ўстаноўкі і самі феерверачныя вырабы набыты ў расейскім ААТ «Піра-Рос»).

«Улічваючы, што такіх падрываў у папярэдні перыяд не было зафіксавана, што адбылася трагічная падзея, на жаль, цяжка было пралічыць. Гэта вельмі рэдкі выпадак. Вайсковая ўстанова выказала спачуванне родным і блізкім загінулай і надае ім неабходную дапамогу», - адзначылі ў Міністэрстве абароны.

Нагадаем, 3 ліпеня падчас святочнага салюту на беразе ракі Свіслачы непадалёк ад стэлы «Менск - горад-герой» адбылося надзвычайнае здарэнне. Відавочцы паведамлялі аб двух выбухах, якія адбыліся недалёка ад зямлі, і незвычайна зыркім выбуху. Выбухной хваляй былі выбіты шыбы ў дамах на вуліцы Даўмана і Чарвякова. Пазней стала вядома, што ў выніку надзвычайнага здарэння загінула 64-гадовая жанчына - з непацверджаных звестак, металічны аскепак трапіў ёй у шыю. У Следчым камітэце паведамілі пра 10 пацярпелых, двое з іх - у лякарні, паведамляе tut.by.

Следчы камітэт разглядае чатыры асноўныя версіі: пра няспраўнасць салютных установак, няспраўнасці феерверачных вырабаў, няправільнае набіванне салютных установак, няправільную эксплуатацыю салютных установак.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках