26 красавiка 2024, Пятніца, 2:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СК: Ад выбухаў падчас салюту ў Менску пацярпелі не менш за 10 чалавек

12
СК: Ад выбухаў падчас салюту ў Менску пацярпелі не менш за 10 чалавек

Распачатая крымінальная справа.

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле факту выбухаў феерверачных вырабаў у Менску. Пра гэта паведамляе прэс-служба ўстановы.

«Са звестак следства, 3 ліпеня падчас правядзення святочнага салюту ў Менску адбыліся чатыры выбухі феерверачных вырабаў. У выніку разбураны салютныя ўстаноўкі, разлётам аскепкаў нанесены цялесныя пашкоджанні не менш як 10 грамадзянам. Адна жанчына, нягледзячы на аператыўна нададзеную медыцынскую дапамогу, памерла на месцы здарэння. Акрамя таго, пашкоджаныя будынкі і збудаванні, якія знаходзяцца паблізу», - гаворыцца ў паведамленні.

Крымінальную справу распачалі паводле ч. 2 арт. 463 (парушэнне правілаў абыходжання з рэчывамі і прадметамі, якія маюць падвышаную небяспеку для навакольных) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Паводле справы выстаўленыя і адпрацоўваюцца версіі пра няспраўнасць салютных установак, няспраўнасці феерверачных вырабаў, няправільна зараджаныя салютныя ўстаноўкі, няправільную эксплуатацыю салютных установак.

Цяпер праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні. Працягваецца праца на месцах здарэнняў, адбіраецца тэхнічная дакументацыя, звязаная з эксплуатацыяй салютных установак і феерверачных вырабаў. Дапытваюцца сведкі, у тым ліку вайскоўцы і супрацоўнікі прадпрыемства-пастаўшчыка феерверкаў. Прызначаныя экспэртныя даследаванні. Расследаванне трывае.

Нагадаем, 3 ліпеня падчас святочнага салюту на беразе ракі Свіслач недалёка ад стэлы «Менск - горад-герой» адбылося надзвычайнае здарэнне. Відавочцы паведамлялі аб двух выбухах, якія адбыліся недалёка ад зямлі і незвычайна зыркім выбуху. Выбухной хваляй былі выбіты шыбы ў некаторых дамах на вуліцы Даўмана і Чарвякова. Пазней стала вядома, што ў выніку надзвычайнага здарэння, прычыны якога высвятляюцца, загінула 64-гадовая жанчына - з непацверджаных звестак, металічны аскепак трапіў ёй у шыю. Яшчэ некалькі чалавек пацярпелі, піша tut.by.

Як раней паведамляла выданне «Мінск-Навіны», феерверкі ў Менску планавалі запускаць з васьмі камбінаваных салютных установак на базе машыны МАЗ. У кузаве абсталяваны сотні руляў, з якіх даецца набой рознага калібру: ад 105 да 310.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках