29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

26-гадовы хлопец з Гарадзенскай вобласці памёр ад рака, які развіўся ў войску

59
26-гадовы хлопец з Гарадзенскай вобласці памёр ад рака, які развіўся ў войску
МІХАІЛ ПАДЧАС ПРЫСЯГІ. ЁН БЫЎ ЖАНАТЫ І ЎЗЯЎ ПРОЗВІШЧА ЖОНКІ - РЫШТОЎСКІ.

Выявілі рак толькі на чацвёртай стадыі.

У сям'і Куневічаў з вёскі Трошчыцаў Карэліцкага раёна — трагедыя: у мінулую суботу, 20 ліпеня, памёр сын, 26-гадовы Міша, піша nn.by. памёр ад раку страўніка. Яго камісавалі, калі хвароба была ўжо на фатальнай стадыі. Хутчэй за ўсё, хлопца прызвалі ў войска ўжо з ракам. І з анкалогіяй ён служыў — ніхто не звяртаў увагі на болі і ваніты, хлопца шпігавалі прымітыўнымі таблеткамі. Чаму так адбываецца?

Сям'я сцвярджае, што Карэліцкі ваенкамат спецыяльна, у сувязі з недаборам, заплюшчыў вочы на дрэнныя аналізы прызыўніка і адправіў яго служыць. У войску Міша большую частку часу правёў у шпіталях на прымітыўных таблетках і з таўром «касільшчыка», пакуль, нарэшце, у Менску ў яго не дыягнаставалі рак са шматлікімі метастазамі, адразу чацвёртай ступені!

Пасля гэтага яго камісавалі, а хлопец пражыў яшчэ некалькі месяцаў - нічога ўжо нельга было зрабіць.

«Міша - малады хлопец, але пэўныя праблемы са здароўем у яго былі — распавядае нам ягоная маці, Вольга Куневіч. - Да войска ён скардзіўся часам: балеў жывот, не было апетыту. Але неяк асабліва на гэта ўвагі не звярталі, ён сам не звяртаў. Ён бываў у нашай лякарні, СОЭ падскоквала ўтрая! Але нешта сімптаматычна рабілі, яно зніжалася. Потым, перад войскам, можа, за нейкі год, пачалося такое, што раны перасталі гаіцца. Голіцца, дзесьці закране лязом - і нагнаенне адразу, не гоіцца. Мы і з гэтай шчакой парэзанай нават хадзілі да лекара, маўляў, як бы яе загаіць. А тут заклік, ваенкамат - аналізы ідэальныя! Я тады яшчэ сама хадзіла да Зарубайкі [тагачасны камісар Карэліцкага раёна], прасіла, каб хоць яго добра паглядзелі, ён жа хворы. У Гародню ён паехаў на камісію, але там нічога ў яго не праверылі. Зарубайка ўзяў справы прызыўнікоў, сам пайшоў на камісію, яны там яму падмахнулі, што згаджаюцца з вердыктам нашага камісарыята - і ўсё. А хлопцы нічога не сказалі. Іх шмат было. Гэта наш сын распавядаў, але і іншыя могуць пацвердзіць».

Са слоў жанчыны, у войску стан Міхаіла пагоршыўся — службу ён праходзіў у Менску, у/ч 20170.

«Ён нават прысягу прымаў у шпіталі! Мне тэлефанаваў, казаў: мама, я падыхаю. А яму: «Ты косіш!» - і давалі дротавярын і алюмаг [спазмалітыкі і супраць язвы — рэд.]. Паглыбленых аналізаў, з ягоных слоў, яму не праводзілі. Ён і ў вучэбцы, у Печах, ляжаў у шпіталі, у Слоніме ляжаў у шпіталі, дзе нічога і не шукалі. Як ён мне казаў, ён пры лекары выпіў вады і адразу ж гэтым званітавала, на яго ж. І тады яны, мажліва, падумалі, што можа, і не косіць, і адправілі ў Менск. У Менску выявілі анкалогію і адразу ж камісавалі. Але там была чацвёртая стадыя, ён прыехаў дадому, трохі пажыў і ўсё. Там ужо нічога не дапамагае...» - плача жанчына.

«З вайсковай выпіскі вынікае, што хвароба з'явілася падчас службы. Але гэта фантастыка! Мы потым ездзілі ў Бараўляны. Лекары кажуць, каб за адзін год з нічога ў чацвёртую стадыю - такога не бывае. А вайскоўцы гнуць сваю лінію. Мы падавалі скаргу ў пракуратуру, яны згаджаюцца з вайскоўцамі: «Захворванне, набытае падчас службы», - кажа Вольга Куневіч.

АДКАЗ ГАРАДЗЕНСКАЙ УПРАВЫ АХОВЫ ЗДАРОЎЯ НА ЗВАРОТ СЯМ'І АБ НЕЗАКОННЫМ ПРЫЗЫВЕ НА СЛУЖБУ.

Ці сапраўды ў хлопца былі дрэнныя аналізы перад адпраўкай у войска? Сям'я мяркуе, што іх маглі ўтаіць або падмяніць на «чыстыя».

Журналісты знайшлі лабаранта паліклінікі ў Міры, дзе Міхаіл іх здаваў.

Лабарантку клічуць Данута Хвасько. Яна ўспамінае, што аналізы сапраўды добрымі не былі.

«У яго ніколі не было добрых аналізаў. Ён ляжаў у нашай лякарні яшчэ і да войска, і яны ўсе былі дрэнныя. Пра СОЭ я не памятаю нічога, але памятаю, што былі высокія лейкацыты. Мы тады яшчэ з маёй калегай - нас двое, - абмяркоўвалі, ад чаго гэта можа быць. Ну мы не лекары, мы падумалі, што, можа, гэта праз ангіну, ці што. А далей як? Вось яны прыйшлі па лініі ваенкамата здаць аналізы, мы іх ім жа назад і даем, і яны самі ідуць з паперамі ў камісарыят, а там ужо лекары прымаюць пастанову. Я выключаю, што нейкія аналізы маглі быць падмененыя: я што, у турму хачу? Я сама - маці, я ніколі б ніякаму камісару ў такой справе падыгрываць не стала б, хай бы мяне на каленях малілі. Гэта пытанні да камісіі», - сказала нам Данута Хвасько.

Карэліцкі камісар Канстанцін Зарубайка, за якім быў прызваны Міхаіл Куневіч, пачуў пытанне журналістаў і кінуў слухаўку, сказаўшы, што гутарыць не будзе.

КАНСТАНЦІН ЗАРУБАЙКА, БЫЛЫ КАРЭЛІЦКІ ВАЙСКОВЫ КАМІСАР.

Сябры Міхаіла кажуць, што Зарубайка катэгарычна заяўляў яму: «Што ні рабі, а служыць ты пойдзеш».

Такую прынцыповасць сябры звязваюць з тым, што Міхаіл, выяўляецца, ужо прызываўся ў войска, у 2017-м, але прабыў там зусім нядоўга, бо ажаніўся на жанчыне, якая мела маленькае дзіця.

Такім чынам, ён стаў прыёмным бацькам і атрымаў права на адтэрміноўку. А як толькі дзіцяці споўнілася тры гады, то Міхаіл зноў падлягаў прызыву на службу.

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках