25 красавiка 2024, Чацвер, 19:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дармаедскую» базу могуць пашырыць

24
«Дармаедскую» базу могуць пашырыць

Працаўнікоў ЖЭСаў адправілі збіраць звесткі па кватэрах.

У Беларусі яшчэ зімой былі сфармаваныя «дармаедскія» базы. Ужо са студзеня тым, хто трапіў у базу прыйшлі значна цяжэйшыя квітанцыі камунальных паслуг. Пры гэтым, адзначаюць спецыялісты, многія беларусы трапілі ў базу звестак «не занятых у эканоміцы» памылкова.

На днях яшчэ стала вядома, што ў Берасці па кватэрах «дармаедаў» сталі хадзіць работнікі ЖЭСаў.

Па каментар сайт Charter97.org звярнуўся да актывісткі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», удзельніцы пратэстаў супраць «дармаедскага» дэкрэта ў 2017 годзе Паліны Шарэнда-Панасюк:

- Магу сказаць, што да нас яшчэ не прыходзілі. Хоць мы з мужам ужо больш за 10 гадоў не можам ўладкавацца ні на якую працу ў Берасці, а ў нас двое маленькіх дзяцей.

Тое, што ёсць людзі, якія праз памылку трапляюць у «дармаедскія» базы, дэманструе непрафесійнасць чыноўнікаў. Ведаем мы, чыталі, хто сядзіць у гэтых камісіях, складае базы. Ім пляваць на простых людзей, многае робіцца праз рукавы. Лукашэнкаўскі рэжым проста імкнецца паставіць беларусаў у такое становішча, калі, паспрабуй, дакажы, што ты не вярблюд.

Яны думаюць так, «занясём у базу пабольш беспрацоўных. Хай пабегаюць, паспрабуюць давесці, што не «дармаеды». Чыноўнікі ўсімі спосабамі спрабуюць зняць з беларусаў, як мага больш грошай.

- Як вы ацэньваеце тое, што нават уключаным у базу «дармаедаў» праз памылку налічваюць павышаную камуналку?

- Вядома ж гэта несправядліва. Беларускія ўлады, на жаль, катэгарычна не хочуць бачыць нашу краіну еўрапейскай. Яны аж ганарацца гэтым і з пагардай адклікаюцца пра Еўропу і яе каштоўнасці, вядома, акрамя еўрапейскіх грошай. Грошы ім падабаюцца. Яны - адзіная каштоўнасць для іх.

Яны самі сабе закон, што хочуць, тое і вернуць. Яны адступаюць толькі тады, калі людзі выходзяць пратэставаць. Гэта яскрава паказалі Маршы супраць дэкрэта аб «дармаедах» 2017-га года. Уладам трэба, так бы мовіць, «даваць па руках». Яны ігнаруюць нават Канстытуцыю. Калі рэжыму патрэбныя грошы, то ён робіць усё, каб іх дзесьці ўрваць і закон тут на 10-ым месцы.

- У Берасці работнікаў ЖЭСа прыцягнулі да пошуку «дармаедаў». Цяпер яны вымушаныя хадзіць па кватэрах і «інфармаваць». Раней на пошук дармаедаў ужо адпраўлялі супрацоўнікаў МНС і настаўнікаў. Як вы ставіцеся да падобнай практыкі?

- Нашу сям'ю пакуль яны абмінаюць. Можа быць, яны ўсё роўна баяцца, што мы ведаем свае правы і зможам даць адпор.

Сумна, што самі настаўнікі, супрацоўнікі МНС і ЖЭСа дапускаюць такое. Ведаеце, дзейная ўлада любога дзяржслужбоўца разглядае, як рабсілу. Яна можа гэтым дзяржслужачым даць любое заданне - ад фальсіфікацыі выбараў да стварэння «дармаедскіх» баз.

Іх разглядаюць не як, напрыклад, работнікаў ЖЭСа, у якіх ёсць пэўныя абавязкі, а тых, хто можа паралельна з непасрэднай працай хадзіць па кватэрах, збіраць звесткі. Стаўленне да дзяржслужбоўцаў такое, што ім могуць даручыць выконваць самую брудную працу.

- А саміх дзяржслужбоўцаў не бянтэжыць маральны бок ускладзеных на іх «задач»?

- Скажу так, у Беларусі існуе вялікая праблема - беспрацоўе. Людзі ўсімі праўдамі і няпраўдамі імкнуцца заняць хоць якое-тое месца. На дзяржслужбу, у асноўным, уладкоўваюць з дапамогай сваякоў, выкарыстоўваюць блат. Зразумела справа, што ўладкаваўшыся падобным чынам многія проста вымушаныя выконваць усе абсурдныя загады начальства. Дзяржслужачых вельмі моцна апрацоўваюць.

Гэта значыць, нармальны чалавек у сучаснай Беларусі не імкнецца патрапіць у дзяржслужбоўцы. Хіба добраахвотна хтосьці пагодзіцца лезці ў чужыя кватэры?

- Што б вы параілі людзям, да якіх наведваюцца з праверкай з «дармаедскай» камісію?

- Ведаеце, калі б да мяне прыйшлі гэтыя таварышы, то я б іх на парог не пусціла і іншым гэта раю. Вядома, рэальнасць у Беларусі такая, што для гэтага трэба асабістая мужнасць і хоць трохі арыентавацца ў сітуацыі ў краіне. Трэба разумець, што калі да вас прыйшлі прадстаўнікі ўлады, то гэта не значыць, што яны дзейнічаюць законна і маюць права нешта патрабаваць, атрымліваць звесткі.

У нашым выпадку менавіта дзяржава выступае антаганістам закона.

- Ужо з 1 кастрычніка беспрацоўныя будуць плаціць па павышаных тарыфах не толькі за падагрэў вады, але і за газ з ацяпленнем. Якую рэакцыя гэта можа выклікаць

- Сёння мы бачым, што, у адрозненне ад 2017-га года, улады паступаюць больш ашчадна і хітра. Яны нібыта не запісваюць у «дармаеды» ўсіх кагалам, а выбралі пэўную катэгорыю людзей.

Напрыклад, у Берасці, менавіта паводле афіцыйных звестак, у базу патрапілі 23 тысячы чалавек. Тым не менш, відавочна, што толькі адна катэгорыя тых, якія трапілі ў «дармаедскую» базу не дасць рэжыму тых рэсурсаў, на якія ён разлічвае.

З гэтага лагічна зрабіць выснову, што яны будуць пашыраць «дармаедскую» базу. Па меры ж яе пашырэння сацыяльнае напружанне будзе павялічвацца і могуць паўтарыцца пратэсты 2017-га года, якія могуць стаць яшчэ больш маштабнымі.

Бо калі ў 2017-м годзе яны хацелі разавай аплаты «дармаедскага» падатку, то цяпер кожны месяц налічваюць надмерныя камунальныя плацяжы адносна рэальнага беларускага заробку. У Берасці, напрыклад, ужо стабільна заробкі адны з самых маленькіх у краіне, а цэны бываюць большыя, чым у тым жа Менску.

Можа, яшчэ не ўсе адчуваюць, але ўпэўненая, што ўсё больш і больш беларусаў адчуе на сабе гэты ўказ прэзідэнта Беларусі.

- Як вы мяркуеце, да пратэстаў у Берасці, якія цяпер праходзяць супраць акумулятарнага завода, ці могуць далучыцца і запісаныя ў «дармаеды»?

- Сапраўды, можна сказаць, што ў Берасці ў апошнія гады склалася традыцыя супраціву і салідарнасці. Гэта факт. У горадзе праходзяць не нейкія стыхійныя бунты, а ўжо склалася менавіта традыцыя. Увосень пратэст цалкам можа разрасціся.

Асобна хачу адзначыць стаўленне ўладаў да тых, што працуюць за мяжой. Нядаўна прачытала, што «дармаеды» пералічылі з-за мяжы ў Беларусь больш за мільярд даляраў. Хіба стаўленне ўладаў да іх справядлівае. Гэта самае сапраўднае свінства і подласць!

Нармальны ўрад цешыўся б, што людзі здымаюць эканамічнае напружанне, пералічваючы ў краіну грошы сваім сем'ям, якія тут іх і будуць выдаткоўваць. Мала таго, што рэжым тут людзям не дае працаваць, дык яшчэ хоча залезці ў кішэню і да тых, хто працуе за мяжой! Хоць іншага ад гэтай улады чакаць ужо не выпадае.

Увогуле, хачу сказаць, што людзям ва ўсіх гарадах краіны трэба аб'ядноўвацца па прыкладзе таго ж Берасця і даваць адпор.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках