24 красавiка 2024, Серада, 14:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чым адгукнецца ў Беларусі скандал з «бруднай» нафтай

5
Чым адгукнецца ў Беларусі скандал з «бруднай» нафтай

Папярэднія вынікі.

Беларусь практычна завяршыла выцясненне ў Расею нафты, забруджанай хлорарганікій. Чыстая сыравіна стала паступаць па нафтаправодзе «Дружба» на абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. І хоць сама эпапея пад назвай «брудная нафта» яшчэ далёкая ад завяршэння, ужо можна падвесці папярэднія вынікі, піша tut.by.

Што за «брудная» нафта?

19 красавіка дзяржканцэрн «Белнафтахім» заявіў пра рэзкае пагаршэнне якасці расейскай экспартнай нафты Urals, якая паступае ва ўчастак магістральнага нафтаправода «Гомельтранснафта Дружба». Утрыманне хлорарганічных злучэнняў у нафце перавышала ў дзясяткі разоў гранічныя значэнні паводле стандарту. У выніку пастаўкі нафты ў Еўропу і на два беларускія НПЗ былі прыпыненыя, бо гэта магло прывесці да выхаду з ладу дарагога абсталявання. Беларусь таксама спыніла экспартаваць сваю нафту і нафтапрадукты.

Пастаўкі чыстай нафты на тэрыторыю Беларусі аднавіліся ў пачатку траўня. Транзіт ва Украіну аднавіўся 24 траўня, пастаўкі ў Польшчу адноўленыя 9 чэрвеня.

Першым чыстую сыравіну стаў перапрацоўваць Мазырскі НПЗ. Складаней ішла сітуацыя з наваполацкім «Нафтанам», які стаў атрымліваць чыстую нафту па «Дружбе» ў пачатку ліпеня.

Адкуль у «трубе» хлораганіка?

На гэты момант афіцыйная версія траплення хлорарганікі ў нафтаправод «Дружба» - укід, зроблены праз «Самаратранснафта-Тэрмінал», які з'яўляецца асноўным вытворчым актывам групы кампаній «Петранафта». Заснавальнік кампаніі Раман Труш і былы гендырэктар «Самаратранснафта-Тэрмінал» Раман Ружачка завочна арыштаваныя. Паводле версіі следства, яны дадалі хлорарганіку ў нафту, каб схаваць яе крадзяжы. Нядаўна Ружачку затрымалі ў Вільні. Ён папрасіў палітычны прытулак.

Таксама вядома, што падвышаная канцэнтрацыя хларыдаў фіксаваліся ў сістэме «Транснафты» яшчэ да сітуацыі з забруджваннем «Дружбы» ў сярэдзіне красавіка. Так, 4-12 красавіка нафту з утрыманнем хларыдаў вышэй за норму атрымліваў Валгаградскі НПЗ ЛУКОЙЛа. У «Транснафце» і ЛУКОЙЛ факт пацвердзілі, але заявілі, што ніякага дачынення да крызісу з «Дружбай» ён не меў.

Удзельнікі рынка запэўніваюць, што пастаўка нафты з невялікім перавышэннем утрымання хлорарганікі на НПЗ - стандартная практыка. Злучэнні з утрыманнем хлору запампоўваюць у пласт для павышэння нафтааддачы. Такім займаюцца ўсе, і гэта заставалася б руцінным пытаннем, калі б не сітуацыя з «Дружбай».

Колькі «бруднай» нафты трапіла ў Беларусь?

Паводле розных ацэнак, некандыцыйнай нафты ў «Дружбе» было ад 3,5 да 5 млн тон. У нафтаправодах і нафтасховішчах на тэрыторыі Беларусі знаходзілася больш за 1,3 млн тон забруджанай сыравіны. Яе большая частка была выцесненая рэверсам у Расею.

На гэтым тыдні завяршыўся працэс замяшчэння ў нафтаправодзе «Унеча-Полацк-2» забруджанай хларыд нафты на чыстую. «Завяршэнне гэтага этапу дасць магчымасць ажыццяўляць транспарціроўку нафты ў ААТ «Нафтан» у двух вычышчаных галінках магістральнага нафтаправода «Унеча-Полацк», - паведаміла кампанія «Полацктранснафта Дружба».

11 ліпеня «Гомельтранснафта Дружба» (беларускі аператар паўднёвай галінкі нафтаправода «Дружба») цалкам ачысціла сваю сістэму нафтаправодаў ад «бруднай» нафты.

Цяпер яшчэ працягваюцца работы ачысткі беларускага ўчастка нафтаправода «Сургут-Полацк». Яны павінны завяршыцца да 15 жніўня. Але абодва беларускія НПЗ ужо могуць прымаць нафту ў патрэбным аб'ёме.

Што мне ад усяго гэтага?

Гэтая гісторыя наўпрост ніяк не адбілася на большасці беларусаў. Хоць агулам для краіны страты даволі істотныя.

Рост беларускай эканомікі за 6 месяцаў склаў усяго 0,9% пры планах урада ў 1,8%. Уклад прамысловага комплексу павінен скласці да 1 адсоткавага пункта. Але адбылася недапастаўка нафтапрадуктаў праз «брудную» нафту.

Паводле афіцыйнай статыстыкі за пяць месяцаў 2019 года Беларусь экспартавала 4,5 млн тон нафтапрадуктаў, што амаль на 20% ніжэй за аналагічны перыяд 2018 года. І калі ў студзені-сакавіку штомесячныя пастаўкі былі на ўзроўні мільёна тон, то ў красавіку адбылося зніжэнне да 788,3 тысяч тон, у траўні - да 771,6 тысяч тон. У грашовым выражэнні экспарт знізіўся на 564,8 млн даляраў да 2,28 млрд даляраў.

Расея неяк пакрые страту Беларусі?

Расейскія ўлады неаднаразова заяўлялі, што гатовыя выплаціць кампенсацыю ўсім пацярпелым. Але ўсё ўпіраецца ў вызначэнне сумы шкоды.

Раней Лукашэнка ацэньваў страты ад пастаўкі няякаснай нафты ў сотні мільёнаў даляраў (паводле разлікаў «Ведомостей», гаворка можа ісці пра 271- 435 млн даляраў).

Пры падліку шкоды Менск улічваў некалькі складнікаў. «Гэта шкода, нанесеная нафтаправоду, самому абсталяванню на нафтаправодах і на НПЗ. Мы недаатрымалі пэўны прыбытак, валютную выручку, транзіт - мы велізарныя грошы страцілі», - казаў Лукашэнка.

Мазырскі НПЗ нават выставіў прэтэнзіі «Раснафце» за пастаўленую забруджаную нафту сумаю 155 млн даляраў. Беларуская кампанія абгрунтавала іх тым, што з 443 тысяч тон нафты коштам 185 млн даляраў, якія «Раснафта» паставіла на завод у красавіку, 370 тысяч тон ўяўляла сабой забруджаную нафту, кошт якой беларускі бок лічыць нулявым.

У Расеі з такім падыходам не згодныя. Масква не гатовая плаціць за страчаную выгаду Беларусі. Да таго ж уся забруджаная нафта з тэрыторыі Беларусі вернутая ў Расею. Узамен у Беларусь будзе пастаўленая чыстая нафта.

Хутчэй за ўсё, суму кампенсацый вызначаць паводле выніках года - з улікам рэальных аб'ёмаў паставак нафты ў Беларусь і яе транзіту праз беларускую тэрыторыю, заявіў першы намеснік кіраўніка апарата ўрада Расеі Сяргей Прыходзька. Гаворка ідзе пра рэальна пацверджаныя страты. Цяпер гэтым пытаннем займаецца сумесная беларуска-расейская рабочая група.

Пакуль вызначана можна сказаць, што страты Мазырскага НПЗ ад паломак абсталявання праз паставак «бруднай» нафты склалі 20 млн даляраў, казаў віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Ляшэнка.

Для кампенсацыі страт Беларусь прапанавала «Транснафце» павялічыць з 1 жніўня 2019 года тарыфы на транспарціроўку нафты на 21,7%. Раней гэты козыр Менск даставаў пры перамовах з Масквой пры кампенсацыі падатковага манеўру ў нафтавай сферы (пакуль на тым фронце без перамен).

Віцэ-прэм'ер Расеі Дзмітрый Казак прызнаў, што беларускія патрабаванні ў павышэнні тарыфу справядлівыя, бо ў Беларусі сапраўды самыя нізкія тарыфы на прапампоўку нафты, ніжэйшыя, чым у Расеі, ніжэйшыя, чым ва Украіне і ў Еўропе. «Мы паэтапна выраўнуем гэтыя тарыфы і прымем рашэнне», - сказаў Казак.

Па кантракце тарыфы індэксуюцца на ўзровень інфляцыі адзін раз у год, калі бакі не могуць знайсці кансэнсусу. Цяпер бакі працягваюць перамовы. «Агулам, мы блізкія да дамоўленасці [па тарыфе на транзіт нафты]», - паведаміў журналістам міністр энэргетыкі РФ Аляксандр Новак.

Дзеля справядлівасці варта сказаць, што Беларусь змагла зарабіць некалькі мільёнаў даляраў на адпампоўванне «бруднай» нафты назад у Расею.

Расея падмешвае «брудную» нафту ў чыстую. Яна можа вярнуцца ў Беларусь?

Першапачаткова расейскія ўлады планавалі прадаваць з дысконтам частку «бруднай» нафты. Танкеры з уцэненай сыравінай былі выяўленыя ў партах краін Азіі і Еўропы. Аднак вялікага ажыятажу гэтая прапанова не выклікала. Зніжка была невялікая. Ды і не ўсе НПЗ рызыкавалі перапрацоўваць забруджаную нафту.

На мінулым тыдні стала вядома, што нафта з павышаным утрыманнем хлорарганікі, выцесненая ў Расею, будзе часткова перапрацоўвацца на расейскіх НПЗ. Гэтую інфармацыю пацвердзіў дырэктар дэпартамента перапрацоўкі нафты і газу Мінэнэрга РФ Антон Рубцоў. Нафта з высокім утрыманнем хлорарганікі таксама падмешваецца ў экспартныя чыстыя патокі, каб паступова ачысціць сістэму нафтаправодаў «Транснафты». Са слоў расейскіх уладаў, гэта прывядзе да росту ўзроўню ўтрымання хлорарганікі з 1-3,5 да 5 мільёнаў доляй (parts per million, ppm). Згодна з тэхрэгламентам, прынятым краінамі ЕАЭС, з 1 ліпеня ўтрыманне арганічных хларыдаў у нафце не павінна перавышаць 6 ppm.

Падвышанае ўтрыманне хлорарганікі захаваецца прынамсі да сярэдзіны 2020 года, а можа зацягнуцца і да 2021-га, паведамляе Рейтер. Нафтакампаніі РФ не пагадзіліся з прапанаванай схемай, бо, на іх думку, рост утрымання арганічных хларыдаў у нафце прывядзе да змены якасці Urals і акажа негатыўны ўплыў на яе кошт, а таксама запатрабуе дадатковых тэхнічных рашэнняў ад НПЗ.

У Беларусі заяўляюць, што якасць сыравіны, што паступае, старанна адсочваецца і цяпер адпавядае прынятым нормам.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках