29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Стала незразумела, колькі беларусаў застанецца без пенсіі»

89
«Стала незразумела, колькі беларусаў застанецца без пенсіі»

Падвысіўшы пенсійны ўзрост, улады пачалі ўтойваць звесткі?

З 2017 года ў Беларусі адбываецца паэтапнае падвышэнне пенсійнага ўзросту на паўгода - для мужчын і жанчын. Аднак, улады ўжо задумваюцца аб новай «пенсійнай рэформе». Адна з ідэй, якая агучвалася - гэта ўвядзенне аднолькавага пенсійнага ўзросту для жанчын і мужчын.

Ці будуць беларускі выходзіць на пенсію ў 65 гадоў і чаму, нягледзячы на рэкордныя для краін ЕАЭС адлічэнні ў ФСАН, уладам бракуе грошай на пенсіі для грамадзян?

На пытанні Charter97.org адказвае лідар Незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч.

- Як вы пракаментуеце ідэю зраўнаваць пенсійны ўзрост для жанчын і мужчын?

- Я да гэтага стаўлюся вельмі адмоўна. Не чапайце нашых дзяўчат!

Паглядзіце, у якіх умовах яны сёння працуюць. Мала, што ў нас не існуе гендэрнай роўнасці ва ўмовах працы і яе аплаце - нашы жанчыны, акрамя гэтага, выхоўваюць дзяцей, а цяпер гэта выключылі са страхавога стажу.

Я мяркую, што выключэнне «дэкрэта» са страхавога стажу - гэта вялікая памылка дзяржавы. І не трэба тут прыкрывацца эканомікай: дрэнную эканоміку робяць не людзі, а кіраўніцтва краіны.

Таму я катэгарычна супраць таго, каб проста так тупа і прамалінейна ўраўноўваць пенсійны ўзрост для жанчын і мужчын. Хай улады спачатку зробяць заробак для жанчын хаця б тысячу рублёў на месяц, увядуць нашапашвальную пенсійную сістэму, каб чалавек атрымліваў не вартыя жалю 300 рублёў, аддаўшы ўсё свядомае жыццё эканоміцы краіны - тады можна пра нешта размаўляць.

А цяпер гэта вельмі шкодныя пасылы.

- Беларусь - лідар сярод краін ЕАЭС у аплатах у Фонд сацыяльнай абароны. Прадпрыемствы адлічваюць туды ў суме 34% ад кожнага выплачанага заробку, а грошай у фондзе ўсё адно не стае. Як вы гэта пракаментуеце?

- Сапраўды, у Беларусі адлічваюцца большыя адсоткі ў ФСАН, чым у Казахстане ці ў Расеі.

Відавочна, улады не да канца ведаюць, што ў нас усё больш прадпрыемстваў імкнуцца не плаціць у ФСАН: выдаюць заробак у канвертах, скарачаюць працоўны дзень і гэтак далей. Для прадпрыемстваў 34% - гэта вельмі вялікія лічбы, якія даводзіцца ўключаць у кошт паслуг і тавараў.

Але паменшыць гэты ўнёсак для прадпрыемстваў магчыма толькі пасля павелічэння заробку людзям, як гэта і адбывалася ў суседзяў Беларусі ў ЕЗ пры пераходзе да назапашвальнай сістэмы: там частку ўнёскаў у пенсійны фонд выплачвае наймальнік, а частку – работнік, але гэта зусім іншая сума заробкаў.

А калі проста паменшыць суму выплат у ФСАН, то гэта толькі пагоршыць праблему: у Пенсійным фондзе і так вялікі дэфіцыт сродкаў.

Усё ўпіраецца ў працу эканомікі: калі яна неэфектыўная - будуць праблемы з пенсіямі. У дзяржаўнай базе цяпер больш за 100 тысяч незакрытых вакансій: гэта значыць, што яшчэ 100 тысяч чалавек не захацелі працаваць у Беларусі. І яны не плацяць ні падаходны падатак, ні адлічэнні ў ФСАН.

- Праз падатковы манеўр у Расеі Беларусь можа страціць 11 мільярдаў даляраў за найбліжэйшыя чатыры гады. Улады да апошняга спадзяваліся на кампенсацыю ад Расеі, але 19 ліпеня МЗС РФ заявіла, што нават само пытанне аб кампенсацыі гучыць «некарэктна». Як вы думаеце, ці будуць улады кампенсаваць гэтыя страты бюджэту за кошт пенсіянераў і працуючых беларусаў?

- Ведаеце, апошнім часам ствараецца ўражанне, што ўлады ўсе свае пралікі і хібы хочуць папоўніць за кошт народа.

Ці то гэта дарожны збор, ці то падатак на «дармаедства», ці то падвышэнне пенсійнага ўзросту – выходзяць пастановы толькі абмежавальнага і рэпрэсіўнага характару. І нічога не робіцца для матывацыі да працы і эканамічнай актыўнасці.

Гэта пастка для ўсякай улады, не толькі беларускай - дзейнічаць толькі забароннымі захадамі. Бо хутка з народа і ўзяць не будзе чаго - нават, як той казаў, і «воўны жмута».

Хачу нагадаць, што аб падатковым манеўры стала вядома досыць даўно і можна было прадбачыць, што Расея адмовіцца яго кампенсаваць. І ў гэтых праліках вінаваты не народ, а зноў жа кіраўніцтва краіны. Так, гэта няпроста - але быў час, каб выйсці на іншыя рынкі энэргарэсурсаў. А калі нічога не рабіць, то нічога і не атрымацца. Калі дазволіць сабе залежаць ад адной суседняй дзяржавы, то рана ці позна такія непрыемныя рэчы здарацца.

Вось гэта здарылася і ў Беларусі.

- Беларусь імкліва губляе працоўную сілу, а, значыць, і адлічэнні ў Пенсійны фонд ад працуючых грамадзян. Нядаўна быў прыняты «закон Раўкова», які ўзмацняе жорсткасць правілаў прызыву ў войска. Ці прывядзе гэта да таго, што яшчэ больш моладзі з'едзе за мяжу?

- Гэтага нельга выключаць.

Таму што нельга дзейнічаць такімі метадамі: служба ў войску павінна быць матываваная, як і праца. Магчыма, даўно трэба было падумаць аб кантрактным, прафесійным войску, а не проста заганяць туды моладзь. Тым больш, што Беларусь, паводле Канстытуцыі – мірная, бяз'ядзерная дзяржава.

Але калі няма магчымасці перайсці на кантрактнае войска, усё адно застаюцца шматлікія варыянты для матывацыі. Можна зрабіць гарантыю першага працоўнага месца для прызыўнікоў, якія пайшлі служыць пасля школы. Можна гарантаваць ім атрыманне бясплатнай адукацыі пасля службы. Нарэшце, уключыць службу ў страхавы стаж.

А гэтыя ўсе забароны і абмежаванні нічога не дадуць. У выніку моладзь будзе проста з'язджаць і не вяртацца.

- У каментарах планаў уладаў аб новых падвышэннях пенсійнага ўзросту беларусы адзначаюць, што многія мужчыны не змогуць дажыць да пенсіі. Ці можа скласціся сітуацыя, што пенсія сапраўды стане недаступнай для значнай часткі насельніцтва?

- На жаль, недаступная для грамадскасці рэальная статыстыка – колькі сёння людзей не дажывае да пенсійнага ўзросту.

І нават калі яго цяпер паднялі на паўтара года і на пенсію сталі выходзіць людзі 1958-59 года, стала незразумела, колькі людзей застанецца без пенсіі, не «дацягне» да яе. Навошта ўтойваць?

Бо была раней такая статыстыка. Чаму цяпер утойваюць звесткі аб тым, хто застанецца без пенсіі? Чалавек усё жыццё адлічваў пенсійныя ўнёскі і не ведае, ці атрымае ён пенсію. Гэта ненармальная сітуацыя.

Чаму сёння чалавек, аддаўшы ўсё жыццё працы, нічога ад гэтага не мае? Гэта ж нонсэнс. Нельга ведаць пра гэта і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Сістэму трэба мяняць. Эканоміка не можа працаваць на адных толькі абмежаваннях. Могуць пачацца незваротныя працэсы.

- Тыя, каму пашчасціла выйсці на пенсію, кажуць пра яе жабрацкія сумы. Мы публікавалі аповед жыхаркі Гародні, якая за 31 год працоўнага стажу атрымала пенсію, ледзь большую за «мінімалку». Як вы гэта пракаментуеце?

- Думаю, што гэта далёка не адзін такі выпадак. Беларусы сёння не жывуць, а выжываюць на пенсіі. Пры гэтым даражэе кошт жыцця, тыя ж камунальныя паслугі. А калі пенсіянеры не змогуць выплачваць «камуналку» - іх што, будуць высяляць на вуліцу?

Цяпер гэта стала праблемай: за беларускую пенсію аплаціць «камуналку», набыць лекі, ды яшчэ каб засталося на ежу.

Няўжо наверсе бракуе смеласці сказаць, што гэтая пенсія - гэта здзек з людзей. Ну не можаце вы забяспечыць людзей - прызнайце гэта. Але рабіць выгляд, што ў нас усё нармальна і «Беларусь-краіна для жыцця», гэта вельмі памылковы падыход.

Напісаць каментар 89

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках