19 красавiка 2024, Пятніца, 14:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Financial Times: Украіне пара падвесці вынікі за 30 гадоў і перайсці на новы ўзровень развіцця

1
Financial Times: Украіне пара падвесці вынікі за 30 гадоў і перайсці на новы ўзровень развіцця
ФОТА: АПОСТРОФ

У нядзелю ўкраінцы пойдуць выбіраць новы парламент.

Украіна ўступае ў новую фазу развіцця. Пасля абрання прэзідэнтам Уладзіміра Зяленскага, які разумна прадставіў сябе такім жа неідэальным, як і яго суграмадзяне падчас кампаніі, украінцы ў нядзелю пойдуць выбіраць новы парламент. Асабістая гісторыя і старт Зяленскага ў палітыцы паказвалі на тое, што ён аўтсайдэр. Таму ягоная перамога трапіла ў загалоўкі сусветных СМІ.

Але з многіх пунктаў гледжання вынік парламенцкіх выбараў будзе мець значна большы ўплыў на будучыню краіны. Толькі моцны мандат для настроеных на рэформы партый і палітыкаў дасць надзейную платформу для імплементацыі змен, - піша дырэктар у пытаннях Украіны ў ЕБРР Матэа Патронэ на старонках Financial Times (пераклад - unian.net). Гэта асабліва дакладна для ўкраінскай палітычнай сістэмы, у якой тройка, якая складаецца з прэзідэнта, урада і парламента, павінны працаваць узгоднена, каб правесці рэальныя змены ў адведзены час.

А работы шмат. Украіна набліжаецца да 30 гадавіны з дня абвяшчэння незалежнасці ад СССР. Ёй час зірнуць на сябе ў люстэрка і падвесці вынікі з жорсткай сумленнасцю. Чаго ўдалося дасягнуць? У чым краіна пацярпела паразу? Што можна зрабіць лепш? Якой краіна хоча быць праз 20 гадоў? Сёння Украіна - гэта краіна з даходамі, ніжэйшымі за сярэднія ва Усходняй Еўропе. Паводле звестак МВФ, ВУП на душу насельніцтва ў 2018 годзе склаў 9283 даляры. Гэта менш за траціну ад узроўню Польшчы з яе 31 939 даляраў. Параўнанне яшчэ больш жорсткае ў глабальным рэйтынгу: калі Польшча на 43 месцы, Украіна - на 111-м. Гэта больш чым расчароўвае. Гэта следства незлічоных страчаных магчымасцяў.

Украіна ўсё ж мае велізарны патэнцыял. У яе вялікія запасы прыродных рэсурсаў, найбольш урадлівая зямля ў свеце, высокакваліфікаваная рабочая сіла і цудоўны чалавечы капітал. Горка, што так шмат яе грамадзян сёння шукаюць за мяжой месцы, дзе «трава зелянейшая». Колькасць украінскіх працаўнікоў у Польшчы сёння набліжаецца да двух мільёнаў. Прыродныя багацці Украіны размяркоўваюцца з надзвычайным узроўнем няроўнасці. Такая сітуацыя цягнецца ўжо занадта доўга. Алігархічная сістэма захапіла дзяржаву за кошт народа.

Але ёсць і шмат рэчаў, якія былі зробленыя. Нягледзячы на непаслядоўнасць і няўдачы, ва Украіне назіраўся фундаментальны прагрэс у дасягненні макраэканамічнай стабільнасці і стабільнага (хоць і нізкага) росту. Быў праведзены шэраг рэформаў ад дэцэнтралізацыі да выканання амбіцыйнай праграмы МВФ, ад стабілізацыі банкаўскага сектара дзякуючы намаганням Мінфіна і Нацбанку да змены энэргетычнага сектара.

Рэформа дзяржаўнага кіравання і ўмацавання інстытутаў - гэта яшчэ адзін амбіцыйны і годны ўвагі высілак, які моцна скарачае прастору для карупцыі. Усё гэта было дасягнутае ў перыяд беспрэцэдэнтных выклікаў у краіне, якой даводзіцца ваяваць. Тое, як далёка Украіна зайшла з 2014 года пасля Рэвалюцыі Годнасці, падкрэсліла і мяккая перадача ўлады пасля прэзідэнцкіх выбараў у красавіку. Працэс быў беспрэцэдэнтным на постсавецкай прасторы.

Імкненне Украіны цесна інтэгравацца з Захадам - гэта стратэгічны і выразны выбар, які ўключае такія каштоўнасці, як свабода слова і выбараў. Празрыстае і адказнае кіраванне павінна стаць наступным лагічным крокам.

«Мы ўпэўненыя, што існуе падмурак, на якім можна прадаўжаць будаваць дэмакратычную і квітнеючую Украіну. Вельмі імаверна, што пасля парламенцкіх выбараў прэзідэнцкія сілы будуць у пераважнай пазіцыі, якой не было ў аніводнай партыі за апошнія 20 гадоў. Цяжка прадказаць, што будзе далей, але адна рэч відавочная: Украіне нельга прапусціць яшчэ адну магчымасць», - гаворыцца ў артыкуле.

Аўтар адзначае, што патрабаванні Украіны вельмі выразныя і сфармуляваныя шматлікімі дарадцамі. Ёй неабходныя моцныя міжнародныя сувязі, дэалігархізацыя, утаймаванне карупцыі, зямельная рэформа, незалежнасць сістэмы правасуддзя і дзяржаўных інстытутаў (уключаючы Нацбанк), дасягненне дабрабыту, больш раўнамернае размеркаванне магчымасцяў і поўная адказнасць кожнага, у чыіх руках сканцэнтраваная ўлада. Усе гэтыя амбіцыйныя мэты немагчыма дасягнуць хутка. А некаторыя з іх, магчыма, так і не атрымаецца ўвасобіць цалкам. Палітычныя і эканамічныя сістэмы схільныя рабіць памылкі гэтак жа, як і людзі. Гэта азначае, што будзе шмат падзенняў і выпраўленняў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках