23 красавiка 2024, aўторак, 18:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блогер выкрыў галоўны міф пра СССР

51
Блогер выкрыў галоўны міф пра СССР

Ніякага «СССР» на самай справе не было.

Пра гэта ў ЖЖ піша папулярны беларускі блогер Максім Міровіч:

– Так, сябры – сёння будзе пост пра тое, што ніякага "СССР" на самай справе не было – на першы погляд гэта гучыць абсурдна, але калі разабрацца глыбей – то мае цалкам рацыянальнае зерне. На гэтую думку мяне наштурхнулі каментары да маіх пастоў, у якіх некаторыя чытачы адзначалі нешта падобнае, плюс маё нядаўняе даследаванне савецкага гімна – які, як вы можаце даведацца з паста, быў цалкам ілжывым.

Дык вось – ніякага "Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік", якія (як хлусілі ў савецкім гімне) "згуртавала навекі вялікая Русь" – на самай справе не існавала, а было нешта зусім іншае. Што менавіта? Пра гэта вы даведаецеся з сённяшняга паста.

Такім чынам, у сённяшнім пасце – аповед пра тое, што ніякага "СССР" на самай справе не было.

Вось вам доказ таго, што ніякага "СССР" не існавала зусім. Абрэвіятура "СССР" азначае "Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік" – і кожнае слова ў гэтай абрэвіятуры наскрозь фальшывае, гэта як назваць Паўночную Карэю "Самай Вялікай і Вольнай Рэспублікай" – гэта будзе цалкам ілжывы назоў, і сутнасць краіны ад гэтага не зменіцца – хоць мільярд разоў вялікай яе назаві.

А цяпер давайце разбярэм падрабязней кожнае слова ў абрэвіятуры "СССР":

"Саюз"

Ніякага "Саюзу" ў поўным сэнсе гэтага слова ў СССР не існавала. Вось, напрыклад, Еўразвяз – прыклад сапраўднага Саюзу, які заснаваны на раўнапраўі ўсіх краін, што ўваходзяць туды, у гэты Сапраўдны Звяз краіны доўга рыхтаваліся ўступіць, выконвалі розныя патрабаванні, паляпшалі свае законы і гэтак далей. Нягледзячы на ўсю прапаганду, ЕЗ і цяпер застаецца цэнтрам прыцягнення, і Беларусь разам з Украінай туды абавязкова калі-небудзь уступяць.

А што было ў СССР? "Саюз" можна было напісаць хіба што ў двукоссях – практычна ўсе краіны, якія ў яго ўвайшлі, былі захопленыя ўзброеным шляхам – бальшавікі спачатку знішчылі беларускую БНР і ўкраінскую УНР, потым насадзілі туды сваіх крамлёўскіх марыянетак, якія пазней увалаклі гэтыя краіны ў СССР, адначасна заліўшы ўсё рэкамі крыві і закатаўшы катком рэпрэсій. "Не згодныя жыць з намі ў найлепшым у свеце СССР і есці найлепшае ў свеце марозіва? Тады мы цябе заб'ем!" – ускрыквалі бальшавікі і распраўляліся з усімі нязгоднымі. Прыкладна так сама былі захопленыя і краіны Балтыі – адкуль у ГУЛАГ неўзабаве пацягнуліся тысячы ссыльных і рэпрэсаваных.

Увогуле, ніякага "Саюза" не было – а быў захоп сумежных краінаў, які суправаджаўся інфільтрацыяй і дэпартацыяй мясцовага насельніцтва. Трымаўся "Саюз" на савецкіх штыках, і як толькі іхні ўплыў аслаб – усе краіны тут жа кінуліся ўрассыпную з гэтага лагернага барака.

"Савецкіх"

Прыкладна да сямідзясятых гадоў слова "савецкі" размыла сваё першапачатковае значэнне і пачало асацыявацца са словам "наш". "Нашы савецкія аўтамабілі самыя лепшыя ў свеце", "Наша савецкая кухня – самая дыетычная", "Савецкі народ – народ пераможца!" – вяшчалі бальшавіцкія плакаты, хоць "савецкі народ" – гэта такі ж аксюмаран, як "фашысцкі народ" ці "аграрна-эканамічны народ" – гэта проста назва партыі, утворанай ад органаў кіравання – саветаў.

Дык вось – ніякія Саветы ў краіне абсалютна нічым не кіравалі і былі чыста дэкаратыўным органам. Ніякіх "выбараў" у СССР таксама не было – людзі ішлі на выбарчыя ўчасткі, каб паставіць птушачку за аднаго-адзінага кандыдата ад кіроўнай партыі. Само слова "партыя" ў саўковым ключы дарэчы таксама з'яўляецца аксюмаранам – бо "партыя" азначае "частка" (маецца на ўвазе "частка парламента" – напрыклад "партыя левых", "партыя правых", "партыя цэнтрыстаў"), а ў СССР бальшавікі захапілі абсалютна ўсю ўладу і ніякай "партыяй" не з'яўляліся.

"Сацыялістычных"

Яшчэ адзін міф, што ў СССР быў нібыта пабудаваны нейкі там "сацыялізм". Ніякага "сацыялізму" ў СССР зроду не існавала – усю выручку, увесь валавы ўнутраны прадукт у народа забіралі бальшавікі, выдаючы падачкі ў выглядзе мізэрных заробкаў (больш чым у 5 разоў ніжэйшых, чым у ЗША) і апавядаючы прапагандысцкія казкі пра "бясплатныя кватэры" і "бясплатную медыцыну".

Адабраныя і недаплачаныя народу сродкі марнаваліся на вайсковыя авантуры і распальванне напружанасці ў свеце – накшталт вайны ў Афганістане або падкармлівання афрыканскага людаеда Ідзі Аміна (які трымаў у садзе лядоўню з часткамі целаў сваіх ахвяраў). Рэшта грошай марнавалася на савецкую прапаганду і акармленне розных там савецкіх пісьменнікаў, што пісалі бадзёрыя кнігі пра хуткасны рух у палях розных механізмаў.

Добра жыла ў СССР толькі савецкая наменклатура – якая забяспечвалася велізарнымі кватэрамі і лецішчамі, машынамі з асабістымі кіроўцамі, магла свабодна выязджаць за мяжу і кармілася самімі лепшымі продуками, замоўленымі ў спецкаталогах. Цяпер дзеці гэтай наменклатуры апавядаюць пра тое, як добра ім жылося ў СССР...

«Рэспублік»

Ну і, нарэшце, фінальны акорд – выкрыццё словы "Рэспубліка" ў абрэвіятуры "СССР". Ніякімі "рэспублікамі" часткі СССР не былі – бо не мелі выбарнай улады – уся кіроўная вярхушка прызначалася з Крамля і строга рэгулявалася на прадмет адпаведнасці курсу партыі. Так, напрыклад, хутчэй за ўсё быў забіты лідар БССР Пётр Міронавіч Машэраў, які перастаў задавальняць Крэмль і ў 1980 годзе загінуў у нібыта "выпадковай" аўтакатастрофе.

Увогуле, ніякіх "рэспублік" у СССР не існавала – была класічная спадчынная дэспатыя без права выбару і без права ў народа змены гэтай улады.

Замест эпілогу

Увогуле, як бачыце – ніякага "Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік" на самай справе не існавала – а было нейкае таталітарнае дзяржаўнае ўтварэнне, вельмі небяспечнае для навакольнага свету, і ўлада ўсярэдзіне якога ўтрымлівалася з дапамогай штыкоў. Так, назва была прыдуманая прыгожая – але сутнасць жа ад гэтага не мяняецца...

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках