28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікола Статкевіч: Папраўкі ў закон аб наборы ў войска ўважаю за шкодныя

53
Мікола Статкевіч: Папраўкі ў закон аб наборы ў войска ўважаю за шкодныя
Скрыншот з фільма «Жыве Беларусь!»

Нармальнае войска можа быць толькі ў нармальнай краіне.

28 чэрвеня ў Беларусі быў прыняты скандальны закон «аб адтэрміноўцы», які атрымаў неўзабаве неафіцыйную назву «Закон Раўкова».

Ці палепшаць гэтыя мерапрыемствы абароназдольнасць краіны?

На пытанні Charter97.org адказвае кандыдат у прэзідэнты ад Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, падпалкоўнік запасу, кандыдат тэхнічных навук Мікола Статкевіч.

– Вы абаранілі дысертацыю пра вайскова-машынныя сістэмы і выкладалі ў элітнай вайскова-тэхнічнай установе свайго часу – МВІЗРВ. Якой павінна быць сучасная баяздольная армія – «вялікай або разумнай»?

– Я не супрацьпастаўляў бы гэтыя дзве якасці. Гэта адносныя паняцці.

У вялізнай дзяржавы з вялікім насельніцтвам нават прафесійнае войска будзе дастаткова вялікім, каб абараніць краіну.

Мы – невялікая дзяржава, побач з якой ідзе вайна. Агрэсар пагражае і нам таксама. І абысціся невялікай прафесійнай арміяй у нас не атрымаецца. Таму што некалькі дзясяткаў тысячаў чалавек не змогуць абараніць краіну ад шматразова большага за нас у насельніцтве агрэсара.

У мірны час наша армія можа быць невялікай, але яна павінна мець дастатковы мабілізацыйны рэсурс і павялічвацца ў некалькі разоў у выпадку вайны.

Таму ў нашых геапалітычных умовах ад набору і навучання маладых людзей вайсковай справе не атрымаецца адмовіцца. У той самы час складанасць сучаснай вайсковай тэхнікі патрабуе таго, каб значная частка арміі была прафесійнай. Гэта значыць, што на высокатэхналагічныя спецыяльнасці павінны адмыслова рыхтавацца прафесійныя вайскоўцы – як афіцэры, так і сяржанты і салдаты.

Іншая рэч, што гэты заклік не павінен быць такім, як цяпер. Усё павінна пачынацца з выхавання патрыятызму ў беларускім грамадстве. Па-другое, грамадства павінна паважаць тых, хто служыць. Для гэтага павінна быць створаная сістэма сацыяльныx прэферэнцый для вайскоўцаў, уключаючы доступ да бясплатнай вышэйшай адукацыі.

Нарэшце, няма сэнсу служыць так, як гэта адбываецца цяпер. У 21-м стагоддзі ў невялікай краіне мы можам перастаць выхоўваць робатаў у пагонах і перайсці да нармальнай сістэмы.

Армія павінна быць больш свабоднай: навучацца вайсковай спецыяльнасці можна ў буднія дні, а на выxодныя ездзіць дадому. Даўно час адмовіцца ад гэтых велізарных казармаў і размяшчаць курсантаў у пакоях на некалькі чалавек.

Вайсковая служба павінна быць прысвечаная адной мэце: навучыцца ваяваць. А харчаванне, прыборка памяшканняў і тэрыторыі не павінны тычыцца салдатаў, гэта павінны рабіць на прынцыпах аўтсортынгу цывільныя фірмы.

Гэта ж прывядзе і да зніжэння даўжыні вайсковай службы: навучыцца ваяваць можна ўсяго за паўгода.

– Ці ўмацоўваюць апошнія мерапрыемствы Раўкова-Карпенкі абароназдольнасць Беларусі?

– Не. Тое, што адбываецца цяпер – поўная супрацьлегласць таму, што я толькі што апавёў.

Людзі не разумеюць, чаму яны павінны аддаваць значную частку свайго жыцця службе ў структуры, якая незразумела каго ахоўвае і незразумела для чаго існуе. Калі камандзіры ў войску кажуць: «Мы – частка саюзнай дзяржавы», узнікае пытанне, ад каго ўвогуле «абараняе» такая армія. Бо асноўная пагроза для нас і нашай незалежнасці якраз і зыходзіць ад «саюзнай дзяржавы».

Калі людзі бачаць нявольную краіну і штодня назіраюць гэтую персону ў пагонах «галоўнакамандавальніка», якая на каленях паўзе ў Маскву і крычыць «мы адзін народ», узнікае заканамернае пытанне: каму і як служыць?

Што адбываецца ў войску гэтага «галоўнакамандавальніка»? Увесь час прыніжэнні, і стаўленне да салдатаў, як да рабоў. Тое, што службу ў войску не ўключаюць у працоўны стаж, ужо кажа само за сябе.

Меры Раўкова на самай справе яшчэ ў большай ступені пагаршаюць сітуацыю. Таму што людзі цяпер будуць думаць пра тое, як дзяцей пасля школы выправіць за мяжу і зрабіць так, каб яны больш не вярталіся. Мы страцім самыx таленавітыx, здольных і актыўныx.

Новы закон пра набор не спыніць спробаў пазбегнуць службы – ён проста зробіць «уцёкі ад службы» ўцёкамі з краіны назаўсёды. А мы і так незваротна страчваем сотні тысячаў людзей, калі не больш...

Так што нічога агульнага з абароназдольнасцю новы закон не мае: трэба саму сістэму ставіць з галавы на ногі. Але ў несвабоднай краіне пры дыктатуры гэта немагчыма.

Тыя змены, якія нясе «закон Раўкова», я мяркую шкоднымі. А сапраўдную, абароназдольную армію мы зможам стварыць толькі ў свабоднай краіне.

А пры паразітычнай дыктатуры, што ўчапілася ва ўладу, у нас магчымыя толькі такія няўмелыя і неэфектыўныя крокі, як гэты сумна вядомы «закон аб адтэрміноўцы».

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках