29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На ЗША насоўваецца магутны ўраган «Бары»

На ЗША насоўваецца магутны ўраган «Бары»

У некаторых мясцінах штата Луізіяны абвешчаная абавязковая эвакуацыя.

Сіноптыкі надалі статус урагану магутнаму трапічнаму шторму «Бары», які цяпер наблізіўся да ўзбярэжжа Луізіяны. Максімальная хуткасць ветру ў эпіцэнтры «Бары» цяпер складае 120 км на гадзіну, перадае «Голас Амэрыкі».

Ураган дасягне тэрыторыі ЗША на працягу найбліжэйшых гадзін. Неўзабаве пасля выхаду на сухазем’е моц урагану саслабне, і ён зноў будзе пераведзены ў катэгорыю шторму - гэта адбудзецца на працягу 24-36 наступных гадзін.

Нацыянальны цэнтр назіранні за ўраганамі папярэдзіў, што «Бары», напэўна, прынясе з сабой небяспечныя штармавыя прылівы, а таксама моцныя вятры і дажджы.

Хуткасць ветру ўнутры шторму дасягае 100 км на гадзіну, а сам шторм рухаецца да ўзбярэжжа з хуткасцю 7 км на гадзіну.

Жыхары Новага Арлеану ўмацоўваюць свае дамы і папаўняюць запасы ў сувязі з набліжэннем «Бары», які насоўваецца на ўзбярэжжа Луізіяны з Мэксіканскай затокі.

Гарадскія ўлады рэкамендавалі жыхарам схавацца ў сваіх дамах. У двух прыбярэжных акругах на поўдзень ад места абвешчаная абавязковая эвакуацыя. Большая частка турыстаў пакінула места ў пятніцу. Некаторыя авіякампаніі ў суботу скасавалі рэйсы з Новага Арлеану.

Паводле прагнозаў Нацыянальнага цэнтра назірання за ўраганамі, «Бары» ўзмоцніцца і выйдзе на сухазем’е як шторм 1-й катэгорыі. Гэта будзе першы атлантычны ўраган у гэтым сэзоне. Асноўная пагроза ад шторму звязаная не з моцным ветрам, а з магчымымі паводкамі. Шмат хто мяркуе, што шторм стане выпрабаваннем метэаралагічнай сістэмы горада, створанай пасля ўрагану «Катрына» ў 2005 годзе, які забраў жыцці блізу 1800 чалавек.

Прэзідэнт Дональд Трамп яшчэ ў чацвер увечары ўвёў надзвычайнае становішча ў Луізіяне, упаўнаважыўшы Міністэрства ўнутранай бяспекі і Федэральнае агенцтва надзвычайных сітуацый каардынаваць выкарыстанне федэральных фондаў і рэсурсаў, каб дапамагчы штату даць рады шторму і яго наступствам. Губернатар Луізіяны Джон Бэл Эдвардс таксама абвясціў надзвычайнае становішча і задзейнічаў Нацыянальную гвардыю.

У пятніцу максімальная хуткасць ветру ўнутры шторму дасягала 100 км на гадзіну. Чакаецца, што ён можа прычыніцца да сур'ёзнага затаплення, улічваючы, што ў некаторых мясцінах можа выпасці да 60 см ападкаў.

У Новым Арлеане, які ўжо сутыкнуўся з паводкамі, выкліканымі моцнымі дажджамі ў сераду, напэўна, адбудуцца новыя ліўневыя паводкі. Проліўні таксама пагражаюць гораду Батон-Ружу.

Распараджэнне аб абавязковай эвакуацыі закранула прыкладна 10 тысяч чалавек, якія пражываюць каля адцінка Місісіпі, размешчанага ля ўзбярэжжа Мэксіканскай затокі. Жыхароў паўднёвай і паўднёва-ўсходняй частцы Луізіяны папярэджваюць аб магчымых штармавых прылівах.

Нароўні з залевай ды моцным ветрам «Бары» можа прынесці тарнада. Чакаецца, што шторм будзе слабець пры прасоўвання ўглыб кантынента.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках