25 красавiка 2024, Чацвер, 1:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы застануцца без бульбы і лёну?

4
Беларусы застануцца без бульбы і лёну?

Чым нашай краіне пагражае глабальнае пацяпленне.

У Беларусі праз глабальнага пацяплення некаторыя віды раслінаў апынуліся пад пагрозай знікнення. Якая верагоднасць застацца без традыцыйных для нас бульбы і лёну, высвятляў mlyn.by.

Засуха

З кожным годам сярэдняя тэмпература паветра ў свеце ўзрастае. Да прыкладу, у нашай краіне за апошнія 10 гадоў яна павысілася на 0,4°С. Цяпер у цэнтральным рэгіёне Беларусі кліматычныя ўмовы прыкладна такія ж, якія былі гадоў 20 таму ў паўночнай частцы Украіны.

Праз змены клімату некаторыя расліны – пад пагрозай знікнення. На думку навукоўцаў Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Купрэвіча НАН Беларусі, у зоне рызыкі апынуліся ватачнік сірыйскі, елка звычайная, граздоўнік ланцэтападобны, амяла белая, асака ўздутаплодная, раска гарбатая. Адзначаецца пагаршэнне кліматычных умоваў для росту ў нас шэрагу іншых раслінаў.

Сёлета праз высокую тэмпературу і анамальна засушлівы красавік у цэнтральным рэгіёне ўраджай чарніцаў быў вельмі малы. Вільгаці не хапае брусніцам, дурніцам і журавінам (пасадкі апошніх лічацца найбуйнейшымі ў СНД). Некаторыя расліны праз пацяпленне і зусім змянілі арэал свайго росту. Лён, якім славіцца Беларусь, у 1980-я рос на большай частцы тэрыторыі нашай краіны. Цяпер жа яго ў асноўным вырошчваюць толькі ў Віцебскай вобласці. У цэнтральным рэгіёне пагоршыліся кліматычныя ўмовы для шматгадовых траваў другога ўкосу, цукровых буракоў і нават бульбы. Няўжо Менская вобласць можа застацца без «бульбы»?

– Мы чакаем вельмі нізкі ўраджай бульбы толькі ў Камянецкім раёне Берасцейскай вобласці праз засуху ў красавіку. Казаць пра тое, што гэты від раслінаў у нас увогуле знікне, абсурдна, – запэўнівае загадчык аддзела імунітэту і абароны бульбы РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў бульбаводстве і плодаагародніцтве» Іван Бусько. – Усяго ў бульбы тры перыяды спажывання вільгаці. Падчас другога, бутанізацыі-цвіцення, ёй неабходная максімальная колькасць вады. Калі вільгаці ў гэты перыяд будзе недастаткова ці тэмпература навакольнага асяроддзя складзе больш за 30 градусаў, то клубні не завяжуцца. Аднак такое ўявіць на ўсёй тэрыторыі Беларусі дастаткова складана: калі на Гомельшчыне засуха, то малаверагодна, што яна паўторыцца на Гарадзеншчыне. І нават у такім выпадку можна будзе вырошчваць бульбу, выкарыстоўваючы сістэмы арашэння, як гэта робяць ва Украіне.

Больш за ўсё селекцыянераў бульбы турбуе іншае: праз цёплыя зімы павялічылася колькасць шкоднікаў. Сёлета назіралася засілле каларадскага жука. Але з ім яшчэ можна змагацца, а вось прэпаратаў, якія знізілі б уплыў грыбковых хваробаў, як звычайная і серабрыстая шолудзі, пакуль не вынайшлі. Яны актыўна шкодзяць клубням пры тэмпературы 25–30°C.

Шкоднікі

Паводле словаў вядучай навуковай супрацоўніцы Інстытута пладаводства Юліі Кандрацёнак, раней многія патагены (мікраарганізмы, якія выклікаюць хваробы) вымярзалі. Халодныя зімы выступалі ў ролі натуральнага сродку для знішчэння розных шкоднікаў. Цяпер зімы часцяком мяккія, а калі і здараюцца замаразкі, то перыяд іх занадта кароткі, каб быць пагібельным для шкодных арганізмаў.

– Усе яны патрабуюць пэўных умоваў для жыцця, – тлумачыць Юлія Кандрацёнак. – Адпаведна змяненне клімату ў рэгіёне ўплывае і на віды насякомых, якія іх насяляюць. Да прыкладу, у 1980-я заходні няпарны караед у асноўным сустракаўся на поўначы Украіны. Потым ён з'явіўся ў Гомельскай вобласці, а цяпер стаў бізуном для ўсёй Беларусі. Гэтыя кузуркі робяць хады, праз якія пранікаюць грыбкі і паступова знішчаюць драўніну. Маладыя заражаныя дрэвы гінуць цягам 2–4 гадоў. Адзінае, на мой погляд, што можа хоць неяк стрымаць распаўсюд у нас гэтага шкодніка, – своечасовыя фітасанітарныя высечкі пашкоджаных дрэваў.

Яшчэ адна пошасць, якая прыйшла ў Беларусь з прычыны глабальнага пацяплення, – абляпіхавая муха. Кузурка выкарыстоўвае плады абляпіхі як для харчавання, так і для вывядзення лічынак, чаму ягады ўсыхаюць. Праз анамальна мяккія зімы шырока распаўсюдзілася вішнёвая муха. Таксама ўсё часцей нашы сельскагаспадарчыя культуры пакутуюць ад такіх грыбковых захворванняў, як шолудзі і сопкая раса.

Новае папаўненне

Аднак ёсць ад глабальнага пацяплення пэўныя плюсы: павялічваецца даўжыня вегетацыйнага перыяду (перыяд года, калі магчымыя рост і развіццё раслінаў) і кліматычныя ўмовы ў Беларусі становяцца спрыяльнымі для вырошчвання шэрагу экзотаў: абрыкоса, персіка, гумі, кізілу і актынідыі каламікты. У нас нават пачынаюць з'яўляцца сады грэцкага арэха і прамысловыя вінаграднікі.

– Асаблівай увагі, на мой погляд, заслугоўвае актынідыя. Плод гэтай хмызняковай ліяны падобныя на ківі, толькі яны не шурпатыя, а гладкія, як агрэст. Каламікта – проста вітамінавая бомба. У 100 грамах прадукту ўтрымліваецца 1 грам вітаміну С або пяць сутачных дозаў для дарослага чалавека, – сцвярджае Юлія Кандрацёнак.

З новых культураў таксама спецыялістка вылучыла кізіл, які пакуль шалёнай папулярнасцю ў нашых дачнікаў не карыстаецца. А дарэмна, бо гэтая пладова-ягадная драўнянае расліна, паводле словаў спецыяліста, вельмі каштоўная. Яна квітнее адной з першых і з'яўляецца раннім меданосам, а ейныя ягады валодаюць ахоўнымі ўласцівасцямі для арганізма чалавека. Смак у кізілу злёгку даўкі, нагадвае вішню з прысмакам чарнаплоднай рабіны.

Асаблівы гонар нашых селекцыянераў – новы гатунак дэсертнага ружовага вінаграду красуня, які з'яўляецца супольнай распрацоўкай беларускіх навукоўцаў і іх расейскіх калегаў. Ён без праблемаў выспявае на беларускіх прысядзібных надзелах.

– З аднаго боку, дзякуючы таму, што ў годзе стала больш цёплых і сонечных дзён, плады і ягады набіраюць больш цукроў, іх афарбоўка становіцца больш яркай. З іншага, раслінам не хапае вільгаці. Каб мець якасны ўраджай, да прыкладу, яблыкаў, у многіх раёнах Беларусі ўжо цяпер неабходна выкарыстоўваць сістэму арашэння, – падводзіць вынік вядучая навуковая супрацоўніца Інстытута пладаводства.

Паводле звестак Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Купрэвіча НАН Беларусі, за некалькі мінулых дзесяцігоддзяў у краіне адбылося значнае скарачэнне арэалу вырастання елкі звычайнай: яе паўднёвая мяжа распаўсюджвання зрушылася на некалькі дзясяткаў кіламетраў на поўнач. У той самы час Палессе, напрыклад, папоўнілася новымі раслінамі, якіх не было ў рэгіёне яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму.

У цэнтральным рэгіёне Беларусі дзякуючы павелічэнню сонечных дзён ужо можна вырошчваць вінаград, персікі і Кізіл.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках