29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як атрымаць запаветны «шэнген», калі няма афіцыйнай працы

5
Як атрымаць запаветны «шэнген», калі няма афіцыйнай працы

Каб займець у пашпарт шэнгенскую візу, трэба пацвердзiць, што ў вас хапае грошай на падарожжа.

Калі вы працуеце – цяжкасцяў няма: бераце даведку пра заробак, робіце выпіску з рахунку і падаяце разам з астатнімі дакументамі, піша сайт tio.by. А калі афіцыйнай працы няма? У гэтым выпадку можна, каб нехта напісаў вам спонсарскі ліст.

Што такое спонсарскі ліст?

Гэта заява, якую плацежаздольны грамадзянін афармляе для таго, у каго грошай не дастаткова або няма зусім: такім чынам ён бярэ абавязальніцтва фінансава забяспечыць паездку свайго сваяка або знаёмага. У плацежаздольнага грамадзяніна павінна быць праца і / або дастатковая колькасць грошай на банкаўскай карце, і ён павінен здолець гэта дакументальна пацвердзіць.

Звычайна ад турыста патрабуецца мінімум 50 € на кожны дзень падарожжа, але калі вы плануеце паездку ў Гішпанію, сума ўзлятае да 90 € за содні.

Каму трэба афармляць спонсарскі ліст?

Спонсарскі ліст спатрэбіцца вам, калі вы часова не працуеце (фрыланс не ўважаецца), у тым ліку калі вы студэнт без сталага месца працы. Таксама трэба аформіць спонсарскі ліст, калі вы непрацаздольныя або выйшлі на пенсію. Увогуле, абставіны могуць быць самымі рознымі, галоўнае ведаць: калі ў вас грошай няма, а паехаць адпачываць у краіны шэнгенскай зоны хочацца, выручыць вас можа спонсарскі ліст.

Калі працы ў вас няма, але ёсць дастатковая сума грошай на банкаўскім рахунку, спонсарскі ліст вам не спатрэбіцца (але ў ідэале заўсёды лепш дадаткова ўдакладніць гэтае пытанне ў консульстве). Напрыклад, калі ў вас нядрэнная пенсія і ёсць уласныя ашчаджэнні, вы можаце гэта дакументальна пацвердзіць і не займацца афармленнем спонсарскага ліста, хоць напісаць яго зусім не цяжка.

Не трэба афармляць спонсарскі ліст і на няпоўнагадовых, якія вандруюць з бацькамі. Калі ж дзеці едуць за мяжу з адным з бацькоў ці з кім-небудзь з сваякоў, інфармацыю варта ўдакладніць у консульстве: хутчэй за ўсё, вам трэба будзе рабіць спонсарскі ліст.

Патрабаванні для атрымання візаў у розных амбасадах могуць адчувальна адрознівацца, а некаторыя патрабуюць не спонсарскае даручальніцтва, а іншыя дакументы. Напрыклад, у літоўскую амбасаду студэнты замест спонсарскага ліста могуць прынесці студэнцкі білет (арыгінал і копію) або даведку з месца вучобы (узяць яе можна ў дэканаце), пенсіянеры – прыкласці арыгінал і копію пенсійнага пасведчання, а іншыя непрацоўныя грамадзяне павінны пацвердзіць сувязь з Беларуссю. Такім пацвярджэннем могуць выступіць пасведчанне аб шлюбе, даведка аб прыбытках мужа, дакументы на маёмасць або акцыі кампаній. А, напрыклад, у амбасаду Італіі апрача дакументаў, якія пацвярджаюць сувязь з Беларуссю, трэба падаць копіі некалькіх старонак працоўнай кніжкі: старонку з асабістымі звесткамі і гісторыяй працаўладкавання за апошнія тры гады.

Як напісаць спонсарскі ліст на візу шэнген

Спонсарскі ліст пішацца ад рукі альбо друкуецца ў адвольнай форме на простым аркушы паперы. У лісце варта пазначыць тэрміны паездкі і ейную мэту (напрыклад, турызм), наведвальныя лакацыі, прозвішча, імя, пашпартныя звесткі і адрас спонсара, тое, у якіх адносінах ён знаходзіцца з тым, для каго гэты ліст пішацца (напрыклад, "маці" / "дачка "). У канцы варта паказаць дату складання ліста і паставіць подпіс фундатара. Звычайна лісты пішуцца на расейскай мове, але ёсць амбасады, якія могуць патрабаваць варыянт на ангельскай ці на мове краіны прызначэння.

Просячы мультывізу, у спонсарскім лісце можна паказаць толькі даты канкрэтнай першай паездкі. Калі вы плануеце заехаць у некалькі краінаў, пералічваць іх не абавязкова: можна пазначыць краіну ўезду і паказаць "краіны Шэнгенскага пагаднення".

Узор спонсарскага ліста на беларускай мове

Я, Сяргееў Сяргей Сяргеевіч (дата нараджэння, нумар і серыя пашпарта, адрас рэгістрацыі), спансую паездку і гарантую аплату ўсіх выдаткаў, звязаных са знаходжаннем маёй дачкі Сяргеевай Вольгі Сяргееўны (дата нараджэння, нумар і серыя пашпарта, адрас прапіскі) на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі і краінаў Шэнгенскага пагаднення ў перыяд з 9.11.2019 да 24.09.2019 г. Выпіску з афіцыйнага месца працы ці з банкаўскага рахунку прыкладаю.

Дата, подпіс з расшыфроўкай.

Узор спонсарскага ліста на ангельскай мове

I, Sergeev Sergei (passport No... date of issue: 3.09.15), take over liability regarding all trip financial expenditures of my daughter Sergeevа Olga Sergeevna (passport No...) for the trip to Republic of Lithuania during the period since 9.11.2019 till 24.09.2019.

Подпіс з расшыфроўкай, дата.

У канцы спонсарскага ліста пажадана ўказаць кантакты спонсара: нумар тэлефона або e-mail.

Да спонсарскага ліста звычайна просяць прыкласці:

ксеракопію пашпарта спонсара з асноўнай інфармацыяй,

выпіску з банкаўскай карты спонсара з рахункам цягам 3 месяцаў

даведку з месца працы з указаннем пасады, даты прыёму на працу і заробку (часта – за апошнія 3 месяцы). Даведка павінна быць аформленая на фірмовым бланку арганізацыі, завераная пячаткай, падпісаная дырэктарам і галоўным бухгалтарам.

пры магчымасці – іншыя дакументы, якія пацвярджаюць, што ў чалавека дастаткова грошай для аплаты паездкі.

Індывідуальныя прадпрымальнікі павінны падаць пасведчанне пра рэгістрацыю ІП (арыгінал і копію) і зарэгістраваную падатковую дэкларацыю (арыгінал і копію) альбо даведку пра выплачаныя падаткі (арыгінал).

Хто можа стаць спонсарам? Ці павінен спонсар быць сваяком?

Пажадана, але не абавязкова. Тэарэтычна вашым спонсарам можа стаць абсалютна любы чалавек, у тым ліку грамадзянскі муж, ваша кампанія або фірма, якая прымае – многія краіны шэнгену гэтаму не перашкаджаюць. На справе ж лепш, калі гэта будзе чалец сям'і, сваяцтва з якім вы можаце пацвердзіць дакументальна, прыклаўшы да спонсарскага ліста копію пасведчання аб нараджэнні або шлюбе. Такім чынам вы зменшыце магчымасць адмовы ў візе. Пытанне пра тое, ці абавязкова спонсар павінен быць вам сваяком, лепш удакладняць у кожным канкрэтным консульстве

Калі ўсё ж атрымалася так, што даручальнік не даводзіцца вам сваяком, знізіць верагоднасць адмовы ў візе можна, спраўдзіўшы спонсарскі ліст у натарыуса. Але гэта не абавязковае дзеянне.

Спонсар можа афармляць спонсарскі ліст для некалькіх людзей: напрыклад, калі вы падарожнічаеце ўсёй сям'ёй, бацька, які працуе, можа аформіць спонсарскія лісты жонцы ў дэкрэце, маці-пенсіянерцы і дзіцяці-студэнту. Пры гэтым, калі ўсе чальцы сям'і падаюцца на візу адначасова, можна ўпісаць у адзін спонсарскі ліст некалькі чалавек.

Ці абавязкова спонсар павінен быць грамадзянінам Беларусі?

Не, не абавязкова. Калі спонсар не з'яўляецца грамадзянінам Беларусі, неабходна не толькі падаць копію пашпарта, але і даказаць легальнасць знаходжання і працы ў Беларусі (напрыклад, даць ксеракопію пасведчання на жыхарства).

Калі іншаземец не жыве ў Беларусі, але хоча ўзяць на сябе выдаткі свайго госця, ён павінен зрабіць не спонсарскі ліст, а запрашэнне, дзе будзе пазначана, якія выдаткі запрошанага турыста будзе аплачваць.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках