19 красавiка 2024, Пятніца, 15:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падзенне рубля можа адбыцца з «рукатворных» прычынаў

14
Падзенне рубля можа адбыцца з «рукатворных» прычынаў
ФОТА: tut.by

Крэдытаванне насельніцтва пяць кварталаў запар знаходзіцца ў «чырвонай зоне».

9 ліпеня ў Менску прайшла канферэнцыя агенцтва Fitch пра сітуацыю ў беларускай эканоміцы. Эксперты зрабілі на канферэнцыі нямала гучных заяваў.

Песімізму нагнаў выступ ад Fitch старшага дырэктара аналітычнай групы ў суверэнных рэйтынгах Эрыка Арыспе, пішуць banki24.by.

Паводле ацэнак Fitch, рост беларускай эканомікі запаволіцца ў 2019 годзе да 2% і ў доўгатэрміновай перспектыве будзе ніжэйшы, чым у супастаўных краінах. Страты Беларусі ад падатковага манеўру ў Расеі стануць выдаткамі памерам 10,6 млрд USD.

Кіраўнік прадстаўніцтва МВФ у Беларусі Надзім Ілахі быў скептычны да патэнцыялу эканомікі Беларусі без правядзення структурных рэформаў. Паводле разлікаў МВФ, страты нашай краіны ад падатковага манеўру Расеі да 2024 года дасягнуць 5% ВУП.

Без кампенсацыі ад РФ і рэформаў эканоміка Беларусі скаціцца ў рэцэсію. Гэта значыць, што паўторыцца сітуацыя з ВУП у крызісных 2015–2016 гг. Адбудзецца істотнае зніжэнне прыбыткаў бюджэту, што можа запатрабаваць ад уладаў карэктавання ў эканамічнай палітыцы.

Раней пад карэктаваннямі міжнародныя крэдыторы часта мелі на ўвазе дэвальвацыю беларускага рубля. Аднак на сёння курс з'яўляецца рынкавым, ды і негатыўныя эфекты ад дэвальвацыі балючыя для ўладаў, банкаў, прадпрыемстваў і насельніцтва. Таму прапанова МВФ, хутчэй за ўсё, сугучная з тэзісамі Сусветнага банка. Трэба нарасціць прыбыткі бюджэту за кошт ліквідацыі неэфектыўных ільготаў і аптымізаваць выдаткі. На эканамічнай мове гэта называецца бюджэтнай кансалідацыяй.

Праўда, пакуль Мінфін Беларусі дэкларуе роўна адваротны падыход – абнуленне прафіцыту бюджэту прызначанае ўжо на 2020 год. Высокая верагоднасць, што ў Саўмін проста спусцілі каманду пра падрыхтоўку да выбараў.

Тым часам індыкатары Нацбанка паказваюць, што крэдытаванне насельніцтва пяць кварталаў запар знаходзіцца ў «чырвонай зоне». Апошні раз індыкатары былі там перад дэвальвацыяй 2011 года. Так што падзенне курсу рубля можа здарыцца з рукатворных прычынаў, але без удзелу з боку Нацбанка.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках