19 красавiка 2024, Пятніца, 2:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ва ўсім свеце пройдуць акцыі з нагоды дня нараджэння Сянцова

3
Ва ўсім свеце пройдуць акцыі з нагоды дня нараджэння Сянцова
АЛЕГ СЯНЦОЎ
ФОТА: KOMMERSANT.RU

Асуджанаму ў Расеі ўкраінскаму рэжысёру ў суботу, 13 ліпеня, спаўняецца 43 гады.

Гэта ўжо шосты дзень нараджэння, які Алег Сянцоў сустракае ў зняволенні. Ва ўсім свеце сёння праходзяць акцыі з нагоды ягонага дня нараджэння.

Спіс мерапрыемстваў на сваёй старонцы ў Facebook апублікавала старшыня праўлення Цэнтра грамадзянскіх свабод Аляксандра Матвійчук.

Так, ва ўкраінскіх гарадах правядуць паказы фільмаў і чытання твораў Сянцова, флэшмобы напісання лістоў палітвязням і розныя акцыі салідарнасці з нагоды дня нараджэння рэжысёра. Мерапрыемствы пройдуць у Кіеве, Львове, Дняпры, Ужгарадзе, Адэсе, Запорожжы, Чарнаўцах, Краматорску і іншых гарадах. Акрамя таго, адпаведныя акцыі правядуць і за мяжой: у Лондане, Люксембургу, Мюнхене, Берліне, Рызе, Нью-Ёрку, Любліне, Маскве, Галіфаксе і інш.

Алег Сянцоў - украінскі кінарэжысёр, сцэнарыст, найбольш вядомы гледачу па фільме «Гамер» (2012). Стужка ўдзельнічала ў фестывалі аўтарскага кіно ў Ратэрдаме, у конкурснай праграме МКФ GoEas у нямецкім Вісбадэне, а таксама дэманстравалася на Кіеўскім МКФ «Маладосць» і менскім фестывалі «Лістапад». Свой другі фільм «Насарог» Сянцоў так і не паспеў зняць - ва Украіне пачалася Рэвалюцыя Годасці. Рэжысёр быў актыўным удзельнікам «Аўтамайдана».

У родны Сімферопаль Сянцоў вярнуўся ў канцы лютага 2014 года - і тут жа падключыўся да дзейнасці актывістаў, якія падтрымліваюць рух «За адзіную Украіну". 11 траўня 2014 Алега Сянцова затрымала ў Крыме Федэральная служба бяспекі Расейскай Федэрацыі. Пазней яго перавезлі ў Маскву, у следчы ізалятар у Лефортава. Кінарэжысёра абвінавацілі ў тэрарызме і незаконным захоўванні зброі. У матэрыялах сфабрыкаванай справы ён называўся арганізатарам дыверсійна-тэрарыстычнай групы. З патрабаваннем вызвалення Алега Сянцова да расейскіх уладаў звярталіся прадстаўнікі ўкраінскай кінасупольнасці, урад Украіны, Еўрапейская кінаакадэмія; кінарэжысёры з сусветным імем: Пэдра Альмадавар, Вім Вендэрс, Майк Лі, Кшыштаф Занусі, Анджэй Вайда, Кен Лоўч і іншыя. Аднак, усё было дарэмна.

У жніўні 2015 года Сянцова прысудзілі да 20 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі строгага рэжыму. У лютым 2016 яго этапавалі ў Якуцію, а з лістапада 2017 Алег Сянцоў знаходзіцца ў папраўчай калоніі «Белы мядзведзь» у горадзе Лабытнангі (Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга).

17 студзеня 2016 года чэшскі кінематаграфічны і тэлевізійны саюз FITNESS узнагародзіў Сянцова спецыяльнай прэміяй журы. 26 красавіка 2017 у Нью-Ёрку (ЗША) украінскаму рэжысёру завочна ўручылі прэмію амерыканскага ПЭН-клуба імя Барбары Голдсміт «Свабода пісаць».

У траўні 2018 года Алег абвясціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваннем вызваліць усіх украінскіх палітвязняў - ужо тады Крэмль незаконна трымаў за кратамі больш за 70 украінцаў. Сянцоў галадаў 145 дзён, адмаўляючыся прасіць аб памілаванні. Ён спыніў галадоўку, каб пазбегнуць ганебнага прымусовага кармлення.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках