29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міграцыя ў Расею з Сярэдняй Азіі набывае пагрозлівыя маштабы

23
Міграцыя ў Расею з Сярэдняй Азіі набывае пагрозлівыя маштабы

Новыя палітычныя і эканамічныя катаклізмы практычна непазбежныя.

Насуперак шырока распаўсюджанаму ў СМІ міфу аб зніжэнні міграцыйнай прывабнасці Расеі прыток у яе працоўных мігрантаў з азіяцкіх краін СНД расце. Яго пабочным, але ад гэтага не менш негатыўным вынікам з'яўляецца чарговы віток абвастрэння міжэтнічных дачыненняў, які найбольш прыкметны ў месцах максімальнай канцэнтрацыі мігрантаў, піша paruskg.info.

У матэрыялах пра міграцыйную праблематыку, апублікаваных расейскімі СМІ апошнім часам, нярэдка блытаюць два тыпы міграцыі - сталую, якая прадугледжвае пераезд на новае месца жыхарства, і часовую працоўную міграцыю, якая часцяком носіць сезонны характар. Звесткі аб сталай міграцыі публікуюцца Расстатам, а аб часовай – Галоўнай управай МУС РФ у пытаннях міграцыі, у падпарадкаванне якой пасля ліквідацыі ў 2016 годзе Федэральнай міграцыйнай службы перайшла міграцыйная статыстыка. Неразуменне прынцыповай розніцы паміж гэтымі тыпамі звестак спараджае памылкі ў трактоўцы міграцыйнай сітуацыі, якія ў выніку могуць прывесці да няслушных пастаноў.

Зніжэнне міграцыйнай прывабнасці Расеі, аб якім шырока пісала прэса, належыць менавіта да сталай міграцыі, то бок, перасялення ў РФ на адносна працяглы перыяд часу. З 2012 года да гэтай катэгорыі Расстат адносіць усіх тых, хто прыехаў у Расею на 9 месяцаў і больш. І колькасць гэтай групы мігрантаў паводле вынікаў 2018 года сапраўды скарацілася. Станоўчае сальда міграцыйнага абмену (колькасць прыбылых мінус колькасць выбылых) Расеі з замежнымі дзяржавамі за 2018 год у параўнанні з папярэднім 2017 годам скарацілася з 211,9 да 124,9 тысячы чалавек. Адбылося гэта таму, што зменшылася, як колькасць прыбылых у Расею, так і выбылых з яе.

Звесткі аб часовай міграцыі ў статыстыку Расстата не трапляюць. Аднак яны паказваюць, што аб'ёмы іміграцыі з азіяцкіх краін СНД у 2018 годзе прыкметна ўзраслі. І ніякага зніжэння міграцыйнай прывабнасці РФ у вачах іх жыхароў не адбываецца. Наадварот, летась яна прыкметна павялічылася. Усяго МУС Расеі за 2018 год было пастаўлена на міграцыйны ўлік 17,8 млн чалавек - на 2 млн больш, чым у папярэднім, 2017 годзе.

Такі значны рост, хутчэй за ўсё, збольшага быў выкліканы правядзеннем чэмпіянату свету ў футболе. Але адначасова вырасла і міграцыя з рэспублік былога СССР, адкуль у Расею едуць зусім не футбольныя фанаты. Колькасць іх грамадзян, пастаўленых МУС на міграцыйны ўлік, вырасла за год амаль на 800 тысяч чалавек і дасягнула 12,7 млн.

Наогул міграцыйныя плыні паміж Расеяй і краінамі СНД летась змяняліся рознанакіраванымі. Колькасць мігрантаў з адных краін скарацілася, а з іншых – прыкметна павялічылася. Да першай групы краін належаць Малдова, Украіна, Кыргызстан, Арменія і Грузія. У сукупнасці колькасць грамадзян гэтых дзяржаў, пастаўленых на міграцыйны ўлік, скарацілася на 96,2 тысячы чалавек.

Да краін, якія прадэманстравалі павелічэнне міграцыйнай плыні ў РФ, належаць Узбекістан, Таджыкістан, Казахстан, Туркменістан, Беларусь, Азербайджан, а таксама прыбалтыйскія дзяржавы. Агулам колькасць іх грамадзян, пастаўленых МУС Расеі на міграцыйны ўлік, вырасла на 864,3 тысячы чалавек, што дазволіла з лішкам кампенсаваць падзенне міграцыі з іншых краін СНД і забяспечыць яе прыкметны прырост.

Павелічэнне іміграцыі было забяспечанае галоўным чынам Узбекістанам (+416,8 тысячы) і Таджыкістанам (+224,2 тысячы), з якіх у Расею за 2018 год прыехала на 641 тысячу чалавек больш, чым у 2017 годзе. Гэтая лічба супастаўная з насельніцтвам сярэдняга расейскага абласнога цэнтра, што для перыяду працягласцю адзін год з'яўляецца вельмі значнай лічбай. Калі ж палічыць грамадзян усіх пяці краін Сярэдняй Азіі,якія прыехалі летась у Расею, то іх колькасць складзе 8,5 млн чалавек.

Для параўнання: у Далёкаўсходняй федэральнай акрузе РФ пражывае ўсяго толькі 6,2 млн чалавек, у Паўночна-Каўказскай - 9,8 млн, ва Уральскай - 12,4 млн, у Паўночна-Заходняй – блізу 14 млн. Колькасць адных толькі мігрантаў з Узбекістана і Таджыкістана значна большая, чым усё насельніцтва Санкт-Пецярбурга. А колькасць мігрантаў з Кыргызстана (877 тысяч) выявілася большай, чым насельніцтва Карэліі, Наўгародскай, Пскоўскай, Мурманскай вобласці або Рэспублікі Комі.

Акрамя пастаноўкі выхадцаў з краін СНД на міграцыйны ўлік адбываецца іх зняцце з гэтага ўліку. Але гэты акт зусім не азначае, што мігрант сапраўды пакінуў межы Расеі. Як тлумачыць Расстат «Зняцце з рэгістрацыйнага ўліку ажыццяўляецца аўтаматычна ў працэсе электроннай апрацоўкі звестак аб міграцыі насельніцтва...па заканчэнні тэрміну знаходжання ў мігрантаў незалежна ад месца ранейшага жыхарства».

Гэта значыць, фізічна мігрант цалкам сабе можа заставацца ў Расеі, тады як на падставе звестак міграцыйнага ўліку ён яе ўжо даўно пакінуў. Непрыемнасці яму пагражаюць толькі пры сустрэчы з супрацоўнікамі паліцыі, што, улічваючы прыкметнае скарачэнне яе колькасці падчас рэформы МУС, адбываецца далёка не заўсёды. Акрамя таго, такому мігранту можа быць забаронены ўезд у Расею ў выпадку, калі ён усё ж паедзе да сябе на радзіму і наважыць потым вярнуцца назад. Але гэтую праблему можна лёгка развязаць, атрымаўшы на радзіме новы пашпарт.

Паводле апошніх падлікаў МУС РФ, агучаных у снежні мінулага года начальнікам Галоўнай управы міграцыі Валянцінай Казаковай і, мяркуючы з усяго, заслугоўваюць даверу, у Расеі знаходзяцца блізу двух мільёнаў нелегальных мігрантаў. Калі ж улічыць, што большасць мігрантаў з'яўляюцца выхадцамі з рэспублік Сярэдняй Азіі, іх агульная колькасць цягам года можа складаць да 10 млн чалавек, што ўдвая больш за насельніцтва Санкт-Пецярбурга і супастаўнае з насельніцтвам Масквы.

Акрамя таго, за 2018 год у РФ прыбылі яшчэ блізу 1,3 млн выхадцаў з дзяржаў Закаўказзя. Фактычна колькасць мігрантаў, якія штогод прыбываюць у Расею з азіяцкіх краін СНД, супастаўная з насельніцтвам сярэдняй еўрапейскай краіны, як Грэцыя, Чэхія, Партугалія ці Швэцыя.

Адно з самых вострых пытанняў - геаграфія рэгіёнаў, якія выбіраюць мігранты. Амаль дзве траціны з іх летась былі пастаўленыя на міграцыйны ўлік у дзвюх федэральных акругах – Цэнтральнай (37,8%) і Паўночна-Заходняй (21,5%). Міграцыйная прывабнасць астатніх федэральных акругаў адносна невялікая. Амаль траціна ўсіх пастаўленых на міграцыйны ўлік асоб была зарэгістраваная ў сталічным рэгіёне - Маскве і Маскоўскай вобласці, а пятая частка – у Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці.

Абсалютныя лічбы выглядаюць яшчэ больш трывожна. За мінулы год у сталічным рэгіёне на міграцыйны ўлік было пастаўлена 5,1 млн чалавек, што эквівалентна чвэрці сукупнага насельніцтва Масквы і вобласці. А ў Пецярбургу і Ленінградскай вобласці было зарэгістравана 3,3 млн мігрантаў, што складае больш за палову колькасці іх сталых жыхароў.

Абвастрэнне міжэтнічных дачыненняў, якое азначылася апошнім часам, уключаючы цэлую серыю сутыкненняў і крымінальных інцыдэнтаў з відавочным нацыянальным падтэкстам, з'яўляецца наўпроставым следствам павелічэння маштабаў іміграцыі з азіяцкіх краін СНД, якая прымае пагрозлівыя маштабы. Такая сітуацыя ўжо складвалася да 2013 года, калі бескантрольны прыток мігрантаў і пагаршэнне крымінагеннай абстаноўкі прывялі да масавых антымігранцкіх выступаў у Маскоўскім раёне Бірулёва-Заходняе.

Выхад з сітуацыі тады быў знойдзены ва ўзмацненні жорсткасці міграцыйнай палітыкі, уключаючы дазвол уезду толькі па замежпаспартах, увядзенне патэнтаў, забарону грамадзянам краін СНД знаходзіцца ў Расеі без афармлення дакументаў больш 90 дзён цягам паўгода і г. д. Скараціць міграцыю дапамог і эканамічны крызіс 2015-2016 гадоў. Але з тых часоў мігранты да новых патрабаванняў адаптаваліся і, больш за тое, навучыліся паспяхова іх абыходзіць.

У адрозненне ад Расеі, якая апускаецца ў новы віток дэмаграфічнага крызісу, насельніцтва Сярэдняй Азіі праз высокую нараджальнасць прадаўжае хутка расці. На пачатак 2018 года ва ўсіх пяці краінах рэгіёну пражывала больш за 70 млн чалавек. Праблемы беспрацоўя ўлады краін рэгіёну ўважаюць за лепшае развязваць за кошт расейскага рынку працы. Але забяспечыць працай усю Сярэднюю Азію РФ відавочна не ў стане.

Узровень беспрацоўя ў самой Расеі паводле методыкі УЦДГМ, заснаванай на самавызначэнні рэспандэнтаў, удвая вышэйшы за афіцыйны і складае блізу 10% ад колькасці працоўнай сілы. І калі міграцыйная палітыка зменаў не зведае, новыя палітычныя і эканамічныя катаклізмы, звязаныя з ростам прытоку працоўных мігрантаў з азіяцкіх краін СНД, практычна непазбежныя.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках