23 красавiка 2024, aўторак, 12:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці прыжылася б у Беларусі чэшская аплікацыя для збору дармовага ўраджаю?

4
Ці прыжылася б у Беларусі чэшская аплікацыя для збору дармовага ўраджаю?

Беларусам гэты досвед таксама спатрэбіўся б, але ёсць адно «але».

Любоў да дармаўшчыны - рыса агульначалавечая. Яна ў homo, можна сказаць, у ДНК, і ніякай sapiens гэтага не адмяніць. Што, увогуле, не дзіўна: у спрадвечныя часы, калі наш продак лазіў па дрэвах, дапамагаючы сабе не толькі лапамі, але і хвастом, яго атачала, збольшага, раскідзістая дармаўшчына: хочаш банан - зрывай банан, хочаш яблык - зрывай яблык. І ніякіх табе цэтлікаў, ніякіх крэдытак, піша «Салiдарнасць».

Раз мы, прыматы, паводле сваёй харчовай стратэгіі не драпежнікі, не траваедныя і нават не здыхлятнікі, а збіральнікі, такое становішча спраў нашых продкаў задавальняла. Не кій у руках, а менавіта дармаўшчына, гэта значыць лішак часу, вольнага ад барацьбы за выжыванне, дазволіла ім на вольным часе адпусціць сабе мазгі да памераў чалавека разумнага.

Вады з тых часоў сплыло нямала, і дармаўшчыны ў прыродзе значна паменшылася - за кожны яблык цяпер трэба плаціць, не кажучы ўжо пра усялякія бананы - але любоў да яе у разумнага чалавека нікуды не знікла. На тое ён і разумны.

А яшчэ разумныя людзі дапамагаюць адзін аднаму ў пошуках дармаўшчыны. Як гэта робяць, напрыклад, чэшскія энтузіясты, якія распрацавалі праект «Па садавіну», створаны на прынцыпе абмену карыснай інфармацыяй. Кожны карыстальнік сайта na-ovoce.cz можа адзначыць на карце месца, дзе ў вольным доступе растуць пладовыя дрэвы і пладова-ягадныя кусты. Напрыклад, адзінокая яблыня ў межах места, або цэлы сад, які ніхто не даглядае.

Да прыкладу, цяпер у самай сярэдзіне сэзон вішняў і чарэшняў - выдатны час для аматараў гэтых салодкіх ягад. Але мала хто ведае, што ў адной толькі Празе ёсць 59 належных гораду пладовых садоў, дзе кожны ахвочы спрэс задарма можа збіраць не толькі чарэшні, але і іншыя смачныя ягады ды плады.

Акрамя таго, існуюць дзясяткі месцаў з асобнымі дрэвамі, дзе таксама цалкам законна можна ласавацца пладамі і ягадамі. І ўсе гэтыя месцы пазначаныя на інтэрактыўнай карце.

Для зручнасці карыстальнікаў на сайце прадугледжаны фільтр, які дазваляе выводзіць на карту пазнакі - паказальнікі месцаў, дзе растуць канкрэтныя ягады або садавіна. Для гэтага трэба перайсці праз спасылку і ў правым куце экрана выбраць адну з катэгорый - Stromy (дрэвы), Keře (кусты), Bylinky (травы) або Ořechy (арэхі) - у кожнай з якіх паказана некалькі гатункаў. Напрыклад, у катэгорыі "дрэвы" ёсць вішні, чарэшні, яблыкі і г.д.

Па націску на патрэбны радок адлюструецца інфармацыя з адрасам і дакладнымі GPS-каардынатамі. Калі вы націснулі на радок «чарэшні», на карце з'явяцца пазнакі з месцамі, дзе можна дарма збіраць чарэшні. Сэрвіс працуе суздром задарма і ахоплівае не толькі Прагу, але і іншыя рэгіёны Чэхіі.

Не тое, каб чэхі не мелі грошай на куплю ягад і садавіны ў крамах - наадварот, чэхі вельмі заможныя людзі - проста адна рэч купіць ягады ў краме, і зусім іншая сарваць самому, задаволіўшы пры гэтым старажытны інстынкт збіральніка і не менш старажытную любоў да дармаўшчыны. Да таго ж некаторыя дзікарослыя дрэвы і кусты з’яўляюцца ўнікальнымі гатункамі, якія не сустрэнеш у крамах.

«Разумна кіраваныя сады валодаюць велізарным станоўчым патэнцыялам. Ён можа служыць крыніцай вольна даступных пладоў цікавых і напаўзабытых сартоў, а таксама натуральным месцам для адпачынку», - падкрэсліваюць распрацоўнікі праекта.

А што ў нас?

Беларусы не такія заможныя, як чэхі, і занадта частае частаванне крамной садавіной можа прабіць сур'ёзную зеўру ў іхнім бюджэце. Таму ў нашай краіне сайт «Па садавіну» быў бы яшчэ актуальнейшы, чым у Чэхіі. Бо безгаспадарных садоў у нас таксама стае.

Ёсць толькі адна небяспека - атрымаўшы інфармацыю пра дармаўшчыну, нашы суайчыннікі рынуцца туды натоўпамі, і садам вельмі хутка надыдзе халэмус.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках