23 красавiка 2024, aўторак, 11:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя правілы для «шэнгену»: Як атрымаць візу на 5 гадоў

64
Новыя правілы для «шэнгену»: Як атрымаць візу на 5 гадоў

Што рабіць, калі ў «шэнгене» адмовілі.

Рада Еўразвязу прыняла папраўкі да правілаў візавага кодэкса, якія павінны палепшыць умовы для законных падарожнікаў. Адно з новых правілаў закране кошт шэнгенскай візы – з 12 студзеня 2020 года за візу замест 60 еўраў давядзецца заплаціць 80 еўраў. Але ёсць і станоўчыя змены: атрымаць двухгадовую візу стане прасцей. Tut.by пачытаў новыя візавыя правілы і даведаўся, хто зможа атрымаць «шэнген» бясплатна, як атрымаць яго адразу на 5 гадоў і што рабіць, калі ў выдачы візы адмовілі.

Як можна будзе падаць заяву на візу?

Заяву на атрыманне шэнгенскай візы можна будзе падаваць традыцыйна – у амбасадзе ці візавым цэнтры або ў электронным выглядзе. У Радзе ЕЗ плануюць распрацаваць агульную пастанову, накіраваную на аблічбоўку, поўнае выкарыстанне апошніх прававых і тэхналагічных распрацовак, каб дазволіць падаваць заяўкі на атрыманне візы праз мабільныя і дэсктопныя прыкладанні.

Акрамя таго, дзе гэта магчыма, інтэрв'ю на атрыманне візы могуць праводзіцца «з выкарыстаннем сучасных лічбавых інструментаў і аддаленых сродкаў сувязі, як голас або відэазванкі праз інтэрнэт».

Калі можна будзе падаваць заяву на візу?

Вандроўнікі змогуць падаваць свае заяўкі за 6 месяцаў да запланаванай паездкі (9 месяцаў для маракоў) замест цяперашніх 3 месяцаў.

На які тэрмін будуць выдаваць «шэнген»?

Гэта самы важны пункт для тых, хто часта выязджае ў Еўразвяз. Шматразовыя візы будуць выдаваць з больш доўгім тэрмінам дзеяння: дзякуючы ўвядзенню агульных абавязковых правілаў частыя вандроўнікі з станоўчай гісторыяй візаў могуць атрымаць шматразовую візу з паступовым павелічэннем тэрміну дзеяння ад 1 года да максімум 5 гадоў:

– на адзін год візу можна будзе атрымаць пры ўмове, што заяўнік атрымаў і законна выкарыстаў тры кароткатэрміновыя візы цягам папярэдніх двух гадоў;

– на два гады візу можна будзе атрымаць пры ўмове, што заяўнік атрымаў і законна выкарыстаў папярэднюю шматразовую гадавую візу цягам папярэдніх двух гадоў;

– на пяць гадоў візу можна будзе атрымаць пры ўмове, што заяўнік атрымаў і законна выкарыстаў папярэднюю шматразовую двухгадовую візу цягам папярэдніх трох гадоў.

Акрамя таго, шматразовая віза на пяць гадоў можа быць выдадзеная заяўнікам, якія «дакажуць неабходнасць ці апраўдаюць свой намер часта або рэгулярна падарожнічаць пры ўмове, што яны дакажуць сваю надзейнасць, напрыклад, законнае выкарыстанне папярэдніх візаў, іхні прыбытак і намер пакінуць тэрыторыю дзяржаваў – чальцоў ЕЗ да заканчэння тэрміну дзеяння візы».

А калі ў выдачы «шэнгену» адмовілі?

Згодна з правіламі, заяўнікі, якім было адмоўлена ў візе, павінны мець права на апеляцыю.

«Апавяшчэнні пра адмову павінны ўключаць падрабязную інфармацыю пра прычыны адмовы і пра працэдуры абскарджання. Падчас працэдуры апеляцыі заяўнікам павінен быць прапанаваны доступ да ўсёй адпаведнай інфармацыі для іх выпадку ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам», – гаворыцца ў дакуменце.

Колькі будзе каштаваць віза?

З 12 студзеня віза будзе каштаваць 80 еўраў. Але дзецям да 12 гадоў віза абыдзецца на 40 еўраў.

Паводле правілаў плата за візу можа быць скасаваная для:

– дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў;

– уладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў;

– удзельнікаў семінараў, канферэнцый, спартовых, культурных або адукацыйных мерапрыемстваў, арганізаваных некамерцыйнымі арганізацыямі, ва ўзросце да 25 гадоў.

Акрамя таго, у асобных выпадках памер візавай мыты можа быць скасаваны або скарачаецца, калі гэта робіцца для прасоўвання культурных або спартовых інтарэсаў, інтарэсаў у галіне вонкавай палітыкі, палітыкі развіцця і ў іншых галінах, або з гуманітарных прычынаў, ці праз міжнародныя абавязальніцтвы.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках