20 красавiка 2024, Субота, 0:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперт: Чым бы ні скончыліся перамовы з Расеяй, кошты на бензін будуць расці

5
Эксперт: Чым бы ні скончыліся перамовы з Расеяй, кошты на бензін будуць расці

Кошт на бензін зраўняецца з коштамі ў краінах Балтыі і Польшчы.

Ці зможа Беларусь дамовіцца з Расеяй пра больш выгодныя для яе кошты на газ і нафту, а таксама пра кампенсацыю ў сувязі з расейскім падатковым манеўрам? У якіх умовах у перспектыве будзе працаваць беларуская эканоміка? Якіх зменаў у коштах на тавары, у тым ліку на аўтамабільнае паліва, можна чакаць? Свой погляд на гэта выказаў эканамічны эксперт Аляксей Аўдонін у каментары myfin.by.

– Пры абмеркаванні такіх тонкіх эканамічных пытанняў, як чарговыя перамовы ў пастаўках нафты і газу з Расеі на наступны год, заўсёды важна падзяляць палітычныя і эканамічныя аспекты.

Палітычныя і эканамічныя перамоўныя пытанні для Беларусі звязаныя з інтэграцыяй у рамках «саюзнай» дзяржавы або ў рамках ЕАЭЗ.

Важна разумець, што пры абмеркаванні эканамічных тэмаў дасягнуць пагаднення ў кошце нафты і газу – у прынцыпе дастаткова лёгка. Кошты на газ і нафту выразна вызначаюцца каціроўкамі на сусветных таварна-сыравінных рынках, кошт энэрганосьбітаў для Беларусі, як правіла, разлічваецца з вызначаным дысконтам (за мінусам выдаткаў на транспартаванне, дзяржмыту і г.д.).

Яшчэ адно пытанне, якое важна абмяркоўваць менавіта ў галіне эканомікі, але не палітыкі, – гэта пра падатковы манеўр. Зразумела, што Расейская Федэрацыя праводзіць унутраную палітыку, накіраваную на падтрымку ўласных НПЗ і паскораную мадэрнізацыю іх інфраструктуры.

Ва ўмовах падатковага манеўру, вядома, Беларусь будзе атрымліваць нафту з больш высокім коштам. Для беларускай эканомікі дарагія энэргарэсурсы (нафта ці газ) будуць адбівацца на павышэнні сабекошту кожнай адзінкі беларускай прадукцыі. Таму для беларускага боку важна дамагчыся максімальных саступак з боку Расеі, каб не дапусціць рэзкага росту кошту газу і нафты ў наступныя гады. Рост коштаў на энэрганосьбіты непазбежна адаб'ецца на запаволенні тэмпаў беларускай эканомікі.

Пра трансфармацыю эканамічнага асяродку

З іншага боку, трэба браць да ўвагі, што працэс падаражання энэргарэсурсаў у прынцыпе неўнікнёны. Гэта значыць, кошты для ўсіх партнёраў Расейскай Федэрацыі, якія ўжываюць яе нафту, будуць расці. Важна разумець, што гэтыя ўмовы з'яўляюцца аб'ектыўнымі. І ў гэтых умовах трэба, у тым ліку, рэструктурызаваць саму нацыянальную эканоміку, павышаць яе канкурэнтаздольнасць.

І рыхтавацца да дзейнасці ўжо ў зусім новых коштавых умовах, калі кошт на нафту і іншыя энэргарэсурсы будзе вышэйшым, канкурэнцыя больш жорсткай. Натуральна, эфектыўнасць беларускіх вытворцаў павінна быць таксама значна вышэйшай. Для гэтага неабходна і праводзіць рэструктурызацыю эканомікі, і змяншаць выдаткі, а таксама павышаць эфектыўнасць і прадукцыйнасць працы. І тым самым быць гатовым да трансфармацыі вонкавага эканамічнага асяродку.

Што тычыцца палітычных пытанняў, звязаных менавіта з інтэграцыяй у рамках «саюзнай дзяржавы», або ў рамках ЕАЭЗ, то гэта зусім асобная тэма, якая больш тычыцца палітолагаў і паліттэхнолагаў, чым эканамістаў.

Пра кошты на бензін

Безумоўна, калі браць да ўвагі, што падатковы манеўр усё ж такі мае месца быць, то неўнікнёнае і павышэнне кошту на нафту для контрагентаў Расейскай Федэрацыі, у тым ліку і Рэспублікі Беларусь.

І калі кошт на нафту для Беларусі будзе павышацца, то нацыянальныя НПЗ працаваць у страту не будуць, бо гэта неўнікнёна будзе весці да іх празмернай закрэдытаванасці. Ільгатаваць такія прадпрыемствы праз дзяржбюджэт ці іншыя фонды ў дзяржавы ў цяперашні час няма магчымасцяў.

Таму трэба чакаць, што ўсё ж такі кошт на бензін і на дызельнае паліва ў краіне будзе расці. Натуральна, гэта ў тым ліку будзе адбівацца на сабекошце ўсёй выпусканай і прадаванай прадукцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Таму, каб выжываць у такіх умовах, у Беларусі неабходна павышаць эфектыўнасць саміх прадпрыемстваў. Гэта значыць зніжаць іхнія ўнутраныя выдаткі і пры высокім кошце энэргарэсурсаў, паліва вытрымліваць канкурэнцыю і коштавы баланс. Бо калі кошты пачнуць расці, то гэта альбо будзе неўнікнёна павялічваць інфляцыйныя працэсы, альбо – стрымліваць попыт.

Але прыбыткі могуць расці толькі з дзвюх прычынаў. Альбо павялічваецца эфектыўнасць і прадукцыйнасць працы і тым самым – аддача ў выглядзе заробку працаўнікам. Альбо – толькі за кошт павелічэння грашовай масы і паскарэння інфляцыйных працэсаў, што непрымальна для нармальнага эканамічнага росту. Інфляцыя павінна быць максімум 5-7%.

Складана спрагназаваць, якім у перспектыве будзе ўзровень кошту на бензін. Адназначна, ён будзе расці і набліжацца да ўзроўню, у першую чаргу, расейскіх коштаў. І трэба разумець, што ў самой Беларусі кошты ў параўнанні з Еўразвязам, з памежнай Польшчай, краінамі Балтыі, значна ніжэйшы. Таму, думаю, яны ўсё роўна паэтапна будуць у найбліжэйшы год-паўтара выраўноўвацца і набліжацца да агульнага ўзроўню. Самае галоўнае, каб у тым ліку заробкі і прыбыткі насельніцтва раслі. Але для гэтага ні ў якім разе нельга дапускаць друкавання грошай і паскарэння інфляцыйных працэсаў. Павінна рэструктуравацца эканоміка.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках