19 красавiка 2024, Пятніца, 15:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Цін Пу

5
Прэзідэнт Цін Пу

Кітайцы могуць падзякаваць кіраўніку Крамля за расейскі лес, які атрымліваюць за бесцань.

Выкрываць карупцыю ў Расеі можна. Але толькі на загад зверху. Калі яго няма, то нішто не дапаможа. Ні афіцыйная "рэвізорская" пасада. Ні публічна выкрытыя факты шматмільярдных крадзяжоў з бюджэту павязаных кругавой парукай чыноўнікаў. Ні крык душы і заклікі да самога прэзідэнта, зробленыя ў адкрытым інтэрв'ю вядомаму (хай і вельмі адыёзнаму) журналісту, піша Telegram-канал "СерпомПО".

Кіраўніца Падліковай палаты Краснаярскага краю Таццяна Давыдзенка, якая апавяла на ўсю краіну пра "абуральныя факты карупцыі" мясцовых чыноўнікаў, пра гіганцкую ценевую эканоміку рэгіёну і драпежніцкую высечку лясоў у краі, пасля доўгіх спрэчак з мясцовымі "элітамі", абвінавачванняў і пагрозаў на свой адрас, страціла пасаду.

Краснаярскія дэпутаты выправілі яе ў адстаўку. Прычым зрабілі гэта ў закрытым (!) рэжыме. Пастанову падтрымалі 42 дэпутаты з 46.

У відэазвароце, запісаным перад сэсіяй, Давыдзенка заявіла, што не сумняваецца ў адстаўцы і мае намер і далей змагацца з раскрадальнікамі лясных багаццяў рэгіёну.

Яна абвінаваціла ў "дзеянні па-за законам" мясцовую пракуратуру, дэпутатаў ЗакСа і выканаўчую ўладу, якія "выконваюць заказ губернатара Краснаярскага краю" Аляксандра Уса.

Не, спадарыня Давыдзенка, яны не заказ Уса выконвалі. Бярыце вышэй! Калі гаворка ідзе пра многія і многія дзясяткі мільярдаў рублёў "міма касы" – гэта ўжо заказ сяго-таго іншага. Таго, да каго вы публічна звярталіся па абарону. Таго, хто атрымаў у чэрвені мінулага года з рук старшыні КНР Сі Цзіньпіна (пацеркі) ордэн Сяброўства КНР.

Дарэчы, гэта было першае ўручэнне гэтай найвышэйшай дзяржузнагароды Кітая, зацверджанай 1 студзеня 2016 г. Ёю могуць быць уганараваныя замежныя грамадзяне, якія зрабілі асаблівы ўнёсак у дзяржаўнае будаўніцтва і мадэрнізацыю краіны. Краіна называецца – Кітай.

Дзякуй, таварыш Пуцін, за расейскі лес, які мы атрымліваем за бесцань, і за іншыя карысныя выкапні, што ідуць на карысць нашай Вялікай камуністычнай Радзіме і нашай капіталістычнай эканоміцы!

А вы, дарагія ўбогія жыхары найбагацейшага на прыродныя рэсурсы Краснаярскага краю (і іншай Сібіры і Далёкага Усходу), прадаўжайце працаваць за 10–15 тыс. «драўляных» за месяц, атрымлівайце асалоду ад пралысінаў на тысячы гектараў, якія калісьці былі лясамі, ляпіце зімой снежных бабаў са свайго чырвонага краснаярскага снегу (кітайцам ён пакуль без патрэбы), а ўлетку збірайце паводле правілаў ламачча і заварвайце кару дубу. Пуцін вам пакуль дазваляе.

Так, і не забывайцеся, як і астатнія шчаслівыя расейцы, выжываць ціха, на мітынгі не хадзіць, маўчаць у анучку; паўтараць штодня, як Ойча Наш – "ад мяне нічога не залежыць" і галасаваць спраўна за "едросаў" і свайго прэзідэнта Цін Пу.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках