28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мацвей Ганапольскі: Пуцін можа бубніць колькі заўгодна

10
Мацвей Ганапольскі: Пуцін можа бубніць колькі заўгодна
МАЦВЕЙ ГАНАПОЛЬСКІ

Крымскае пытанне ніколі не будзе закрытае.

Калі нават Украіна некуды выпарыцца або ў ёй знікне апошняя асоба, якая памятае, што Крым калісьці належаў Украіне; калі раптам міжнародная супольнасць паб'е Альцгеймер і яна забудзецца, што найважнейшым гарантам міру на планеце ёсць выкананне міжнародных дамоўленасцяў; калі раптам лідары заходніх краінаў скурвяцца і будуць памятаць толькі пра расейскія газ і нафту, – гэта значыць, калі знікне ўсё, што можа замінаць прызнанню Крыма расейскім, то застанецца толькі адна, але галоўная перашкода – крымскія татары, піша публіцыст Мацвей Ганапольскі для сайта «Эхо Москвы».

Я не буду цяпер нагадваць, як з іх здзекуюцца, не буду апавядаць, як ім лепяць крымінальныя справы за ўдзел у нейкіх міфічных тэрарыстычных групах. Не буду палохаць фактамі, як іх асуджаюць да турэмных тэрмінаў ад 14 да 17 гадоў – усё гэта ведаюць тыя, хто хоць трохі цікавіцца палітыкай і іх бедамі, а хто не цікавіцца, то і бог з вамі.

Ведаем мы пра іх беды ці не, але яны жывуць у Крыме, і нішто і ніколі не прымусіць іх з Крыма сысці. Няма ў іх іншай зямлі, а так уладкаваны свет, што выгнаныя народы абавязкова на сваю радзіму вяртаюцца. Вось не былі габрэі дзве тысячы гадоў у сваёй Юдэі, але вярнуліся, адбудавалі Ізраіль – і гэта толькі адзін прыклад, самы гучны, а колькі такіх прыкладаў менш вядомых.

Закон адзін – калі ў народа ёсць месца, якое гэты народ называе сваёй радзімай, то хутчэй разваляцца Вялікія піраміды, чым народ забудзецца пра сваю мару вярнуцца на сваю салодкую Бацькаўшчыну.

Паглядзіце фільм «Хайтарма». Гэты фільм пра тое, як савецкая ўлада зладзіла генацыд крымскіх татараў. Там ёсць ашаламляльная сцэна: перад намі крымска-татарскае сяло, вуліца, маленькія домікі расчыненыя, дзеці гуляюць, жанчыны рыхтуюць вячэру. Раптам уваходзяць войскі, усіх хапаюць і, не даўшы сабрацца, гоняць на станцыю ды грузяць у вагоны для жывёлы. Дзверы вагонаў зачыняюцца і цягнік сыходзіць. А далей камера ў цішыні ідзе па гэтай вуліцы, дзе гарыць святло ў дамах, раскіданыя рэчы і цацкі, на пліце даварваецца плоў.

Толькі няма людзей. Людзі высланыя далёка ўглыб Расеі і ў Казахстан, дзе больш за палову з іх памрэ пасля таго, як іх выкінуць на мароз у чыстае поле.

Пуцін можа колькі заўгодна бубніць, што крымскае пытанне закрытае. Яшчэ раз – яно ніколі не будзе закрытае, нават калі Крым прызнаюць расейскім марсіяне. Пакуль не спыніцца ўжо пуцінскі генацыд крымскіх татараў, пакуль не перастануць знішчаць іх традыцыі, веру і лад жыцця, Крым ніколі не стане Расеяй. Ды ён ніколі і не стане расейскім, таму што менавіта пры Украіне крымскія татары пачалі вяртацца на радзіму. Вярталіся яны цяжка – дапамога ім была маленькая, зямля іх была ў асноўным захопленая, але было ў іх галоўнае – яны вярталіся дадому ў свабодную краіну, дзе іх не прыніжалі і ўважалі роўнымі. Яны пачалі патроху ўладкоўвацца, і я бачыў гэта на свае вочы: спачатку сям'я будавала кухню, а сама жыла ў вагончыку, потым прыбудоўвалі адзін пакой, на наступнае лета – другі. Была надзея.

Была надзея, але гэтую надзею расціснуў расейскі бот. Але мару бот расціснуць не можа. Крымскія татары за сваю гісторыю прайшлі такія пакуты і выпрабаванні, што пуцінская вечнасць для іх – адно імгненне.

Яны вернуцца на радзіму, а яна ў іх адна – Крым.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках