18 красавiка 2024, Чацвер, 7:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі «заваліў» адзіную валюту з Расеяй

28
Як экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі «заваліў» адзіную валюту з Расеяй
СТАНІСЛАЎ БАГДАНКЕВіЧ

Кебіч і Мясніковіч былі гатовыя падпісаць дамову з РФ, але Багданкевіч ім перашкодзіў.

Ці будзе ў Беларусі з Расеяй адзіная валюта? Гэтае пытанне зноў гучыць напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў абедзвюх краінаў, якая прызначаная на 18 ліпеня. Многія эксперты мяркуюць, што адзіныя грошы з адзіным эмісійным цэнтрам у Маскве – найлепшы сродак для Крамля «ціха» паглынуць Беларусь.

А вось рэальны выпадак з найноўшай гісторыі Беларусі, пра які апавядае «Радыё Свабода» былы старшыня Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч.

«Стаяў на сваім: падпісваць не буду»

Вясной 1994 года, калі ў Беларусі яшчэ не існавала пасады прэзідэнта, у Маскву паехала вялікая дэлегацыя падпісваць дамову пра адзіную рублёвую зону. Паехалі не толькі высокія чыноўнікі з ураду і парламента, але нават старшыні ўсіх аблвыканкамаў.

Вячаслаў Кебіч, тагачасны кіраўнік беларускага ўраду, хацеў абставіць падпісанне дакументаў як асабістую вялікую перамогу. Пад працэдуру абралі асаблівы час, калі расейскага прэзідэнта Барыса Ельцына не было ў Маскве.

Тагачасны першы банкір Беларусі Станіслаў Багданкевіч расказаў, што ў яго з Кебічам і тагачасным віцэ-прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам была дамоўленасць падпісаць дакументы пра стварэнне агульнай валюты.

«Мая пазіцыя была такая: я не палітык, я старшыня Нацбанка, які павінен турбавацца аб грашовай сістэме краіны. Таму я падпішу дамову толькі тады, калі ў ёй будзе зафіксавана, што Беларусь сама будзе пастанаўляць, колькі грошай выпускаць, які курс вызначаць, і ніхто не мае права гэта пастанаўляць за нас, нават нейкі наднацыянальны орган. Інакш гэта будзе парушэнне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Кебіч з Мясніковічам з гэтым нібыта згаджаліся», – апавядае Станіслаў Багданкевіч.

Але цягам перамоваў расейцы як бы спахапіліся – што ж гэта атрымліваецца?! Калі прыняць беларускія ўмовы, то ў Менску па-ранейшаму будуць друкаваць сваіх «зайчыкаў» і на гэтыя «паперкі» набываць газ і нафту.

«На нейкім этапе перамоваў Кебіч і Мясніковіч пачалі на мяне ціснуць і згаджацца з пазіцыяй расейцаў. Але я стаяў на сваім: падпісваць не буду, таму што не магу парушаць Канстытуцыю. Для мяне гэта непрымальна. Так дамову і не падпісалі» – канстатуе Станіслаў Багданкевіч.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках