26 красавiка 2024, Пятніца, 0:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Агуркі, памідоры – усё затанула»

4
«Агуркі, памідоры – усё затанула»

Як жыхары Палесся змагаюцца з вялікаю вадой?

Для жыхароў Палесся разводдзе неўтаймаванай ракі Гарынь – з’ява зусім не дзіўная. Адбываецца гэта бадай штогод. Але сёлетняе падняцце ўзроўню вады для іх зрабілася сапраўднаю бядой. Рэч у тым, што паводка адбываецца ў сакавіку, і цягам тыдня вада сыходзіць. А вось каб у канцы траўня раптам разлілася рака і ўзровень вады не спадаў тыдзень – гэта праблема, піша сайт тэлеканала «Белсат».

У вёсцы Рубель, што ў Столінскім раёне, вада знішчыла цэлыя палеткі бульбы, капусты. У саму вёску вада практычна не патрапіла, бо яна аддзеленая ад Гарыні высокаю дамбаю.

На палетках жа дасюль працуюць вяскоўцы, адпампоўваюць ваду. Дапамагае і мясцовая гаспадарка. Вада пры гэтым адрэзала Рубель ад суседняй вёскі Беражное. Мост праз раку тут затапіла. Цяпер жыхарам вёскі, каб трапіць у райцэнтр, неабходна зрабіць вялізнае кола праз Давыд-Гарадок.

«Агарод прапаў. Дапамогі ніякай не маем. Я была ў старшыні сельсавету, скардзілася яму на гэта, але пачула ў адказ, што, маўляў, калі я пенсіянерка, то мне трэба звяртацца за адраснаю дапамогай у раённае сацзабеспячэнне», – распавяла Вольга Іванаўна, жыхарка вёскі Вугалец Столінскага раёну.

«Старшыня сельсавету толькі разводзіць рукамі. Але крыўдна тое, што ён нават не наведаўся да нас. Нават не паспачуваў. Хай бы прыехаў сюды, дык не», – абураецца Вольга Іванаўна.

Вада ў пойме Гарыні ўжо больш за тыдзень і не спадае

«Вельмі павольна сыходзіць вада. Не памятаем такога, каб было. Звычайна рэзка павялічыцца ўзровень і раптоўна спадае. А цяпер – бяда. Усё ў агародах прапала. Яшчэ непрыемна, што вада смярдзіць. Бо рака змыла ўсе вулічныя прыбіральні, гной з хлявоў», – кажа жыхарка вёскі Беражное.

Адметна, што, чым бліжэй да Століну, тым кошт на агуркі большы. Гэтак, паводле стану на 4 чэрвеня кошт на гэтую гародніну ў Рублі складаў каля 50 капеек за кілаграм, а ў Белавушы – ўжо 80 капеек. А ўсё таму, што шмат у якіх вяскоўцаў парнікі апынуліся ў вадзе і ўраджай загінуў.

Жыхар Белавушы Міхал кажа, што паспеў сабраць у сваім парніку ўсяго толькі адзін ураджай, як прыйшла вада.

«Нас ніхто не папярэджваў, што прыйдзе вада. Усё раптоўна адбылося. Вада ў нас пастаянна тут павышаецца, але каб у чэрвені, калі ўжо пасаджанае ўсё, – таго не ўзгадаю нават. Крыўдна, што і ніхто не дапаможа. Звярталіся да мясцовай улады, але там кажуць, што гэта нашыя праблемы», – распавёў «Белсату» гаспадар з Белавушы Міхал.

У вяскоўца, як і шмат у якіх іншых гаспадароў, сёлета парнікі апынуліся цалкам пад вадою. Агуркі і памідоры, якія ўжо паспелі, проста прапалі.

«Яшчэ на пачатку траўня я звяртаўся ў страхавыя кампаніі, каб застрахаваць свае палеткі, але мне адмовілі ў гэтым. Такое адчуванне, што проста ведалі хіба нешта», – кажа Міхал.

Але, насамрэч, «Белдзяржстрах» устрымліваецца ад супрацы з вяскоўцамі. На ўмовах ананімнасці працаўніца дзяржаўнай кампаніі адзначыла, што пасадкі ў людзей не страхуюцца. Гэта надзвычай рызыкоўна з улікам нашай кліматычнай зоны.

Пошукі сродкаў для кампенсацыі вядуцца

Старшыня Белавушскага сельскага выканаўчага камітэту Ірына Піліпчук распавяла «Белсату», што шмат людзей звярнуліся да мясцовых уладаў.

«Усе хочуць, каб ім скампенсавалі хоць бы кошт насення. Бо ўжо вядома, што пасля паводкі ўраджаю не будзе. Не магу дакладна сказаць, колькі, як і каму будзе выплачаная кампенсацыя. У нас ёсць звесткі пра кожнага. Але чакаем рашэння. Пакуль магу сказаць, што асобы, якія працуюць паводле калектыўнай дамовы, звярталіся за дапамогаю ў прадпрыемствы, і ім выплацяць», – адзначыла Ірына Піліпчук.

Вада сыходзіць вельмі павольна

Найбольшыя страты Гарынь нанесла вяскоўцам Беражнога, Белавушы, Манькавічам і яшчэ шэрагу меншых вёсак, якія размяшчаюцца ўздоўж ракі. У гэтых паселішчах агулам жыве каля 8 тысяч чалавек. Двары гаспадароў, што стаяць бліжэй да ракі, апынуліся пад вадою. Паводле Столінскага раённага аддзелу па надзвычайных сітуацыях (РАНС), узровень вады на пасту «Вікаровічы» на пачатак паводкі склаў каля 533 сантыметраў. А пры ўзроўні 530 сантыметраў прысядзібныя надзелы жыхароў апынаюцца пад вадою.

«Цяпер вада на ўзроўні 490 сантыметраў. Яна паступова сыходзіць. Але прысядзібныя надзелы жыхароў дасюль застаюцца затопленыя», – распавёў «Белсату» Аляксандр Мінчык, начальнік Столінскага РАНС.

Дагэтуль Гарынь так і не ўвайшла ў свае берагі. Шмат якія вялікія вёскі, якія стаяць побач з рэчышчам, ратуюць хіба што толькі дамбы, насыпаныя ўздоўж ракі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках