20 красавiка 2024, Субота, 14:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Абяцанкі Лукашэнкі падобныя да прыпавесці пра тое, як навучыць асла размаўляць

28
Эканаміст: Абяцанкі Лукашэнкі падобныя да прыпавесці пра тое, як навучыць асла размаўляць

Беларускую эканоміку выратуе толькі «горкая мікстуры».

Місія Сусветнага банка для Беларусі зрабіла чарговы прагноз аб сітуацыі ў нашай краіне. Экспэрты прадказваюць эканоміцы нашай краіны стагнацыю, а беларусаў заклікаюць рыхтавацца да «канкрэтнага зацягвання паясоў». Сярод асноўных праблем - неэфектыўнасць дзяржаўнага сэктару, «шкляная столь», якая перашкаджае развівацца малым і сярэднім прадпрыемствам, крызіс на рынку перапрацоўчай прамысловасці.

Акрамя таго, экспэрты заяўляюць, што ў выпадку адмовы Расеі кампенсаваць нафтавы падатковы манеўр хаця б на палову, нават гэтым прагнозам не наканавана будзе спраўдзіцца. Усё будзе яшчэ горш.

Ці варта чакаць беларускім уладам кампенсацыі за вуглевадароды? Ці рыхтавацца беларусам да зацягвання паясоў? Чаму Лукашэнка ігнаруе прагнозы міжнародных арганізацый? Усе гэтыя пытанні сайта Charter97.org задаў эканамісту Льву Марголіну.

- Прагноз, у прынцыпе, рэальны. Акрамя таго, трэба мець на ўвазе, што мы маем інфляцыю. Рост УБП у нас выходзіць за кошт росту цэн, а не за кошт росту стратэгічных аб'ёмаў. Інфляцыя ў нас плануецца на ўзроўні 5-6% (не ведаю, якая яна будзе ў рэальнасці), нават для таго, каб кампенсаваць рост коштаў, прагноз мае быць прыкладна на такім узроўні, пра які кажа Сусветны банк. Большы рост эканомікі Беларусі немагчымы, бо няма росту інвестыцый і іх не прадбачыцца.

Што да падатковага манеўру, то я не мяркую, што будзе якая-небудзь кампенсацыя. Крэмль выяўна сказаў, што калі вы хочаце нейкія кампенсацыі, то давайце прасоўвацца ў «інтэграцыі».

Калі Беларусь адмаўляецца, то ніякай кампенсацыі не будзе. Таму можна меркаваць, што нават гэты прагноз Сусветнага банка даволі аптымістычны.

- Экспэрты заявілі, што ў краіне існуе «шкляная столь», якая перашкаджае прыватнаму сэктару развівацца. Ці сапраўды нешта такое мае месца?

- «Шкляная столь» існуе, больш за тое - яна шматпластовая. Першы пласт - гэта тое, пра што сказаў Сусветны банк. Няправільнае пераразмеркаванне рэсурсаў, якое відавочна адбываецца на карысць дзяржаўнага сэктару, які з'яўляецца ў нашай краіне малаэфектыўным. З іншага боку - адсутнасць незалежнай судовай сістэмы. «Шкляная столь» прымушае прыватныя прадпрыемствы хаваць частку сваёй вытворчасці ў цень, а таксама спыняе развіццё. Дробны і сярэдні бізнэс не развіваецца, а застаецца на ранейшым узроўні, які дазваляе яму ледзь ліпець.

Ёсць яшчэ адзін пласт «шкляной столі» - гэта сістэма дзяржаўных кантрактаў. Ужо даўно ідуць размовы пра тое, што ўсе тыпы уласнасці маюць быць роўныя, але дзяржаўныя прадпрыемствы маюць прэферэнцыі ў дзяржаўных кантрактах. Усё гэта прычыняецца да таго, што прыватны сэктар у нас не расце.

- Прагнозы міжнародных арганізацый вельмі падобныя адзін да аднаго. Спіс праблем кожны год практычны ідэнтычны. Выходзіць, што ўлады нічога не робяць?

- Так, з году ў год нічога не робіцца. Больш за тое, калі Аб'яднаная Грамадзянская Партыя, у якой я знаходжуся, у 2009 годзе прынесла праграму эканамічнага развіцця і з таго часу мы на працягу 10 гадоў прыносім яе з нязначнымі карэкцыямі, то нам шмат хто кажа: «што вы прыносіце адно і тое ж?».

А што можа быць новага, калі дзяржава нічога не робіць? Адны і тыя ж праблемы фіксуюць міжнародныя інстытуцыі, незалежныя экспэрты, мяняюцца місіі Міжнароднага валютнага фонду, Сусветнага банка, але не мяняецца толькі Лукашэнка і стратэгія эканамічнага існавання. Заўважце, я не ўжываю словы «развіцця», бо падзеі цяжка назваць развіццём.

- З такім прагнозам аб УБП $ 100 мільярдаў, якія абяцаў Лукашэнка, давядзецца забыцца.

- Усё гэта апісана ў прыпавесці пра Хаджу Насрэдзіна, які паабяцаў падышаху, што за дзесяць гадоў ён навучыць асла размаўляць. А калі хаджу Насрэдзіна спыталі, як ён мерыцца гэта зрабіць, той адказаў, што за дзесяць гадоў альбо памрэ падышах, альбо здохне асёл. Абяцаць можна што хочаш, але мы ўсё не раз станавіліся сведкамі таго, да чаго прыводзяць гэтыя абяцанні.

- Сусветны банк заявіў, што беларусам давядзецца «канкрэтна зацягнуць паясы». Якім будзе Ваш прагноз?

- Маё прадказанне адрозніваецца толькі тым, што я мяркую, што беларусы ўжо зацягваюць паясы. Гэты працэс будзе трываць і нарастаць няўхільна.

- Хіба няма «горкай мікстуры», якая дапамагла б аздаравіць беларускую эканоміку?

- Рэцэпт гэтай «мікстуры» ўсім вядомы, і да Лукашэнкі не раз прыходзілі з гэтым рэцэптам, прасілі яго падпісаць. Але ён катэгарычна адмаўляецца гэта рабіць. Гэты рэцэпт называецца «сістэмныя рэформы». Калі б Лукашэнка сапраўды меў жаданне правесці сістэмныя рэформы, то ў нашых варунках, дзе не трэба азірацца на парламент, мы б адчулі вынік на працягу двух гадоў.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках