28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МАРГ узяўся за крамы сэканд-хэнду і гандляроў з Азіі

МАРГ узяўся за крамы сэканд-хэнду і гандляроў з Азіі
ФОТА: АЛЯКСАНДРА КВІТКЕВІЧ, TUT.BY

Крамы пачнуць правяраць на просьбу «Беллегпрама».

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю мае намер сачыць за выкананнем заканадаўства аб гандлі крамамі тавараў з Азіі і адзення з другіх рук. Пра гэта сёння расказаў міністр МАРГ Уладзімір Калтовіч, паведамляе tut.by.

Нагадаем, раней старшыня «Беллегпрама» Таццяна Лугіна заявіла, што, на думку аналітыкаў канцэрна, у крамах сэканд-хэнду да 70% новых рэчаў. Таму пры ўвозе іх трэба размытніваць і плаціць за іх мыту.

Спецыялісты канцэрна маюць намер прааналізаваць асартымент у крамах вопраткі з другіх рук і, магчыма, накіраваць ва ўрад прапановы для іх рэгулявання.

– Мы не можам ствараць у інтэрнэце адны ўмовы, а ў звычайным стацыянарным гандлі – іншыя, – кажа кіраўнік МАРГ Уладзімір Калтовіч. – Таму мы працуем разам з «Беллегпрамам» на адну задачу. Гэтая задача заключаецца ў тым, каб пастаўляць тавар добрай якасці з добрым коштым. Але яна мае некалькі складнікаў. Сэканд-хэнд павінен быць сэканд-хэндам. Калі крама гандлюе сэканд-хэндам, там павінен быць тавар, былы ва ўжыванні. Калі дапускаюцца выпадкі продажу новага тавару – стоку (за мяжой гэта звычайная справа, калі пасля заканчэння сезону тавары з выпаданнем у памерах, росце, расфарбоўцы прадаюцца паводле нізкіх коштаў), тады гэта не з'яўляецца сэканд-хэндам. Трэба выконваць заканадаўства. Мы будзем забяспечваць выкананне сваіх абавязкаў у выкананні заканадаўства аб гандлі.

Нагадаем, раней у праект пастановы Саўміна № 31 «Аб зацвярджэнні правілаў ажыццяўлення раздробнага гандлю паводле ўзораў» на просьбу «Беллегпрама» уносілася норма пра забарону продажу ў сетцы інтэрнэт тавараў сэканд-хэнду. Але пасля яе публічнага абмеркавання МАРГ атрымала з гэтай нагоды велізарную колькасць негатыўных водгукаў не толькі ад спажыўцоў, але і ад бізнэс-супольнасці. Таму з канчатковага варыянту дакумента норму выключылі.

Канкрэтных лічбаў колькасці парушэнняў у крамах сэканд-хэнду міністр не назваў, але адзначыў, што яны сустракаюцца.

Яшчэ адну перашкоду для ўдалага гандлю беларускімі таварамі «Беллегпрам» бачыць у запоўненасці рынку танным адзеннем з Сярэдняй Азіі.

– Праблема азіяцкіх крамаў доўжыцца больш за тры гады. Мы ажыццяўляем супольныя маніторынгі з санітарна-эпідэміялагічнай службай, Дзяржстандартам, і тыя парушэнні, якія выяўляюцца, можна паглядзець на сайце МАРГ, – сказаў з гэтай нагоды Уладзімір Калтовіч.

Ён адзначыў, што колькасць парушэнняў вылічаецца ў трохзначных ліках.

– Вядома, ёсць праблема з забаронай на праверкі прадпрыемстваў, якія працуюць менш за 2 гады. Мы таксама ў рамках Міжустановавай рады кантрольнай дзейнасці пры Дзяржкантролі гэтае пытанне ўздымалі, абмяркоўвалі, над ім вядзецца праца, – сказаў міністр.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках