24 красавiка 2024, Серада, 20:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Хочуць, каб людзі працавалі больш і амаль бясплатна»

10
«Хочуць, каб людзі працавалі больш і амаль бясплатна»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Прадпрыемствы Бабруйска зноў незаконна прымушаюць працаваць у суботу.

Работнікі прадпрыемстваў «Бабруйскаграмаш» і «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў » паведамілі praca-by.info пра тое, што наймальнікі выдалі загад з патрабаваннем выйсці на працу ў суботу 29 чэрвеня. Выхадны дзень згодна з дакументам пераносіцца з найбліжэйшай суботы на 31 снежня. На «Бабруйскаграмашы» гэта ўжо другая субота запар, у якую такімі загадамі кіраўніцтва патрабуе выхаду работнікаў. Згоды ў іх ніхто не пытаўся, аб тым, каб праца ў выхадны дзень разлічвалася паводле падвойнага тарыфу таксама не ідзе гаворкі.

Кіраўніцтва ж спасылаецца на дэкрэт Лукашэнкі №5, тлумачачы перанос выхаднога як змены істотных умоў працы, аб якіх згодна з дакументам наймальнік павінен паведаміць работніка цягам сямі дзён тэрмін.

- Многія работнікі не хочуць выходзіць у выходныя дні, некаторыя згодныя, але за двайную аплату. Частка людзей, якія баяліся наступстваў, прыйшлі на працу 22 чэрвеня. Частка работнікаў узялі паўдня і працавалі толькі да абеду, некаторыя ўзялі выхадны за свой кошт, - расказваюць супрацоўнікі «Бабруйскаграмаш».

Тыя ж, хто ў корані не згодны з палітыкай завода і ведае, што гэты дзень іх законны выходны не выйшлі на працу. На «Бабруйскаграмаш» такую пазіцыю падтрымала блізу 20 чалавек. У тых, хто не выйшаў кіраўніцтва просіць напісаць тлумачальную нататку, чаму не прыйшлі на працу ў суботу. Са слоў работнікаў, загад аб выхадзе ў суботу спусціла кіраўніцтва «Менскага трактарнага завода», у склад якога ўваходзіць Бабруйскае прадпрыемства.

- Усе разумеюць, што ні першы, ні другі загад не адпавядае працоўнаму заканадаўству. 29 чэрвеня ў Бабруйску святкуецца Дзень горада, які мы мабыць павінны адзначыць ударнай працай. Людзі хочуць працаваць і зарабляць, а ў нас атрымліваецца толькі працаваць, - скардзяцца работнікі абодвух прадпрыемстваў.

Рабочыя спрабавалі наладзіць дыялог з кіраўніцтвам прадпрыемстваў праз прадстаўнікоў прафзвязаў, якія ўваходзяць у ФПБ, а таксама звярталіся і ў ідэалагічны аддзел.

- Прафзвяз на прадпрыемстве абяцаў давесці да ведама наймальніка і развязаць сітуацыю, але далей абяцанняў справа не пайшла. Людзі выходзяць з афіцыйнага прафзвязу, бо бачаць, што ён ніяк не дапамагае ў абароне іх правоў. Кіраўніцтва шчыра сказала - хто не падпарадкоўваецца, тымі зоймуцца. А хто выйшаў з іх словах «патрапілі ў спіс нядобранадзейных». Хтосьці баіцца страціць працу, камусьці засталося некалькі гадоў да пенсіі. Моладзь хутка ўцякае з прадпрыемстваў. Многія людзі звольніліся з боем, паколькі іх не адпускалі паводле пагаднення старон, - адзначаюць завадчукі.

Работнікі перажываюць, што кіраўніцтва можа пачаць ціснуць на тых,хто не выйдзе ў выходны.

Сітуацыю на прадпрыемствах Бабруйска пракаментаваў адзін з лідараў прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч:

- Сумна, што ні кіраўніцтва гэтых заводаў, ні іх юрысты не ведаюць ці не хочуць ведаць Працоўны кодэкс, а яго ніхто не касаваў. Графік працы зацвярджаецца прадпрыемствам на ўвесь год. Такія пераносы дзён са снежня на чэрвень незаконныя.

Акрамя таго ў выходныя дні не могуць прыцягвацца на працу маладыя людзі ва ўзросце да 18 гадоў, жанчыны, якія знаходзяцца ў адпачынку з прычыны догляду дзіцяці да трох гадоў або цяжарныя. Усе астатнія – толькі з асабістай згоды і за падвойную аплату. Выключэнне толькі арганізацыі з бесперапынным вытворча-тэхналагічным цыклам (напрыклад, прадпрыемствы нафтаперапрацоўкі). Калі згоды работніка няма - ён мае поўнае права не выходзіць на працу без тлумачэння прычын. Усе рэпрэсіўныя крокі кіраўніцтва: пакаранні працаўнікоў, дэпрэмаванне – незаконныя. У непрадбачаных сітуацыях, напрыклад у выпадку аварыі, прадухілення няшчасных выпадкаў работнікаў могуць вывесці на працу без іх згоды.

У гэтым выпадку, мы мае справу з нядобрасумленнымі наймальнікамі, якія хочуць, каб людзі працавалі больш і амаль бясплатна.

«Бабруйскаграмаш» у сваім загадзе робіць адсылку да дэкрэта Лукашэнкі №5, які прадугледжвае, што ў выпадку змены істотных умоў працы наймальнік павінен паведаміць працаўніку цягам сямі дзён. Да гэтай сітуацыі гэты дэкрэт не мае ніякага дачынення. Пры змене істотных умоў працы наймальнік не толькі павінен пісьмова абгрунтаваць вытворчыя, арганізацыйныя ці эканамічныя прычыны, але і рэалізаваць іх на практыцы. А гэта натуральна не зроблена. Выхад на працу ў выходныя дні выразна прапісаны ў Працоўным кодэксе і не мае нічога агульнага з істотнымі зменамі ўмоў працы.

Наймальнік не мае права патрабаваць ніякіх тлумачальных з працаўнікоў, калі яны не выйшлі ў выходны. Тлумачальная пішацца ў выпадку спазнення, не выхаду на працу без апраўдальных дакументаў. У гэтым выпадку не трэба нічога пісаць. Калі з боку наймальніка будуць паступаць дырэктыўныя пагрозы непадаўжэння кантракту або дысцыплінарных пакаранняў - трэба не баяцца, фіксаваць факты ціску, дыскрымінацыі і агучваць іх. Толькі так можна прыцягнуць да адказнасці нядобрасумленных кіраўнікоў і прымусіць іх паважаць працу і законныя правы працаўнікоў.

Адзіная дзейсная пастанова, якую могуць прыняць працоўныя - аб'яднацца і змагацца за свае правы. Мы гатовыя ім у гэтай салідарнасці дапамагчы.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках