Былы прэзідэнт Арменіі Качаран зноў арыштаваны
2- 25.06.2019, 19:03
- 9,245
Людзі, якія знаходзіліся ў зале пасяджэння, апладысментамі віталі новы арышт экс-прэзідэнта.
У аўторак, 25 чэрвеня, суддзя Апеляцыйнага крымінальнага суда Арменіі Армэн Даніэлян пастанавіў арыштаваць экс-прэзідэнта краіны Роберта Качарана. Яго абвінавачваюць у звяржэнні канстытуцыйнага ладу паводле так званай «справе 1 сакавіка» (пра масавыя беспарадкі ў Ерэване пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2008 годзе), а таксама ў атрыманні хабару ў асабліва буйнай суме, паведамляе DW.
Качаран і яго адвакаты ў зале суда адсутнічалі. Свае паводзіны яны патлумачылі тым, што суд перад вынясеннем пастановы не даў магчымасці абароне выкласці сваю пазіцыю. А пасля вынясення пастановы адвакаты Качарана заявілі пра тое, што будуць апратэстоўваць яго ў касацыйным судзе.
Людзі, якія знаходзіліся ў зале пасяджэння і перад будынкам суда, апладысментамі віталі новы арышт экс-прэзідэнта. А перад крымінальна-папраўчай установай, дзе будзе змешчаны Роберт Качаран, некаторы час знаходзіліся некалькі дзясяткаў яго прыхільнікаў, абураных пастановай суда.