19 красавiка 2024, Пятніца, 6:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейцы палятуць у Грузію на стыкоўных рэйсах праз Беларусь

1
Расейцы палятуць у Грузію на стыкоўных рэйсах праз Беларусь
ФОТА: ЗМІЦЕР БРУШКО / TUT.BY

Аднак «Белавія» павялічваць колькасць рэйсаў пакуль не плануе.

Расея з 8 ліпеня прыпыняе авіязносіны з Грузіяй. Гэта адбылося пасля пачатку пратэстаў у Тбілісі праз выступ расейскага дэпутата з месца спікера грузінскага парламента на пасяджэнні Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя. Многія расейскія турысты ад упадабанай Грузіі ўсё роўна не адмовяцца, а палятуць туды ў тым ліку праз Менск, піша tut.by.

Прэс-сакратарка Расейскага звязу туріндустрыі Ірына Цюрына апавяла, што летась у Грузіі пабывала 1,7 мільёна расейцаў.

– З іх блізу 1,5 млн – гэта рэальныя турысты. Гэта шмат, – кажа спецыялістка.

Гэта сапраўды вялікая колькасць турыстаў. Для параўнання: паводле звестак нацыянальнага турыстычнага агенцтва Грузіі, у 2018 годзе яе наведалі крыху больш за 60 тысячаў беларусаў. Паводле нашай нацыянальнай статыстыкі, іх было больш за 16 тысячаў чалавек.

У Грузію расейцы ў асноўным лёталі самастойна, гэта значыць не набываючы туры ў турфірмах.

– У тураператараў вельмі невялікі аб'ём, у асноўным народ ездзіць самастойна, – кажа Ірына Цюрына. – І цяпер многія расейцы не хочуць адмаўляцца ад Грузіі. Нават тыя, хто браняваў туры, просяць ануляваць наўпросты квіток, але захаваць гатэль, а потым самі думаюць, як паляцяць.

Спецыялістка адзначае, што частка расейцаў паляціць у Грузію стыкоўнымі рэйсамі, у тым ліку праз Менск.

– Менск фігуруе ў пераліку гарадоў, праз якія можна ляцець у Грузію стыкоўнымі рэйсамі. Яшчэ палятуць праз Стамбул, турэцкі горад Трабзон, Баку, Ерэван. На самай справе прапануецца шмат стыкоўных рэйсаў, пытанне – у даўжыні стыкоўкі.

Паводле ейных словаў, стыкоўны пералёт у параўнанні з наўпростым з Расеі можа ў сярэднім зрабіць авіяквіток даражэйшым на тры тысячы расейскіх рублёў, а гэта ў пераводзе блізу 50 даляраў.

Кіраўнік Асацыяцыі гатэляў і рэстаратараў Грузіі Шалва Алавердашвілі прапанаваў запусціць з аэрапортаў Баку, Ерэвана і Трабзона бясплатныя аўтобусы, каб перавозіць расейскіх турыстаў, паведамляе «Першы канал» Грузіі.

Улетку ў Грузію з Беларусі кожны дзень лётаюць самалёты «Белавія» ў Тбілісі і Батумі. Пры гэтым часам нават некалькі разоў на гадзіну – самалёты з Масквы. Ці павялічыць «Белавія» колькасць рэйсаў у Грузію? У прэс-службе авіякампаніі кажуць, што расклад палётаў застаецца ранейшым.

Многія расейцы паедуць у Грузію на машынах, асабліва з тых рэгіёнаў, якія мяжуюць з Грузіяй. Некаторыя могуць выбраць паездку на аўтобусах з перасадкай, але гэта не вельмі зручна.

Нягледзячы на тое, што ў стасунках Грузіі і Расеі цяпер востры перыяд, расейскіх турыстаў там чакаюць і, паводле інфармацыі турбізнэсу, ставяцца да іх вельмі ветліва. Рэдактарка сайта www.toursoyuz.by Лілія Кобзік успамінае расейскую агрэсію 2008 года, пасля якой Расея прызнала незалежнасць Абхазіі.

– У 2008 годзе, калі фактычна ішла вайна, расейцы ўсё адно адпачывалі ў Грузіі. Да іх ставіліся вельмі гасцінна і не чапалі. Усе разумеюць, што гэта турысты, якія ўвозяць грошы ў краіну.

Вера Кандратовіч, мэнэджарка грузінскага напрамку турыстычнай кампаніі «Эпіфора», адзначае, што і да іх пакуль не звярталіся расейскія турысты, каб арганізаваць тур у Грузію з Менска.

– Я тэлефанавала нашым партнёрам у Тбілісі, і яны чакаюць, што сітуацыя з авіязносінамі з Расеяй зменіцца і самалёты палятуць. Асноўная маса турыстаў ад паездак не адмаўляецца.

Вікторыя Валынец, вядучая спецыялістка ў грузінскім кірунку турыстычнай кампаніі «Тайм Ваяж», ацэньвае сітуацыю так: расейцы могуць пачаць лётаць у Грузію праз Менск, хоць пакуль такіх зваротаў не было. Менавіта так адбылося, калі Расея забараніла палёты ў Егіпет у 2015 годзе.

Ірына Цюрына кажа, што расейцы і сёння лётаюць на егіпецкія курорты праз Менск, бо з Расеі на самалёце можна дабрацца толькі да Каіра.

– Адкрылі зносіны толькі з Каірам, на курорты прамых авіязносінаў няма. З Каіра ў курортныя гарады ляцець могуць толькі турысты, якія арганізоўваюць паездку самастойна. Тураператары арганізаваць пералёт з Каіра да курортаў не могуць. А ехаць са сталіцы Егіпта туды наземным транспартам – сем-восем гадзінаў. Таму расейцы па-ранейшаму лётаюць у Егіпет праз Менск, Стамбул і гэтак далей.

Паводле ейных словаў, у 2018 годзе егіпецкі бок даваў статыстыку і казаў, што іх наведала блізу 100 тысячаў расейцаў.

– Пасля мільёнаў, якія былі раней, – гэта кропля ў моры.

Лілія Кобзік апавядае, што, калі ў расейцаў паўсталі праблемы з Егіптам, у Беларусі з'явілася шмат авіярэйсаў туды ў тым ліку і з рэгіёнаў.

– Расейцы лёталі і лётаюць праз нас. Ацаніць гэтую плынь складана, таму што гэта камерцыйная інфармацыя турфірмаў. Але яна вялікая, таму што ў некаторыя гады большую частку пасажыраў у самалёце складалі расейцы. Гэта сведчыць пра добрую плынь.

Грузія хоча павялічыць плынь турыстаў з Украіны

Замест Грузіі тураператары ў Расеі цяпер прапануюць турыстам іншыя варыянты.

– У першую чаргу прапануюць Абхазію (беларусам прыязджаць у Абхазію з боку Расеі нельга, калі гэта зрабіць, то можна парушыць законы Грузіі. Беларусь не прызнала Абхазію. – Заўвага.), Сочы, танныя туры ў Турцыю, гарачыя – на Кіпр, у Балгарыю. Расейцы не хочуць ануляваць туры і забіраць грошы – яны ўжо настроіліся на адпачынак. Тым, хто планаваў ехаць у Грузію на экскурсіі, а не на пляжны адпачынак, рэкамендуюць Арменію і Азербайджан, – кажа Ірына Цюрына.

Лілія Кобзік са свайго боку адзначае, што ў турыстычнай галіны ёсць цікавая тэндэнцыя: калі аднекуль знікаюць расейцы, туды пачынаюць яшчэ больш актыўна ездзіць украінцы.

– Падчас усіх прэцэдэнтаў, якія я памятаю, калі Расея адмаўлялася ад уезду або памяншала плыні ў перыяд абвастрэння стасункаў з кім-небудзь, узмацнялася плынь украінскіх турыстаў. Таму я магу прагназаваць павелічэнне колькасці ўкраінскіх турыстаў у Грузіі.

Кіраўнік Асацыяцыі гатэляў і рэстаратараў Грузіі Шалва Алавердашвілі ў інтэрв'ю грузінскаму «Першаму каналу» ўжо адзначыў, што цяпер ідзе размова пра тое, каб павялічыць колькасць чартарных рэйсаў у Грузію з краінаў Балтыі, Украіны і Казахстана. З гэтых краінаў, на ягоную думку, можна павялічыць плыні турыстаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках