23 красавiка 2024, aўторак, 16:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дон-Кіхоты беларускай энэргетыкі

6
Дон-Кіхоты беларускай энэргетыкі

Як чыноўнікі хочуць перамагчы ветракі і сонечныя батарэі.

СМІ пісалі раней пра квоты, якія «ў рэжыме таемнасці» размеркавалі паміж удзельнікамі рынку маторных аліваў. У выніку чаго частка пастаўшчыкоў змазачных матэрыялаў з РФ была выдаленая з рынку без усялякіх законных падставаў. Як высветлілася, квотамі «пакрыўджаныя» апынуліся не толькі яны. Яшчэ больш складаная сітуацыя ў вытворцаў электраэнэргіі з аднаўляльных крыніцаў, піша «Эканамічная газета».

Як заваблівалі інвестараў

Пра гэта мала хто ведае, але ў галіне развіцця аднаўляльнай энэргетыкі Беларусь з'яўляецца лідарам сярод постсавецкіх краінаў. Шмат у чым гэта здарылася дзякуючы Закону «Аб аднаўляльных крыніцах энэргіі», які быў падпісаны ў снежні 2010 г. і пачаў дзеянне ў сярэдзіне 2011-га.

Галоўны пастулат Закона – прэферэнцыі для ўдзельнікаў рынку – зрабіў сваю справу: інвестары сталі ў чаргу. І ўсё было выдатна.

Рынку не перашкодзілі нават квоты, якія былі зацверджаныя ўказам Лукашэнкі № 209 ад 18.05.2015 «Аб выкарыстанні аднаўляльных крыніцаў энэргіі» і пастановай Саўміна № 662 ад 06.08.2015 «Аб вызначэнні і размеркаванні квотаў на стварэнне ўстановак для выкарыстання аднаўляльных крыніцаў энэргіі».

Міжустановавая камісія спраўна, як гадзіннік, размяркоўвала іх (квоты) паводле заявак аблвыканкамаў да 1 лістапада гэтага года на год наступны.

Альтэрнатыўная энэргетыка – толькі ад «Белэнэрга»?

Але добрае, як правіла, мае звычку заканчвацца нечакана. З мінулага года квоты перасталі размяркоўваць. Інвестары – прычым не толькі вонкавыя, але і ўнутраныя, – здзіўленыя. Як так – паводле закону павінны быць квоты, але іх няма. Што далей рабіць вытворцам «зялёнай» электраэнэргіі, калі генераваць яе нельга?!

Прычым усім вядома, што Мінэнэрга падрыхтавала змены ва ўказ Лукашэнкі № 209 і пастанову Саўміна № 662. Сутнасць прапанаваных энэргетыкамі змяненняў мела прынцыповы характар, здольны паставіць вялікі тоўсты крыж на аднаўляльнай энэргетыцы, – поўная манапалізацыя гэтага рынку (у руках «Белэнэрга»?).

Прычым праз парушэнне не толькі антыманапольнага заканадаўства, але і дамоўленасцяў у рамках ЕАЭС пра стварэнне рынку электраэнэргіі.

Сёння зарэгуляванасць беларускага рынку аднаўляльнай энэргетыкі рэальна зашкальвае. Да прыкладу, прапануецца абавязаць вытворцаў за суткі паведамляць Мінэнэрга пра тое, колькі яны заўтра збіраюцца вырабіць электраэнэргіі на сваім ветраку. Гэта нармальна?

Квоты на надвор'е ад Мінэнэрга

Але як можна планаваць вытворчасць «зялёнай» энэргіі, калі яе крыніцы рэгулююцца Усявышнім?! Дажджы выпалі – утварыўся вялікі аб'ём вады ў вадасховішчах – пайшоў больш актыўна скід яе ў турбіны – тыя сталі працаваць больш прадукцыйна. Сонца свеціць цэлы дзень ярка – сонечныя электрастанцыі даюць больш энэргіі; неба скрозь зацягнутае хмарамі – электраэнэргіі будзе менш. Увесь дзень дзьме моцны вецер – ветраныя электрастанцыі працуюць на 200%. І наадварот – калі ўвесь дзень ціша і роўнядзь, то прадукцыйнасць ветракоў падае ў разы.

Дзейнае заканадаўства патрабуе прымаць у дзяржаўныя сеткі ўсю энэргію ад аднаўляльных крыніцаў, незалежна ад жадання ці нежадання дзяржчыноўнікаў.

Спасылкі ж на стабільнасць сеткавай нагрузкі – гэта ўжо адгаворкі. Гэта банальная штодзённая праблема, якая нават з поўным знікненнем нетрадыцыйнай энэргетыкі нікуды не знікне. Напрыклад, паводле звестак Мінэнэрга, сёння яна не перашкаджае працаваць крыніцам вызначанай магутнасцю амаль 400 МВт. А з улікам таго, што аб'ём вырабленай электраэнэргіі ў краіне з аднаўляльных энэргакрыніцаў у сукупным балансе ўсёй генераванай электраэнэргіі складае ўсяго 1,14%, то наракаць на іх увогуле смешна.

– Мы разумеем энэргетыкаў, – кажа Уладзімір Нісцюк, выканальны дырэктар Асацыяцыі «Аднаўляльная энэргетыка», – яны да гэтага часу дакладна не ведаюць, што будуць рабіць з энэргіяй Астравецкай АЭС, з уводам якой у Беларусі практычна на траціну павялічыцца колькасць генераванай электраэнэргіі.

Але пры чым тут «зялёная» энэргетыка? У краіне прыняты закон, абапіраючыся на які інвестары хочуць ствараць аднаўляльныя крыніцы электраэнэргіі, але ім не дазваляюць (насуперак закону).

Паводле закону інвестар падвышае каэфіцыент на прадукцыю, вырабленай ім электраэнэргіі цягам 10 гадоў. Пасля чаго ўжываецца стымулявальны тарыф – 0,75% ад прамысловага тарыфу. Гэта значыць усё прапісанае ў законе. І логіка інвестараў простая: калі вы хочаце змяніць правілы гульні – уносьце змены ў закон.

Тады мы ўсе падымем рукі і здамося: закон суровы, але гэта закон. Але калі прымаюцца пастановы, якія ідуць насуперак закону, пачынаецца прававое бязмежжа. Урэшце, адпужваючы інвестараў у аднаўляльнай энэргетыцы, мы адпужваем іх і ў астатніх сферах.

Самае парадаксальнае: адной з прычынаў апошняй змены кіраўніка Мінэнэрга называюць невыкананне заканадаўства, патрабаванні на вылучэнне квотаў нават для тых, хто вырабляў энэргію для ўласных патрэбаў (хоць у законе наўпрост прапісана, што гэта не патрабуецца).

Гэта значыць сонечную электрастанцыю, прызначаную для вытворчасці электрычнасці для ўласнага хлява (гаража, дома, цяпліцы), таксама вельмі хочуць прымусіць узгадняць з Мінэнэрга. Але для чаго гэта, калі я не падключаны да сетак «Белэнэрга»?! Логікі тут няма. Ёсць жаданне рэгуляваць усё, грэбуючы дзейным заканадаўствам.

Дзяржава супраць дзяржпрадпрыемстваў?

У свеце беларускую нетрадыцыйную энэргетыку ўжо добра ведаюць. Наша абсталяванне піролізнай перапрацоўкі адкідаў у паліва паспяхова пастаўляецца ў Кітай, ёсць заказы з Расеі, сёння перамовы ўжо на апошняй стадыі з Паўднёвай Карэяй, Балгарыяй, Сербіяй. Замежныя спажыўцы выяўляюць цікавасць да новага беларускага віду паліва, якое складаецца на 80% з адпрацаванай алівы і на 20% – з вады (на ім працуе цеплавое абсталяванне на палігоне ў Ліпках).

З аднаго боку, трэць сельгаспрадпрыемстваў не ведае, што рабіць з гноем, з другога – ёсць інвестары, якія гатовыя ўкласці мільёны даляраў у біягазавыя ўстаноўкі для перапрацоўкі адкідаў жывёлагадоўлі і раслінаводства. Але не могуць. Таму што квоты не размеркаваныя.

Дарэчы, дзякуючы Закону на гэты рынак у якасці інвестараў прыйшлі нават беларускія дзяржкампаніі. Да прыкладу, «Беларуснафта», якая пабудавала сонечную электрастанцыю на больш чым 50 МВт у Гомельскай вобласці. Уклаліся па-буйному ў аналагічныя праекты і іншыя дзяржкампаніі.

І што цяпер? Спішам усе гэтыя сродкі ў страты?

Адхрысціцца ад сусветных трэндаў у галіне аднаўляльных крыніцаў электраэнэргіі ў Беларусі не атрымаецца. Калі ўвесь цывілізаваны свет спрабуе перавесці генерацыю энэргіі з традыцыйных крыніцаў (нафта, газ, вугаль) на нетрадыцыйныя вецер, сонца, ваду, адмаўляцца ад трэндаў – значыць не проста стаяць на месцы, а рухацца ў процілеглым кірунку, у каменны век.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках