24 красавiка 2024, Серада, 20:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гарадзенец паставіў намёт перад адміністрацыяй раёна і сабраўся там жыць

31
Гарадзенец паставіў намёт перад адміністрацыяй раёна і сабраўся там жыць

Аляксандр Лаўрэнцьеў дамагаецца прыцягнення ўвагі да праблемы нястачы жылля.

У Гародні актывіст Аляксандр Лаўрэнцьеў правёў сімвалічную акцыю: паставіў намёт перад будынкам адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гародні. Так ён хацеў прыцягнуць увагу да праблемы нястачы жылля і вялікіх чэргаў на яго, піша hrodna.life. Праз гадзіну кіраўнік адміністрацыі Алег Бялінскі выйшаў і прапанаваў яшчэ раз абмеркаваць ягоную заяву.

- Я тут неўзабаве буду жыць, бо дома ў мяне ўжо жыць няма дзе. У мяне 34,5 квадратных метра жылля, на якіх пражывае пяць чалавек. Цяпер у мяне малодшая дачка пойдзе ў школу, і мне нават пісьмовы стол... толькі да столі прыбіваць, каб яна магла вучыць урокі. З адміністрацыі мне прыходзяць толькі адмовы (на арэнднае жыллё - рэд.). Я прапаную выдаваць усім такія намёты - эканомна, даступна, можна жыць. Прынамсі, у летні перыяд перакідацца можна, - кажа Аляксандр. Ён упэўнены, што такая праблема ў 30% насельніцтва краіны.

Аляксандр паводле прафесіі повар-кандытар. У яго ёсць жонка і двое дзяцей - дачка пяці гадоў і сын трох гадоў. Цяпер яны жывуць у Фабрычным з мамай Аляксандра. Пяць чалавек дзеляць паміж сабой 34,5 квадрата. Аляксандр баіцца, што сацыяльныя службы могуць убачыць умовы, у якіх жывуць дзеці, і ў сям'і з'явяцца праблемы. Да таго ж, праз адсутнасць асабістай прасторы ў сям'і ўжо пачаліся канфлікты.

Аляксандр стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў з лістапада 2013 года. Ён хоча атрымаць арэнднае жыллё. Прэтэндуе на кватэры меншыя за 60 квадратных метраў, каб застацца ў чарзе і выцягнуць фінансава. Пакуль на ўсе заявы адказвалі адмовай. Таксама ўлады прапануюць уладкавацца на дзяржпрадпрыемства з інтэрнатам, але з заробкам блізу 300 рублёў. Аляксандр звяртаўся нават у камісію Лукашэнкі - высветлілася, што на кожнага сямейніка не стае пражытачнага мінімуму. Там адправілі ў гарвыканкам, ад якога пакуль няма адказу.

Аляксандр тыдзень як беспрацоўны. Да гэтага працаваў у ТАА «Архіфуд». Кажа, атрымліваў блізу 650 рублёў. З святочнымі і фестывальнымі днямі атрымлівалася больш. Акрамя асноўнай працы, падпрацоўваў на будоўлі. Жонка працуе ў ГЦ «Карона» поварам. Ні жонка, ні муж атрымаць жыллё ад месца працы не могуць. Здымаць - дорага, кажа Аляксандр.

- Гэта жэст чалавека, які проста не бачыць выйсця са становішча. Перад тым, як выставіць намёт, мы зайшлі ў адміністрацыю і пацікавіліся, як быць у сітуацыі, ці можна атрымаць жыллё. Там склалі некалькі паперак, далі распісацца - чакайце, спадзявайцеся, - каментуе Мікалай Салянік, прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Гародні. Развязанне праблемы Мікалай бачыць у пераразмеркаванні дзяржбюджэту.

Праз 10 хвілін пасля таго, як Аляксандр паставіў намёт, прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента аховы, якіх выклікалі ў адміністрацыі. Яны перапісалі асабістыя звесткі ў Аляксандра Лаўрэнцьева і Мікалая Саляніка. Але парушэнняў у дзеяннях актывістаў не ўбачылі. Праз паўгадзіны прыйшоў участковы і міліцыянт. Яны таксама праверылі ва ўсіх дакументы і таксама не ўбачылі парушэнняў.

Праз гадзіну з адміністрацыі выйшаў яе кіраўнік Алег Бялінскі. Ён папрасіў прыбраць намёт, каб «не знішчаць газон», які належыць арганізацыі. І прапанаваў яшчэ раз разгледзець магчымыя варыянты жылля.

Аляксандру прапанавалі напісаць заяву на трохпакаёвую кватэру з частковымі выгодамі на адрасе 3-ці завулак Калініна, 8-2. Гэта аднапавярховы шматкватэрны дом 1969 года. Знаходзіцца ў раёне Палестыны, там ходзіць 14-ы аўтобус. Варункі можна палепшыць самім і абсталяваць выгоды дома. Часам на такія кватэры наогул няма заяў, так што шанцы атрымаць жыллё высокія.

Аляксандр паглядзеў кватэру і пастанавіў, што ў сям'і няма грошай, каб прывесці яе ў парадак. Пакуль яны разглядаюць іншыя варыянты.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках