23 красавiка 2024, aўторак, 11:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Беларусі высылаюць чарговага расейца

8
З Беларусі высылаюць чарговага расейца
ФОТА: УЛАДЗІМІР НЯПОМНЯШЧЫХ

МУС высылае расейца з краіны на пяць гадоў «у інтарэсах грамадскай бяспекі».

21 чэрвеня суддзя суда Буда-Кашалёўскага раёна Святлана Лупічэнка пакінула без задавальнення скаргу 38-гадовага грамадзяніна Расеі Уладзіміра Траўтара, якога мясцовыя органы МУС высылаюць з краіны на 5 гадоў «у інтарэсах грамадскага парадку», паведамляе «Гомельская Вясна».

Інтарэсы РАУС у судзе прадстаўляла супрацоўніца аддзялення грамадзянства і міграцыі Вікторыя Васіленка. На пасяджэнні Траўтар яшчэ раз паўтарыў, што яму няма куды ехаць у Расею - у Беларусі ўсё яго жыццё, сям'я, сястра, хворая маці, праца, дом і крэдыты. Яго інтарэсы ў судзе паводле даверанасці прафзвязу РЭП прадстаўляў прававы інспектар, праваабаронца Леанід Судаленка.

На яго думку, як супрацоўніца мясцовай міліцыі, так і раённая суддзя падчас судовых разглядаў у поўнай меры праявілі прававы нігілізм у пытаннях правоў чалавека.

«Супрацоўніца міліцыі, напрыклад, дапусціла ў судзе пытанне, чаму грамадзянін Расеі не прымае беларускае грамадзянства. Толькі пасля маёй заявы аб праве кожнага ў выбары, як рэлігіі, так і грамадзянства, суддзя зняла гэтае пытанне. У законе аб прававым становішчы замежнікаў прама ўказана, што калі міжнароднай дамовай прадугледжаны іншыя правілы, чым у нацыянальным законе, павінны прымяняцца міжнародныя нормы. Суддзя не змагла абгрунтаваць сваю пастанову празмерным і непрапарцыйным умяшаннем як у асабістае жыццё грамадзяніна Расеі, так і ў асабістае жыццё яго сям'і і непаўналетняга дзіцяці. Ёй хапіла толькі таго факту, што парадак высылкі паводле справы міліцыяй парушаны не быў», - пракаментаваў судовую пастанову Л. Судаленка.

Выступаючы ў спрэчках, праваабаронца адзначыў, што 24 чэрвеня ў Радзе ААН правоў чалавека Спецдакладчык ААН аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн прадаставіць Даклад, у якім у якасці станоўчага моманту спынення дыскрымінацыйных практык у дачыненні да іншаземцаў у Беларусі адлюстраваны і папярэдні Буда-Кашалёўскі кейс, калі абласны суд у Гомелі скасаваў рашэнне мясцовага суда аб высылцы грамадзяніна Украіны Сяргея Працэнкі.

«Прапаную захаваць гэты заўважаны на высокім міжнародным узроўні добры пачатак руху ў бок захавання правоў чалавека ў нашай з вамі краіне», - прапанаваў суду праваабаронца.

Жанчына ў мантыі суддзі ў гэты момант мабыць падумала, - дзе я і дзе гэтая высокая трыбуна ААН!

Мужчына, якога высылаюць, грамадзянін Расеі, але ўжо 26 гадоў жыве ў Беларусі, у вёсцы Губічы Буда-Кашалёўскага раёна. Траўтар жанаты, мае непаўналетняга сына, пастаянную працу, вялікую хатнюю гаспадарку.

Аддзяленне грамадзянства і міграцыі Буда-Кашалёўскага РАУС прыняло пастанову аб яго высылцы праз учыненне ім адміністрацыйнага правапарушэння. У лютым 2019 года Траўтар трапіўся супрацоўнікам ДАІ за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. Яшчэ адно правапарушэнне, якое яму ставілася ў віну, - размова праз мабільны тэлефон падчас руху.

За яго ўступілі кіраўніцтва КСУП «Губічы», дзе Траўтар працуе жывёлаводам. Хадайніцтва аб тым, каб расейца пакінулі ў Беларусі, падпісалі 67 жыхароў вёскі Губічы. У суд падтрымаць Траўтара прыйшлі яго сваякі, аднавяскоўцы, калегі і сябры.

Прававы інспектар Судаленка таксама дадаў, што ўсе апытаныя ў судзе сведкі з боку мужчыны характарызавалі яго як «прыстойнага чалавека», «добрага сына, брата, мужа і бацьку», як «выканаўчага працаўніка». - «Давайце дамо яму шанец на выпраўленне», - прапанаваў суду калгасны брыгадзір, непасрэдны начальнік працы.

Раённая суддзя такога шанцу грамадзяніну Расеі не дала. Прадстаўнік Траўтара заявіў, што вынесенае рашэнне будзе абскарджана ў апеляцыйным парадку ў Гомельскім абласным судзе на працягу 15 дзён.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках