19 красавiка 2024, Пятніца, 7:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэмакратыя ў Турцыі яшчэ жывая, або Аплявуха Эрдагану

2
Дэмакратыя ў Турцыі яшчэ жывая, або Аплявуха Эрдагану
ЭКРЭМ ІМАМАГЛУ ВЫСТУПАЕ ПЕРАД ПРЫХІЛЬНІКАМІ ПАСЛЯ ПЕРАМОГІ НА ВЫБАРАХ МЭРА СТАМБУЛА

Упэўненая перамога апазіцыі на выбарах мэра Стамбула стала важнай падзеяй для турэцкай дэмакратыі.

Кандыдат ад апазіцыйнай Народна-рэспубліканскай партыі (НРП) Экрэм Імамаглу на паўторных выбарах мэра Стамбула зноў атрымаў перамогу. На гэты раз не толькі да 9 адсоткавых пунктаў павялічыўся адрыў Імамаглу ад спаборніка – прадстаўніка кіроўчай Партыі справядлівасці і развіцця (ПСР) і былога прэм'ер-міністра Турцыі Біналі Ілдырыма, але і вырасла яўка выбарнікаў. 23 чэрвеня 2019 года, несумненна, увойдзе ў гісторыю Турцыі, піша "Нямецкая хваля".

Аплявуха Эрдагану

У 19:15 паводле мясцовага часу шэраг тэлеканалаў паведаміў на той момант яшчэ не пацверджаныя звесткі пра перамогу апазіцыйнага кандыдата. Калі на першых выбарах, якія прайшлі 31 сакавіка, Імамаглу апярэдзіў Ілдырыма на 13 тысячаў галасоў выбарнікаў, то на гэты раз перавага на карысць апазіцыйнага кандыдата склала блізу 800 тысячаў галасоў. Для многіх людзей гэта стала важным сігналам таго, што дэмакратыя ў Турцыі ўсё яшчэ жывая.

Адной з прыкметаў жыцця дэмакратыі з'яўляецца таксама той факт, што многія палітычныя праціўнікі Імамаглу абсыпалі яго перад выбарамі абразамі і спрабавалі дыскрэдытаваць усімі спосабамі, цяпер жа разгублена віншуюць яго з перамогай.

У тым ліку і прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган. Для яго перамога Імамаглу стала сапраўднай аплявухай, бо ён усімі сіламі спрабаваў забяспечыць перамогу свайму кандыдату, у тым ліку рабіў ціск на Найвышэйшую выбарчую камісію. І ў выніку атрымаў адказ выбарнікаў.

"Нам патрэбная справядлівасць"

На гэты раз кіроўчая ПСР спрабавала дамагчыся прыхільнасці да сябе курдскага насельніцтва так актыўна, як яна не рабіла гэтага ніколі раней. Аднак пракурдская Партыя дэмакратыі народаў (ПДН) заклікала сваіх прыхільнікаў галасаваць за Імамаглу.

Акрамя таго, напэўна ўпершыню ў Турцыі людзі так актыўна дэманстравалі сваё імкненне да дэмакратыі. Неўзабаве пасля таго, як Найвышэйшая выбарчая камісія прызначыла паўторныя выбары на 23 чэрвеня, многія курортныя гарады заклікалі жыхароў Стамбула перапыніць адпачынкі, каб паўдзельнічаць у галасаванні. Былі арганізаваныя чартарныя авіярэйсы, арандаваныя аўтобусы, многія людзі выкарыстоўвалі райдшэрынг.

У выніку некалькі сотняў тысячаў выбарнікаў – паводле некаторых звестак, да паўтара мільёна – на адзін дзень вярнуліся ў Стамбул, каб паўдзельнічаць у галасаванні. Маладыя па дарозе ў ЗАГС заязджалі на выбарчыя ўчасткі. Адзін стамбульскі таксіст сказаў мне: "Я заўсёды галасаваў за ПСР (партыю Эрдагана. – рэд.). Гэтым разам не буду. Нам патрэбная справядлівасць. Мы – вернікі, а не крывадушнікі".

Што значыць для Эрдагана параза ПСР у Стамбуле?

Прэзідэнт Турцыі Эрдаган апынуўся ў цяжкім становішчы. Ён не можа прадаўжаць ранейшы жорсткі курс, абмяжоўваючы свабоду прэсы і робячы палітычны ціск на апазіцыю. Цяпер да вонкавапалітычнага балансавання, якім Эрдаган займаецца ўжо не першы год, дадасца ўнутрыпалітычны фронт супраць яго.

Страта 15-мільённага Стамбула пасля 25-гадовага кіравання ў ім ПСР не пройдзе для прэзідэнта бясследна. З'яўляецца ўсё больш прыкметаў таго, што ранейшыя паплечнікі чакалі такой гістарычнай паразы Эрдагана. Чуткі мінулых месяцаў, што палітыкі, якія ўдзельнічалі ў стварэнні ПСР, маюць намер заснаваць новую партыю, атрымалі пасля выбараў у Стамбуле новае пацвярджэнне.

Ці азначае гэта канец эры Эрдагана? Хутчэй за ўсё, не. Ён не здасца. Аднак параза ў Стамбуле стане паваротным пунктам у палітыцы прэзідэнта. У яго ёсць дзве магчымасці: прадоўжыць закручваць гайкі або прадпрымаць усё магчымае, каб захаваць уладу. Ягоная галоўная мэта – заставацца прэзідэнтам краіны як мінімум да 2023, калі будзе адзначацца 100-годдзе заснавання Турэцкай рэспублікі. Аднак у будучыні прэзідэнту Эрдагану давядзецца ісці на палітычныя кампрамісы, можа быць, упершыню ў ягонай палітычнай кар'еры.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках